Навумчык: «Дзеяньні кіраўнікоў звычайна асацыююцца зь іх краінай»

Палiтычны аглядальнiк – пра несправядлівую заканамернасьць.

– Здольнасьці Лукашэнкі вяртаць сябе ў эпіцэнтар увагі можа пазайздросьціць які заўгодна гуру PR-тэхналёгій, – пiша Сяргей Навумчык. – Нельга сказаць, каб у апошнія месяцы тэма беззаконьня і ўзмацненьня рэпрэсій у Беларусі зьнікла з поля ўвагі міжнароднай супольнасьці — аднак яна ўсё далей адыходзіла ў цень на фоне пагрозы вайсковага нападу Расеі на Ўкраіну.

Але Лукашэнка абвяшчае пра сумесныя беларуска-расейскія манэўры ўздоўж мяжы з паўднёвай суседкай, і ў Вашынгтоне — ня ў форме вэрсіяў палітычных аглядальнікаў, а на ўзроўні Дзярждэпартамэнту — заяўляюць, што напад на Ўкраіну можа быць зьдзейсьнены з поўначы, тэрыторыі Беларусі. І дадаюць, што «праекты канстытуцыйных зьменаў могуць сьведчыць аб плянах Беларусі дазволіць разьмяшчэньне на сваёй тэрыторыі як звычайных, так і ядзерных сіл Расеі».

Вайсковы альянс Пуціна і Лукашэнкі выгодны абодвум — першы выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для рэалізацыі сваіх «геапалітычных інтарэсаў», другі — замацоўвае сваю патрэбнасьць для гаспадара Крамля.

Тэма падпарадкаваньня краіны Маскве ў вайсковай сфэры для Лукашэнкі хаця і актуальная, але зусім ня новая. Вясной 1993 году менавіта дэпутат Аляксандар Лукашэнка ўнёс у парадак дня сэсіі Вярхоўнага Савета пытаньне аб далучэньні Беларусі да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД (больш вядомай як АДКБ). Тады дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну выявіў незвычайную для аграрыя кампэтэнцыю ў абароннай сфэры, а апазыцыя БНФ ацаніла ўступленьне ў АДКБ як уцягваньне Беларусі ў арбіту вайсковых інтарэсаў расейскага Генштабу.

Цяпер заходнія палітыкі ламаюць галовы: а ці хаця б сам кіраўнік Беларусі ў курсе таго, што плянуе расейскае ваеннае ведамства на тэрыторыі краіны?

Прагнозы адносна разьвіцьця сытуацыі ў выніку вайсковых манэўраў ля граніцы з Украінай рабіць яшчэ цяжэй, але адно можна сказаць пэўна.

Беларусь, якая з моманту абвяшчэньня Незалежнасьці ў жніўні 1991-га акцэнтавала ўвагу на імкненьні да без’ядзрнага статусу і міралюбівым характары зьнешняй палітыкі, якая ў 1994 запісала ў Канстытуцыю імкненьне да нэўтралітэту, — літаральна за некалькі дзён пачала фігураваць у загалоўках сусьветнай прэсы і ў заявах палітыкаў як патэнцыйны агрэсар.

Такое ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі.

Ёсьць адна несправядлівая заканамернасьць: дзеяньні кіраўнікоў звычайна асацыююцца зь іх краінай. І народам, рана ці позна, даводзіцца несьці за іх адказнасьць.

Прыкладаў у гісторыі хапае, у тым ліку і ў ня вельмі ад нас аддаленай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(21)