Навумчык: «Лукашэнка цалкам падкантрольны Маскве, і адзіная сфэра, дзе яму пакінутая свабода дзеяньняў, — гэта рэпрэсіі»

Публіцыст — пра тое, чаму не варта верыць у словы правіцеля пра абарону нацыі.

— Лукашэнка ізноў апранае дасьпехі «абаронцы нацыі» і нават пагражае, у выпадку анэксыі Беларусі Расеяй, «вайной». Адначасна ён кажа, што «Беларусь не жадала незалежнасьці», чарговы раз дэманструючы шызафрэнічнасьць сваёй хворай сьвядомасьці, — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Электарат, які ў 1994-м сваім галасаваньнем за Лукашэнку прадаў свабоду і Беларусь (а таксама будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў) за «чарку і шкварку», безумоўна, не хацеў. Але яны — ня ўся Беларусь.

Бо да тых сотняў тысяч беларускіх патрыётаў, якія ў пачатку 90-х сталі пад Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, варта дадаць і пакаленьні беларусаў, якія за незалежнасьць сваёй зямлі клалі жыцьці цягам стагодзьдзяў. І на шалях Гісторыі яны пераважаюць лукашэнкаўскі электарат.

У 1994 годзе Лукашэнка атрымаў краіну, якая з кожным нават ня годам — месяцам! — была ўсё больш незалежнай ад сталіцы былой савецкай імпэрыі (хаця Масква ад жніўня 1991-га не спыняла паліўны шантаж), стаяла на практычна завершаным падмурку дзяржаўнасьці (хаця за кожны закон у справе ці фармаваньня беларускага войска, ці стварэньня ўласнай фінансавай сыстэмы дэпутатам Апазыцыі БНФ даводзілася змагацца з парлямэнцкай большасьцю).

Нарэшце, у 1994 Беларусь мела аўтарытэт у сьвеце значна большы, чым магла разьлічваць любая іншая дзяржава на трэцім годзе адноўленай незалежнасьці — у тым ліку і з-за дабраахвотнай адмовы ад ядзернай зброі (хаця сёньня тое рашэньне варта прызнаць ня цалкам прадуманым, хоць бы нават з прычыны адсутнасьці патрабаваньня ад Захаду магутнай фінансавай кампэнсацыі — што, дарэчы, магло стварыць эканамічна-сацыяльнае становішча, пры якім у Лубянкі не атрымалася б прасунуць Лукашэнку ва ўладу).

Праз трыццаць гадоў свайго кіраваньня Лукашэнка паставіў Беларусь як дзяржаву на мяжу зьнішчэньня, людзей — на рэжым фізычнага выжываньня, а саму краіну – у пазыцыю міжнароднай парыі.

Здавалася б, нават апошні алкаш ці бомж, калі б пракіраваў краінай тры дзесяцігодзьдзі, не зрабіў бы горай. Але гэта – не бяздарнасьць Лукашэнкі як кіраўніка, гэта – рэалізацыя пляну, распрацаванага для Беларусі Масквой. І гэта нам усім вельмі важна ўсьвядоміць.

Рыхтуючы да другога выданьня кнігу пра 1994 год, я быў ўражаны, як ідэальна паклаліся ў «маскоўскі пазл» падзеі, якія ў той час здаваліся мне ці проста чыімсьці глупоцьцем,  ці недарэчнасьцю, ці нейкай выпадковасьцю. Не глупоцьце тое было і не выпадковасьць.

Ні палякі, ні чэхі, ні румыны пры знаходжаньні ў «сацыялістычным лягеры» і блізка не перажылі тых рэпрэсіяў і такога ціску, якія больш як трыццаць гадоў церпяць беларусы. І галоўнае, што ў дачыненьні да народаў Усходняй Эўропы Масква ня ставіла мэты, якая ў Крамлі вызначаная для беларусаў: ліквідацыя нацыянальнай ідэнтычнасьці, зьнішчэньне беларусаў як этнасу.

Лукашэнка дарэмна пужае беларускі народ вайной. Выконваючы загад Масквы, ён вядзе вайну з беларускай нацыяй ужо тры дзесяцігодзьдзі, ужываючы звыклы арсэнал дыктатараў: палітычныя забойствы, гіганцкія турэмныя тэрміны і нялюдзкія катаваньні для апанэнтаў, брутальныя разгоны масавых акцый, зьнішчэньне ўсіх грамадзянскіх свабодаў уключна са свабодай слова.

Разумею матывацыю аналітыкаў, якія вышукваюць у Лукашэнку нейкія прыкметы «самастойнасьці» — ім трэба пра нешта пісаць, і чым мудрагелісьцей, тым лепей. Рэальнасьць жа простая: Лукашэнка цалкам падкантрольны Маскве, і адзіная сфэра, дзе яму пакінутая свабода дзеяньняў, — гэта рэпрэсіі супраць беларускага народа.

Лукашэнка – лепшы баец у вайне Расеі з беларускай нацыяй, адсюль — і найвышэйшы (вышэй няма) што пры царах, што пры цяперашніх маскоўскіх гаспадарах ордэн Расейскай Імпэрыі. Заслужыў халуйствам і рэпрэсіямі.

«Беларусь ня зьнікне, калі ня скорыцца чужой сіле» — сказаў мне ў інтэрвію Васіль Уладзімеравіч Быкаў вясной 94-га, нібыта прадчуваючы цяжкія часы. Яна і сапраўды адродзіцца – але ўжо бяз Лукашэнкі ды прарасейскіх фашыствуючых сілавікоў,  якія сёньня і ўвасабляюць сабой панаваньне гэтай «чужой сілы», пра якую казаў наш нацыянальны геній. 

І ад якой беларусы, безумоўна, нарэшце пазбавяцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)