Политика
Анастасія Зелянкова

Пачаліся зачысткі напярэдадні “Чарнобыльскага шляху”.

Суд Фрунзенскага раёна Мінска перанёс разгляд справы моладзевага актывіста Андруся Ігнатовіча ў сувязі з яго хадайніцтвам аб удзеле адваката. Новае судовае паседжанне адбудзецца ў сераду, 25 красавіка.

Сябру “Моладзі БНФ” Андруся Ігнатовіча затрымалі сёння ў Мінску.

-- Да мяне ў кватэру прыйшлі два чалавекі ў цывільным і прапанавалі прайсці з імі на размову ў РУУС, -- расказаў “Салідарнасці” Андрусь Ігнатовіч. – Я натуральна адмовіўся. Ніякіх павестак мне не прысылалі. Аднак візіцёры катэарычна адмовіліся пакідаць кватэру. Неўзабаве да іх далучыліся яшчэ некалькі чалавек. Ушасцёх яны раптоўна схапілі мяне за рукі, гвалтам паклалі на зямлю і апранулі кайданкі. Прымянілі сілу нават да маёй маці.

З кватэры актывіста міліцыянты забралі ўлёткі з заклікам удзельнічаць у “Чарнобыльскім шляху”. На Ігнатовіча быў складзены пратакол за расклейку налепак “в неположенном месте”. Яму інкрымінуецца парушэнне закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.

-- За расклейку ўлётак мяне затрымлівалі яшчэ 15 красавіка, -- распавёў актывіст. – Аднак тады з мяне ўзялі толькі тлумачэнне. Сёння ж склалі пратакол па мінулых падзеях.

Паколькі Ігнатовіча заявіў у судзе хадайніцтва аб удзеле адваката, паседжанне перанеслі, аднак з актывіста ўзялі распіску, што справа можа быць разгледжана нават у выпадку яго адсутнасці.

-- На апраўдальны прыгавор спадзявацца не прыходзіцца, -- адзначае Ігнатовіч. – Гэта зачыстка напярэдадні чарговай акцыі. Упэўнены: маё затрыманне – не апошняе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)