Навумчык: «Хутка аятолы ўсім нам даходліва прадэманструюць рэлігійную талерантнасьць, правы ЛГБТ, гендэрную роўнасьць і шматквецьце культураў»
Публіцыст — пра еўрапейскую паліткарэктнасьць.
— Ведаеце, у чым розьніца паміж інтэграцыяй эмігрантаў-мусульманаў у ЗША і ў Эўропе? — піша Сяргей Навумчык. — Выхадзец з Пакістану, трапляючы ў Нью-Ёрк, наймаецца на цяжкую працу, укалвае з 6 раніцы да 20 вечара, каб ягоны сын скончыў унівэрсытэт, а народжаны ўжо ў Квінсе ці Бронксе ўнук стаў — хто ведае, можа, і сэнатарам, а нават і прэзыдэнтам ЗША.
Ну, наконт унука-прэзыдэнта — можа, і мара, а вось бачыць ужо сына інтэграваным у амэрыканскае грамадства — рэальная мэта. І як правіла, яна ажыцьцяўляецца.
Амэрыка — гэта плавільны кацёл, які перамешвае нацыі і, ў выніку інтэгруе іх у грамадзтва. І пры гэтым падтрымліваюцца нацыянальныя традыцыі (у чым можна пераканацца штогод на фэстывалях ля беларускай царквы на Атлянтык-авэню ў тым жа Нью-Ёрку).
Іншая справа — да прыкладу, у Нямечыне. Тут чалавек сядзе на «сацыял», праўдамі-няпраўдамі перавязе мала што бацьку-маці, але і братоў-сёстраў, і дваюродных братоў-сёстраў, і траюродных братоў-сёстраў. І яны таксама сядуць на «сацыял». Без усялякага жаданьня бачыць свайго сына высокакваліфікаваным хірургам, а ўнука — дэпутатам Бундэстагу ці фэдэральным канцлерам.
Увогуле без імкненьня інтэгравацца ў нямецкае грамадзтва інакш, чым у якасьці атрымальніка фінансавай дапамогі. Але зь вялікай прагай ператварыць тэрыторыю вакол сябе ў гермэтычную супольнасьць, якая, у ідэале, будзе жыць па законах шарыяту.
Я, вядома, утрырую і надзвычай згушчаю фарбы — выхадзец з Емену ў Мюнхене можа імкнуцца інтэгравацца ў нямецкае грамадзтва ўжо ў першым пакаленьні, а пакінстанец з Бостану ў трэцім пакаленьні — рыхтавацца пакараць «няверных» піратэхнічным спосабам. Але тэндэнцыі менавіта такія.
Адрозна ад ЗША, Заходняя Эўропа так і ня здолела вырашыць праблему эмігацыі з мусульманскіх краінаў. Нават наблізіцца да яе вырашэньня. Затое дзесяцігодзьдзямі тых, хто заклікаў да ўзважанай эміграцыйнай палітыкі, хто папярэджваў пра тое, што ідэя мультыкультурызму хаця і прыгожая, але ў выпадку свайго правалу небясьпечная (ці мала было ў гісторыі прыгожых ідэй, якія ў выніку праводзілі да катастрофаў!), — гэтых людзей абвінавачвалі ў лепшым выпадку — у непаліткарэктнасьці, у горшым — у празізме.
Ды іх левакі па-просту цкавалі. Палітыку ўсумніцца публічна ў слушнасьці эміграцыйнай палітыкі Мэркель у якім-небудзь 2015 годзе — было ўсё роўна, што прабачце, на дыпляматычным прыёме памачыцца на сьценку.
Я ня быў прыхільнікам колішняга прэзыдэнта Чэхіі сацыяліста Мілаша Зэмана. Але мне імпануе ягоная пазцыя, выказаная колькі год таму, калі Брусэль настойваў, каб Чэхія прыняла колькі там дзясяткаў тысяч эмігрантаў-мусульманаў.
Зэман адказаў прыблізна гэтак: «У Чэхіі няма мячэцяў і няма сродкаў, каб будаваць мячэці, таму вернікі-мусульмане будуць пакутваць, а нашыя сэрцы з-за гэтага — разрывацца. Але мы гатовы прыняць удвая болей уцекачоў з хрысьціянскіх краінаў».
Слова сваё Зэман стрымаў: Чэхія прытуліла шмат беларусаў пасьля 2020-га і пасьля 2022-га рэкордную сярод эўрапейскіх краінаў колькасьць украінцаў (у прапорцыях да колькасьці насельніцтва) (больш за 3000 тысяч).
Тое, што «мульці-кульці» у Эўропе пацярпеў татальны крах, прызнаюць, здаецца, усе (за выключэньнем зусім ужо зацятых левакоў). Але ці зьмянілася хоць што-небудзь?
Сёньня многія, камэнтуючы яўрэйскія пагромы ў Амстэрдаме, па-ранейшаму баяцца адкрыта сказаць пра паходжаньне і пра веравызнаньне тых, хто гэтыя пагромы ўчыняў. Бо — абвінавацяць у расізме.
Пагромы ў Амстэрдаме могуць быць толькі пачаткам катастрофы. Калі Эўропа заканадаўча не замацуе іудэйска-хрысьціянскія каштоўнасьці як адзін з дзяржаваўтворных базісаў (левакі дамагліся, што яны былі выключаныя з канстытуцыяў некаторых краінаў), — праз 20-30 гадоў у ёй запануюць аятолы.
Яны ўсім нам даходліва прадэманструюць рэлігійную талерантнасьць, правы ЛГБТ, гендэрную роўнасьць і шматквецьце культураў.
Читайте еще
Избранное