Навумчык: Чаму Пуціну выгодныя рэпрэсіі ў Беларусі

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык – пра прычыны.

— За чатыры месяцы надзвычай жорсткіх рэпрэсій і бязьлітасных катаваньняў у Беларусі, ад якіх, без перабольшваньня, здрыгануўся цывілізаваны сьвет, з кіраўнікоў суседніх краінаў толькі Пуцін не асудзіў рэжым Лукашэнкі, — пiша Сяргей Навумчык. — Гэта зразумела: у самой Расеі падпалкоўнік КДБ, зрабіўшыся гаспадаром Крамля, зьнішчыў усе тыя элемэнты дэмакратыі, якія існавалі да яго.

Але ёсьць і яшчэ адна прычына. Пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе Пуцін стаў сусьветным парыяй, чалавекам, якога перасталі запрашаць на міжнародныя саміты (і G8 ператварылася ў G7), зь ім гаварылі пераважна ў мэнтарскім тоне, патрабуючы вярнуць Крым і спыніць вайну ў Данбасе.

Са жніўня сытуацыя зьмянілася кардынальна. Тытул «апошні дыктатар Эўропы» ужо не належыць Пуціну — ён ізноў вярнуўся да Лукашэнкі.

А Пуціна заходнія лідэры ўгаворваюць паўплываць на неадэкватнага партнэра, пакорліва выслухоўваюць ягоныя натацыі за нібыта «умяшаньне Захаду ў справы Беларусі» (хаця менавіта Масква ўзмацніла свой уплыў на афіцыйны Менск). Захад нават заплюшчыў вочы на актывізацыю ваеннага супрацоўніцтва Расеі і Беларусі і, як можна меркаваць, перафарматаваньне сумеснай вайсковай групоўкі.

Пуцін зацікаўлены, каб цяперашняя сытуацыя ў Беларусі працягвалася як даўжэй. Чым больш будзе рэпрэсій — тым больш «белым і пухнатым» ён будзе выглядаць на фоне Лукашэнкі. Ня кажучы ўжо пра традыцыйную мэту Крамля — аслабленьне іміджу Беларусі на міжнароднай арэне.

Хаця спыніць разгоны, арышты і катаваньні ён мог бы адным тэлефонным званком, як гэта ў 1996 на просьбу Яўлінскага зрабіў Ельцын, загадаўшы Лукашэнку вызваліць лідэраў БНФ Сіўчыка і Хадыку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(42)