Навумчык: «Лукашэнка можа з гонарам сказаць, што як мінімум па адной пазыцыі ён Сталіна абышоў»

Іосіф Вісарыёнавіч апладзіруе Аляксандру Рыгоравічу з-пад крамлёўскай сьцяны.

«Накалькі гадоў таму Лукашэнка заявіў, што яму яшчэ далёка да Сталіна. У тым сэнсе — што ён яшчэ не дасягнуў усяго, што ўдалося найлепшаму сябру савецкіх фізкультурнікаў і дырэктараў саўгасаў, — піша Сяргей Навумчык.

Сёньня Лукашэнка можа з гонарам сказаць, што як мінімум па адной пазыцыі ён Сталіна абышоў.

Я маю на ўвазе ступень беззаконьня.

Удакладню: не маштаб рэпрэсій (хаця і тут няшмат засталося да куміра), а цынізм, зь якім ігнаруюцца законы і Канстытуцыя.

Прачытаўшы дзясяткі, калі ня сотні ўспамінаў ахвяраў рэпрэсій 30-х гадоў, ведаю некалькі выпадкаў, калі НКВДзісты, прыйшоўшы забіраць чалавека, забывалі ордэр на вобшук і арышт, і стаялі на лесьвічнай пляцоўцы, пакуль нехта ордэр не прывозіў. Канешне, клапаціла іх не выкананьне закону, а боязь, што хтосьці са «сваіх» не дакладзе вышэйшаму начальству, а той банальную няпамятлівасьць расцэніць як «дывэрсію супраць доблесных ворганаў» з усімі наступствамі.

Тым ня менш, бяз ордэра ў кватэру не заходзілі, ператрус не праводзілі і чалавека не забіралі.

У сучаснай Беларусі наадварот: ёсьць выпадкі, калі міліцыя прад’яўляе ордэр, але звычайна ўрываюцца ў кватэру без усялякіх хаця б фармальных рудымэнтаў законнасьці («Часам не да законаў» — Лукашэнка).

Але самае вялікае дасягненьне на ніве зьнішчэньня законнасьці ня гэта.

Днямі ў рэпартажах пра затрыманьне за бел-чырвона-белыя сьцягі на вуліцы ці на бальконе ўласнай кватэры прачытаў радкі з пратаколаў: «... тым самым выяўляў свае палітычныя погляды» (варыянт — «выяўляў свае адносіны да ўлады»).

Ня будзем цяпер закранаць тое, што легітымнасьць рэфэрэндуму 1995 году, калі была зьмененая дзяржаўныя сымболіка, адным фактам зьбіцьця дэпутатаў парлямэнта ў часе яго прызначэньня можа быць пастаўленая (і ставіцца) пад сумнеў.

Пакінем у баку і тое, што Канстытуцыя гарантуе грамадзянам свабоду сходаў, мітынгаў і шэсьцяў (ключавое слова — гарантуе), а норма Канстытуцыі вышэйшая за нормы закона.

Зьвернем увагу вось на што: цяпер для таго, каб затрымаць чалавека, міліцыі дастаткова, каб у яго былі палітычныя погляды.

Ці рэпрэсавалі пры Сталіне за погляды? Безумоўна. Але гэта нязьменна афармлялася ці ў «дывэрсійную дзейнасьць», ці ў «шпіёнскую дзейнасьць», ці ў «контррэвалюцыйнае шкодніцтва» — з мэтаю ці то «падрыву сацыялістычнага ладу», ці «умацаваньня пазыцый ворагаў СССР», дыяпазон быў бясконцы. Тое, што Бухарын ці Каменеў мелі адрозныя ад Сталіна палітычныя пазыцыі па шэрагу пытаньняў, ведалі ўсё, яны самі пра гэта заяўлялі на пленумах ЦК. НКВД, аднак, мусіў даказаць, што гэтыя погляды трансфармаваліся ў злачынную дзейнасьць.

Нават сталінскі пракурор Вышынскі не абгрунтоўваў патрабаньне сьмяротнага пакараньня толькі «палітычнымі поглядамі» — даводзілася спасылацца на, да прыкладу, «шпіянаж на карысьці Польшчы» і «падрыхтоўку тэрарыстычнага акту супраць таварыша Варашылава» (як гэта было з 1-м сакратаром ЦК кампартыі Беларусі Шаранговічам).

Лукашэнка значна спрасьціў працу рэпрэсіўнай машыны, пазбавіўшы яе неабходнасьці выбіваць факты ці хаця б намеры: чалавеку дастаткова мець погляды, і вось яго ўжо забіраюць у аўтазак. І, натуральна, выносяць прысуд.

Іосіф Вісарыёнавіч апладзіруе Аляксандру Рыгоравічу з-пад крамлёўскай сьцяны».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(122)