«Няма таго, што раньш было. Віно ўжо не такое папулярнае ў Францыі як калісьці»
Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч — пра значнае скарачэнне спажывання віна ў Францыі.
– Адно з калядных застолляў я правёў у кампаніі француза, – піша Гурневіч – Пасля яго наракання, што Еўропа знаходзіцца пад амерыканскай акупацыяй, мы перайшлі да больш цікавай тэмы – віно. Я атрымаў карысны лайф-хак.
Са словаў суразмоўцы, самы прыгожы спосаб для француза ап’янець – ад Шампанскага. А добрае Шампанскае можна распазнаць па узроўні сухасці горла пасля глытка. Калі сушыць, што будзь здароў, то ты п’еш напой Багоў.
Але пры гэтым мяне здзівіла, чаму сам ён замест віна піў піва (Żywiec), калі на стале поўна віна. Я пачаў яго сараміць у надзеі націснуць на нацыянальныя пачуцці. Няма таго, што раньш было, кажа француз. Віно ўжо не такое папулярнае ў Францыі як калісьці.
Калі бацькі майго суразмоўцы ўсё яшчэ выпіваюць па некалькі бутэлек віна ў дзень (пачынаючы ад сняданку), то маладыя добра што на выходныя адну. Спачатку я падумаў, калі чалавек сур’ёзна кажа пра амерыканскую акупацыю Еўропы, то пэўна і пра віно перабольшвае. Але пачытаў прэсу і ахвігеў.
Financial Times піша, што з 1970-х гадоў спажыванне чырвонага віна ў Францыі знізілася на 90%. Калі ж браць і белае, і чырвонае, і ружовае разам, то пасля 1945 года іх спажыванне зменшылася на 80%. Вытворцы кажуць, што праблема чырвонага віна становіцца экзістэнцыяльнай.
Інакш кажучы, калі дзед-француз выпіваў 300 літраў чырвонага віна ў год, то ягоны сын – 180, а ўнук – 30 літраў.
Усё праз тое, што маладыя французы больш не адчуваюць такой сувязі з культурай віна як ранейшыя пакаленні. Моладзь стала піць менш у прынцыпе, або мяняе густы. Чырвоныя віны выходзяць з моды, замест іх французы пераходзяць на ружовае, піва або моцныя напоі, ці … цалкам безалкагольныя. І вытворцы вінаў пачынаюць вырабляць слабаалкагольныя напоі. Але бывае і больш радыкальна.
У рэгіёне Бардо пачалі выкарчоўваць 9500 гектараў вінаградніку, каб зменшыць перавытворчасць. Вытворцам плоцяць па 6 тысяч еўра за кожны знішчаны гектар. Ажно захацелася выпіць Шампанскага, каб ажно горла драла. Але ад суму.
Читайте еще
Избранное