Политика

Навумчык пра тое, ці сустрэнецца Байдэн з Ціханоўскай

Палітык падзяліўся досведам пра сустрэчы на высокім узроўні.

— Наконт магчымасьці сустрэчы Ціханоўскай з Байдэнам. Думаю, афіцыйнай, так званай «рабочай» сустрэчы ня будзе — гэта азначала б прызнаньне Вашынгтонам Ціханоўскай абраным прэзыдэнтам (чаго не зрабіў Эўразьвяз), — піша Сяргей Навумчык. — Хаця Байдэн  мог бы прыняць Ціханоўскую як апазыцыйную дзяячку (як у свой час Буш-малодшы прымаў Севярынца,  Калякіна, цэлую групу беларускіх палітыкаў).

Але ёсьць і такі фармат, як неафіцыйнае спатканьне. Скажам, у 1989-м, калі апальны Ельцын быў у Белым доме і сустракаўся з памочнікам прэзыдэнта, да памочніка «выпадкова» на 15 хвілін завітаў прэзыдэнт Буш.

Будзе залежыць, у якім канкрэтна «Белым доме» Ціханоўскую прымуць — ці ў самой рэзыдэнцыі прэзыдэнта, дзе месьцяцца Авальны кабінет і кабінеты бліжэйшых дарадцаў — ці ў будынку апарату прэзыдэнта, які таксама маюць на ўвазе, калі кажуць «Белы дом», ён метрах у 200-300 ад рэзыдэнцыі. У другім варыянце «выпадковай» сустрэчы ня будзе.

Але трэба мець на ўвазе, што прэзыдэнт ЗША штодня ўздзельнічае ў розных мерапрыемствах, і вось там такая «выпадковая» сустрэча можа адбыцца.

Аднак варта разумець, што хаця ключавы рашэньні і прымае прэзыдэнт, але рыхтуюць іх нават не дарадцы, а супрацоўнікі апарату. Зь імі ў Ціханоўскай сустрэчы будуць. Ня кажучы пра анансаваныя гутаркі з кангрэсмэнамі ад абодвух партый. А Кангрэс у ЗША адыгрывае непараўнальна больш важную ролю, чым бутафорская лукашэнкаўская «палатка» і такі ж дэкаратыўны «сэнат».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(60)