«Олечка» і «Ламбада». На якіх аўто ездзіў Васіль Быкаў

100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.

Першым аўтамабілем Васіля Быкава быў ВАЗ-2103. Захавалася фота шчаслівага пісьменніка за стырном «тройкі» на фоне гродзенскай новабудоўлі.

Шчаслівую ўсмешку кіроўцы тлумачыць гэты радок ягоных успамінаў:

— Каб набыць першую (папулярныя на той час «жыгулі»), давялося хадайнічаць перад аблвыканкамам, доўга чакаць ды і купіць амаль са скандалам: машына была разьмеркавана ў іншы раён — для перадавікоў вытворчасьці.

Пазней у Быкава з’явіўся легкавік ГАЗ-24 «Волга» — мара многіх савецкіх аўтааматараў. Ён змог яе набыць на прэмію, атрыманую за аповесці «Абеліск» і «Дажыць да світання». А потым была яшчэ адна «Волга».

Васіль Быкаў прысвячаў сваім аўто малюнкі

Сваім легкавікам Быкаў даваў імёны. Вядома, прынамсі, што першую «Волгу» ён называў Олечкай, другую спярша назваў Ламбадай, але потым перадумаў і даў ёй мужчынскае імя — Олек.

На малюнку, што сярод іншых захоўваецца ў музеі-лецішчы пісьменніка ў Ждановічах, побач з выявай легкавіка месціцца тлумачэнне: «Олек. Брацік Олечкі».

У тым самым музеі захоўваецца грунтоўны збор літаратуры для аўтааматараў — ад часопісаў «За рулём» да прафесійных даведнікаў.

Быкаў любіў тэхніку, рамантаваў і даглядаў свае легкавікі самастойна. Ён не давяраў савецкім станцыям аўтасервісу, таму вымушаны быў вывучаць пытанні рамонту і абслугоўвання самастойна. Пра што пазней пісаў у мемуарах:

— Позна ўзяўся за руль, затое вучыў машыну, як ніхто з тых, што іх мелі зь дзяцінства. (…) З уласнага вопыту засвоіў простую ісьціну: калі ты сам сабе не паможаш, дык не паможа ніхто. Так ужо быў заснаваны і функцыянаваў наш славуты савецкі аўтасэрвіс, зь якім я, як і шмат якія «аўтааматары», паймеў нямала адносінаў. Тыя адносіны не прыносілі нічога, апроч расчараваньня і прыкрасьці.

Як прыгадвалі пазней ягоныя родныя, пісьменнік самастойна зрабіў супрацьугоннае прыстасаванне на адну з «Волгаў», а ў гаражы прыдумаў адмысловы замок падвышанай складанасці.

Пісьменнік шмат падарожнічаў. На сваёй «Волзе» ён адведваў сыноў у Гродна, ездзіў у Бычкі. А таксама вазіў сяброў-літаратараў на мора.

У часе адной з такіх вандровак Быкаў ледзь не трапіў у аўтакатастрофу: па дарозе да літоўскай Ніды ў тумане ён ледзь размінуўся з іншым аўто, калі выязджаў на магістраль.

У салоне была жонка Ірына і паэт Рыгор Барадулін.

А праз які час Быкаў ізноў не прапусціў іншага кіроўцу. Гэтым разам быў самазвал, які добра пагамтаў бок ягонай «Волгі» на адной з вуліц Мінска. Здарылася гэта 13 кастрычніка 1987-га, мяркуючы па яшчэ адной аўтамабільнай замалёўцы. Пісьменнік намаляваў саму аварыю, а малюнак не без самаіроніі падпісаў: «Момент позора».

читайте также

Да сябе, як да кіроўцы, Быкаў быў самакрытычны:

— Каб пазьбегнуць аварыі (па ўласнай віне), патрэбна ня толькі выконваць правілы руху, мець спраўную тэхніку і быць цьвярозым. Але яшчэ і мець вераўчаныя нэрвы, заўжды пачувацца спакойным. Нават калі ў цябе ўрэжа самазвал, не губляць раўнавагі. Я так ня ўмею і таму не лічу сябе добрым шафёрам, хоць паезьдзіў за рулём нямала гадоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)