Общество
Анастасія Зелянкова

Непатрэбнае “Роднае слова”

Міхась Шавыркін больш не ўзначальвае часопіс “Роднае слова”. Аб гэтым калектыў рэдакцыі даведаўся ад дарадцы міністра адукацыі па сувязях са СМІ Віктара Іўчанкава. Звальненне Міхася Шавыркіна з пасады рэдактара ў Міністэрстве адукацыі патлумачылі няздольнасцю часопіса вытрымліваць канкурэнцыю. “Салідарнасць” выясвятліла, што за афіцыйнай фармулёўкай звальнення “па згодзе бакоў” крыюцца і іншыя матывы.

— Рэдактар сам напісаў заяву, — адзначыў Віктар Іўчанкаў. — На працягу апошніх двух гадоў наклад “Роднага слова” падаў. Думаю, гэта звязана са зместавым напаўненнем часопіса. Да прыкладу, часопіс “Беларуская мова і літаратура” друкуе тое, што патрэбна настаўнікам: навуковыя распрацоўкі ўрокаў, метадычныя парады. Вось настаўнікі і аддаюць перавагу яму, а “Роднае слова” стала непатрэбным. Думаю, што хутка гэтыя два часопісы будуць аб’яднаны ў адзін.

Сам Міхась Шавыркін таксама лічыць, што прапанова пакінуць пасаду рэдактара звязана са “зместавым напаўненнем часопіса” — тут друкуюцца аўтары, якія апошнім часам не ў пашане ў беларускіх уладаў.

— Мы друкуем матэрыялы па тых пісьменіках, якія ёсць у школьных праграмах, — сцвярджае Міхась Шавыркін. — Гэта выдатныя майстры беларускай літаратуры. Мы ў палітыку не лезлі. Для нас галоўнае, каб аўтар быў сапраўдным пісьменнікам, паэтам, каб ягоныя творы ўяўлялі ўзор сапраўднага майстэрства.

На думку Міхася Шавыркіна, “Беларуская мова і літаратура” і “Роднае слова” — два зусім розных часопіса.

— Мы не канкурэнты, — упэўнены былы рэдактар. — Наш часопіс працуе на асобу настаўніка і вучня, на выхаванне патрыётаў, працаўнікоў, на захаванне сямейных каштоўнасцяў. Часопіс “Беларуская мова і літаратура” скіраваны выключна на тое, як арганізаваць заняткі па беларускай мове і літаратуры, там друкуюцца навукова-метадычныя распрацоўкі. Тое, што наклад “Роднага слова” падае не наша віна, а наша бяда. Чаго можна чакаць, калі нават з вуснаў кіраўнікоў мы ніколі не чуем беларускай мовы?

Паэт Генадзь Бураўкін бачыць звальненне Міхася Шавыркіна з пасады рэдактара яшчэ адным крокам у мэтанакіраваным наступе ўладаў на беларускую мову.

— Бясспрэчна, Міхася звольнілі з пасады за тое, што ён вельмі аддана і шчыра вёў беларускую справу. Да таго ж рабіў гэта надзвычай прафесійна, — адзначае Бураўкін. — Міністэрства адукацыі чарговы раз пацвердзіла сваю лінію на звужэнне ўжывання беларускай мовы. Чыноўнікі імкнуцца адправіць ў небыццё выдатных пісьменнікаў, зрабіць выгляд, што іх не існуе.

Міхась Шавыркін, які 19 гадоў быў галоўным рэдактарам часопісу ад самага моманту яго заснавання, застанецца працаваць у рэдакцыі. Цяпер ён ўзначальвае аддзел беларускага мовазнаўства і методыкі выкладання беларускай мовы. Выканаўцай абавязкаў галоўнага рэдактара часопіса прызначана Ларыса Сагановіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)