Але гэтыя людзі нікуды не падзеліся, беларускасьць (упэўнены ў гэтым) у іх сэрцах ня згасла, наадварот, разгараецца яшчэ болей, і яны яшчэ скажуць сваё слова.
Навумчык: «Ёсьць «чорны мільён» ябацек і яшчэ 3-4 мільёны «аможеттакинадо» і «акакаяразницакакойязык»
Публіцыст і былы дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ скліканьня — пра Дзяды і сваё расчараваньне суайчыньнікамі ў выгнаньні.
— Кажуць, што пасьля 2020-га зь Беларусі выехала ня менш за 300 тысяч чалавек, — піша Сяргей Навумчык. — Палічыце, колькі зь іх прыйшлі на Дзяды ў краінах, дзе ўшанаваньне памяці беларусаў, якія аддалі жыцьці за Незалежнасьць, нічым не пагражае.
Разумею, што многія баяцца патрапіць у аб’ектыў фотакамэраў і тым самым істотна ўскладніць жыцьцё сваім родным у Беларусі (сапраўды паважная прычына) — але журналісты, як правіла, не здымаюць людзей на такіх акцыях без іх згоды.
Параўнайце — і тады, магчыма, вам будзе зразумела, чаму я не лічу 2020 год палітычным дафармаваньнем беларускай нацыі ці кардынальным «рыўком» да нацыянальнай сьвядомасьці ў галовах нават праціўнікаў Лукашэнкі.
Так, у жніўні 2020-га пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам выходзіла пад мільён. Але мільён прагаласаваў у 1990-м за кандыдатаў БНФ, у 1994-м — за Пазьняка (называю рэальную лічбу першага тура – а не падкручаную на карысьць Кебіча), мільён галасаваў на нелегітымным рэфэрэндуме 1995-га за Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і Пагоню, а таксама за кандыдатаў БНФ у ВС-13 (многія зь якіх набралі 49,9% і для дэпутацкага мандату ім не хапіла 0,1%, вось жа здарылася такая выпадковасьць).
Мільён выйшаў і ў жніўні 2020-га пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам.
І на гэты «залаты мільён» ёсьць «чорны мільён» агрэсіўных пралукашысцкіх і праімэрскіх, прарасейскіх ябацек, і яшчэ тры-чатыры мільёны «аможеттакинадо» і «акакаяразницакакойязык».
«Чорны мільён» — безнадзейны. Але вось іншыя патэнцыйна здольныя пераасэнсаваць рэчаіснасьць, толькі гэта зойме ня год і ня два — баюся, цяпер яны не разумеюць нават той простай ісьціны, што ім наканаваная роля пастаўшчыкоў «гарматнага мяса» у будучай глабальнай вайне пуцінскай Расеі з Захадам.
І яшчэ адна матэматычная апэрацыя, якая сьведчыць ужо пра аптымістычную акалічнасьць, і вельмі важную. Параўнайце 1 000 000 і 300 000. Толькі адна траціна з гэтага «залатога мільёна» пакінула (была вымушаная пакінуць) Беларусь. Дзьве траціны — засталіся. Цяпер яны пад прыгнётам расейскага рэжыму; давайце ўжо будзем назвываць рэчы сваімі імёнамі: не прарасейскага, а расейскага рэжыму, бо акупацыя Беларусі Масквой дэ-факта адбылася.
Тым больш прыкра, калі мы — тыя, хто не пад прыгнётам, хто ў свабодных краінах — нават у Дзяды не знаходзім ці часу, ці жаданьня прыйсьці да сьвятых месцаў.
Між іншым, у пачатку 90-х дэпутаты БНФ, дамагліся, што Дзяды як дзень ушанаваньня продкаў былі абвешчаныя выходным днём. Удалося пераканаць Вярхоўны Савет. Лукашэнка гэта скасаваў. Перакананы, што ў будучай вольнай Беларусі традыцыя пачатку 90-х мусіць быць адноўленая.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное