Общество

«Ня трэба ўсіх люстраваць». Адказная за рэформу МУС тлумачыць, калі міліцыя будзе з народам

Былая сьледчая Сьвятлана Хілько, якая ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве адказвае за ўзаемадзеяньне з сыстэмай МУС і рэформу органаў унутраных справаў, расказала Радыё Свабода пра настроі супрацоўнікаў унутраных справаў.

Сьвятлана Хілько скончыла Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў і 10 гадоў працавала ў праваахоўных органах Беларусі. У 2012 годзе яна звольнілася са Сьледчага камітэту ў званьні капітана. Апошнія гады Сьвятлана жыве ў Каліфорніі, працуе ў IT-кампаніі, займаецца тэставаньнем праграмнага забесьпячэньня бесьпілётных аўтамабіляў. Да гэтага працавала ў кампаніях Groupon і Microsoft.

Пра ўзаемадзеяньне з супрацоўнікамі ўнутраных справаў

— Кантакты дастаткова шырокія, і яны толькі пашыраюцца з таго моманту, як мы пачалі працаваць над рэформай МУС. На сёньня ў камандзе, якая працуе над рэформай, ёсьць прадстаўнікі практычна ўсіх падразьдзяленьняў МУС. З АМАПу з намі ўзаемадзейнічаюць былыя супрацоўнікі. Выходзяць на сувязь ня толькі прадстаўнікі МУС, але супрацоўнікі Сьледчага камітэту і іншых органаў. Усе яны разумеюць, што рэформа насьпела даўно, і хочуць паўдзельнічаць, каб новая сыстэма, якую мы хочам пабудаваць, служыла людзям і была добрай і для саміх супрацоўнікаў.

Што самае галоўнае ў рэформе

— Мы хочам прапанаваць праект рэформы, якая ёсьць у групы рэфарматараў і ў НАК, але мы ня хочам навязваць гэтыя ідэі. У нас ёсьць прапановы, якія мы абгрунтоўваем, а далей хочам атрымаць зваротную сувязь. І гэта зьяўляцца адным з ключавых момантаў рэформы — пабудова дэмакратычнага дыялёгу і рэалізацыя рэформы зьнізу ўверх. Усе рэформы, якія вэртыкальна спускаюцца зьверху ўніз нейкімі экспэртамі, не прыводзяць да дэмакратызацыі краіны. На жаль, гэта пабудова той жа самай вэртыкалі, якія б не былі добрыя намеры.

Што б сказала дзейным супрацоўнікам МУС

— Трэба пачынаць наладжваць дыялёг зь людзьмі. Нам усім трэба перастаць верыць прапагандзе, якая льецца з усіх бакоў, у тым ліку і ўнутры сыстэмы. Выйсьці самім на дыялёг і пачуць, чаго ж хочуць людзі, а ня верыць палітынфармацыям — таму, што даводзіць начальства, запалохваючы супрацоўнікаў: што прыйдуць нейкі змагары, усіх звольняць, будуць масавыя люстрацыі і гэтак далей. Каб праверыць, ці гэта сапраўды так, я б прапанавала супрацоўнікам самім арганізаваць сустрэчу з грамадзянамі на іх участку, у іхным раёне і даведацца, чаго сапраўды хочуць людзі.

Сьвятлана Хілько

Працуючы на рэформай МУС, я таксама арганізоўвала такія сустрэчы зь людзьмі. У мяне была асьцярога, што людзі будуць прасіць масавай люстрацыі, каб усіх звольніць. Але гэта ня так. Людзі прыходзяць зусім зь іншымі запытамі — як нам далей будаваць сыстэму, як не дапусьціць таго, што адбылося. І няма гэтых страхаў і асьцярог, якія даводзіць супрацоўнікам кіраўніцтва МУС. Важна гаварыць зь людзьмі, бо менавіта ад іх будзе залежаць доля супрацоўнікаў, ад таго, наколькі яны змогуць наладзіць дыялёг.

Якія дылемы стаяць цяпер перад супрацоўнікамі МУС

— Ім вельмі цяжка прымаць рашэньні, якія ідуць насуперак сумленьню. Гэта нават не рашэньні, а выкананьне волі кагосьці. Я ня буду займацца папулізмам і гаварыць, што я б на месцы цяперашніх супрацоўнікаў МУС ніколі так не зрабіла б. Гледзячы кадры катаваньняў у жніўні, я не перастаю задавацца пытаньнем, што такое магло б адбыцца ў маім жыцьці, што такое адбылося ў жыцьці тых людзей, жанчын і мужчын, якія ўчыняюць катаваньні. І ці магла я быць на іх месцы, ці магла б рабіць тое, што робяць яны? Мне хацелася б унутры вераць, што не, ніколі я не магла б, але, на жаль, такой гарантыі, трапляючы ў пэўныя ўмовы, людзі даць ня могуць.

Якая рэальная колькасьць сілавікоў у апазыцыі да Лукашэнкі

— У нас у краіне няма сацыялёгіі і гаварыць пра нейкія дакладныя лічбы не прыходзіцца. Мы бяром інфармацыю з даступных нам крыніц. Мы ня можам на сёньня правесьці маштабнае апытаньне супрацоўнікаў, дзяржаўных службоўцаў. Адназначна, ёсьць запатрабаваньне на зьмены, на спыненьне працы «на павадку», калі на кожнага ёсьць артыкул, кожнаму могуць пагражаць і ніхто не адчувае сябе ў бясьпецы, але гаварыць пра канкрэтную лічбу ў працэнтах я б ня стала. Гэта залежыць ад падразьдзяленьня органаў унутраных справаў; у адных гэты працэнт вышэйшы, у другіх ніжэйшы.

Чаму ня варта дэманізаваць усіх людзей у пагонах

— Кожны раз, калі мы абвінавачваем усіх у нейкіх злачынствах, гэта адназначна ня можа быць справядлівым абвінавачаньнем. Абавязкова ў гэтай катэгорыі людзей будуць выключэньні. Уявіце сумленнага супрацоўніка, якому сапраўды цяжка, ён унутры сыстэмы, на яго аказваецца велізарны ціск. Іх звальняюць, за супрацоўнікамі ідзе такое ж палітычнае сачэньне, і ён спрабуе нешта зрабіць дзеля краіны, а ўвесь час чуе, што вы ўсё роўна ўсе дрэнныя. Гэтая пазыцыя выгадная толькі нелегітымнаму прэзыдэнту — падзяліць людзей, пасварыць, выклікаць агрэсію ў грамадзян да супрацоўнікаў і наадварот. А нам трэба шукаць дыялёг.

Якія задача-максымум і задача-мінімум у рамках абвешчанай стратэгіі перамогі

— Як мінімум падрыхтаваць плятформу для будучай рэформы МУС, сабраць як мага болей зваротнай сувязі, зрабіць высновы, чаго хочуць людзі, каб у той момант, калі прыйдзе час рэалізацыі рэформы, мы не апынуліся перад незразумелай сытуацыяй, калі мы ня ведаем, што раіць, а трэба хутка прымаць рашэньні. Падрыхтоўка асноў рэформы вельмі важная, у тым ліку і ІТ-рашэньні, якія дапамогуць нам забясьпечыць збор інфармацыі і зваротную сувязь. Мы лічым неабходным наладзіць дыялёг паміж рэфарматарамі, грамадзянскімі арганізацыямі, праваабарончымі арганізацыямі, індывідуальнымі актывістамі, лідэрамі дваровых ініцыятыў і ўсімі зацікаўленымі ва ўдзеле ў рэформе.

Чаму мы ня бачым звальненьня супрацоўнікаў МУС

— Кругавая парука прысутнічае ў сыстэме; там вельмі шмат элемэнтаў, якія стрымліваюць выхад людзей з сыстэмы. Але гэта адбываецца ня толькі ў МУС, а ва ўсёй краіне, на ўсіх узроўнях. Я ўсё ж бачу, што супрацоўнікаў звальняецца даволі шмат. Мы ня бачым іх выступаў і заяваў у СМІ, але мы бачым лічбы, колькі ГУУС, АМАП, сыстэма МУС страціла людзей і наколькі складана ім набраць людзей. Яны публікуюць вакансіі практычна без патрабаваньняў. Гатовыя набіраць каго заўгодна, у тым ліку і звольненых на кампрамэтуючых падставах. Людзі запалоханыя. Яны выходзяць з сыстэмы, а ім пагражаюць крымінальнай справай, калі ня будуць маўчаць. Даходзіць нават да фізычных пагрозаў ім і сем’ям. Таму гэтага не відаць публічна, але гэтыя працэсы адбываюцца. Многія чакаюць заканчэньня кантракту. І летам з гэтай прычыны мы пабачым масавыя звальненьні.

Ці рэформа прадугледжвае скасаваньне «рабскіх» кантактаў

— Адназначна. Будзе мяняцца сыстэма матывацыі. У міліцыю ці паліцыю павінны ісьці людзі сапраўды матываваныя. У нас ёсьць прапанова. Адказнасьць за адабраных кандыдатаў мусіць ускладацца на тэрытарыяльны орган, які яго выбраў. Напрыклад, начальнік РУУС падбірае чалавека, які будзе вучыцца і потым прыйдзе працаваць да іх. Само РУУС будзе аплачваць вучобу гэтага чалавека. У доўгатэрміновай пэрспэктыве мы б не хацелі, каб гэта было пяць гадоў бесьперапыннага навучаньня. Напрыклад, год правучыўся, прыйшоў на паўгода на практыку і сумяшчаеш практычную працу з падрыхтоўкай і вучобай. Гэта дае магчымасьць і тэрытарыяльнаму органу зразумець, наколькі гэты супрацоўнік ім падыходзіць, наколькі яны гатовыя далей у яго інвэставаць і аплачваць ягонае навучаньне. Такім чынам мы адыдзем ад гэтых кантрактаў. Сумы выплат моцна завышаныя, усё зроблена знарок такім чынам, каб супрацоўнікам як мага цяжэй было выходзіць з сыстэмы. Гэта сапраўды рабская прывязка. І гэтыя «падʼёмныя кантрактныя» існуюць ня толькі ў сыстэме МУС, але і ў іншых дзяржаўных органах таксама.

Пра закон аб папярэджаньні хатняга гвалту

— Закон аб папярэджаньні хатняга гвалту абавязкова мусіць быць у Беларусі. Яго неабходнасьць насьпела на працягу многіх гадоў. Наступствы гвалту, які пачынаецца ў сямʼі, мы бачым у дарослым жыцьці. Калі на раньніх стадыях прадухілім гвалт, нам удасца выгадаваць новае пакаленьне людзей, якія ня будуць разумець гвалтоўных мэтадаў узьдзеяньня на кагосьці. Яны будуць умець весьці дыялёг і ўзаемадзейнічаць зь людзьмі зусім па-іншаму.

Калі міліцыя будзе з народам

— Міліцыя будзе з народам тады, калі з народам будуць усе рабочыя, усе спартоўцы, увесь народ. Міліцыя — такая ж частка грамадзтва. Нам трэба гаварыць адзін з адным і пашыраць кола людзей, якія нас падтрымліваюць. «Ябацькі», міліцыянты — падзел людзей на катэгорыі выгадны толькі чалавеку, які захапіў уладу. Наша задача як грамадзянскай супольнасьці весьці дыялёг і кантактаваць зь людзьмі. І гэта нам давядзецца рабіць у новай Беларусі — садзіцца за стол перамоваў, слухаць супрацьлеглыя погляды, калі мы хочам прыйсьці ў дэмакратыю, а не ў яшчэ адну аналёгію аўтарытарнага рэжыму.

Чаму пайшла працаваць у міліцыю

— Мой тата працаваў у міліцыі ўсё жыцьцё. Калі ў 17 гадоў я ішла ў Акадэмію міліцыі, у мяне не было высокай ідэі, што я іду служыць і абараняць. Гэта была сямейная традыцыя, да таго ж тады я сустракалася з маладым чалавекам, які вучыўся ў Акадэміі міліцыі. Гэта была хутчэй гісторыя каханьня, чым дужа сьвядомы выбар. Я закончыла Акадэмію міліцыі з чырвоным дыплёмам, я вучылася ў магістратуры, хацела працягваць навуковую працу. Я палюбіла сваю працу, мастацтва аналізу юрыдычных дакумэнтаў, мастацтва кантактаў зь людзьмі, мастацтва знайсьці доказы таго, што не відаць на першы погляд. Дзякуй і Акадэміі міліцыі, і маёй першай працы, і маім кіраўнікам, якія дапамаглі мне палюбіць гэтую прафэсію.

Аб працы, якая заслугоўвае быць паважанай

— Майго бацькі ўжо няма. Я ведаю па ягонай працы, па маёй працы, па рабоце калег, што гэта вельмі цяжкая праца, якая заслугоўвае быць паважанай. Людзі працуюць да самой пэнсіі і сыходзяць з праблемамі са здароўем. Пра іх сыстэма не клапоціцца гэтак сама, як і пра іншых грамадзянаў. У іх няма абароны, няма нармальнага мэдычнага абслугоўваньня, хто б што ні казаў пра паліклініку МУС. Яны працуюць на знос, сыстэма іх выкарыстоўвае. У іх няма юрыдычнай абароны, свабоднага прафсаюзу, яны такія ж неабароненыя грамадзяне краіны, як і ўсе астатнія. Што б бацька сказаў пра цяперашні гвалт? Думаю, што ён быў бы моцна зьдзіўлены. У 1990-я гады, калі ён працаваў, такога жаху не было.

Як цяпер міліцыянты ацэньваюць сытуацыю ў краіне

— Цяпер міліцыянты ацэньваюць падзеі, якія адбываюцца са жніўня. Яны разумеюць, што іх таксама падманулі. Ніякіх доказаў «лялькаводаў», падрыхтоўкі баевікоў у лягерах. Калі б гэты быў падрыхтаваны пратэст, ён бы зусім інакш адбываўся. Гэта была спантанная рэакцыя людзей на несправядлівасьць, і ў супрацоўнікаў адкрываюцца на гэта вочы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(20)