Навумчык: «Але тады трэба было б прызнаць, што беларусы – рабы»

Чаму беларусы застаюцца народам.

— Цяпер гучаць самыя розныя ацэнкі і вэрсіі падзеяў 2020 года, — піша Сяргей Навумчык. — У тым ліку і такія: гэта апэрацыя Масквы, каб людзі выйшлі на вуліцы, затым – крывавыя сутыкненьні, увод расейскіх войскаў і анэксія (альбо – крывавы  разгон, міжнародная ізаляцыя і тая ж анэксія).

Я лічу, што ўсякія ацэнкі і вэрсіі маюць права на існаваньне і на іх аналіз. Гэта, калі хочаце, частка нармальнага палітычнага працэсу.

Мне толькі незразумелае сьцьвярджэньне, што калі б ня жнівень-2020 — Лукашэнка б пачаў умацоўваць Незалежнасьць, пайшоў бы на кантакт з грамадзтвам, праводзіў бы беларусізацыю. Маўляў, ён ужо быў да гэтага гатовы, а тут — раз! — і стотысячныя шэсьці з патрабаваньнем сыходу. Ну, як не пакрыўдзіцца, не страляць і не пачаць рэпрэсіі?

Але якое «умацоўваць Незалежнасьць», калі ён ня толькі ад грамадзтва, але і ад свайго кішэннага «парламенту» схаваў зьмест апошніх «дарожных картаў»? Які кантакт з грамадзтвам, калі адразу з пачатку пандэміі пачаліся рпрэсіі да тых, хто імкнуўся казаць пра яе праўду і арганізоўваў дапамогу? Якая беларусізацыя, каклі колькасьць беларускіх школаў не павялічвалася, а скарачалася?

Адкуль, цікава б ведаць, інфармацыя пра добрыя намеры Лукашэнкі на шостым прэзыдэнцкім тэрміне, калі ў папярэднія пяць іх – не было?

З усіх варыянтаў і ацэнак разважаньні пра «добрыя намеры» Лукашэнкі павінны быць выключаныя. Па-мойму, тое, як расправіўся ён з грамадзтвам ў жніўні і якія рэпрэсіі праводзіць цяпер – лепшае сьведчаньне, што гэтаму чалавеку станоўчыя намеры не ўласьцівыя па вызначэньні і ні пры якіх умовах.

Ну хіба калі толькі 9,5 мільённы народ апусьціўся б перад ім на калені і пагадзіўся на пажыцьцёвае ягонае ўладарства.

Але тады трэба было б прызнаць, што беларусы – рабы.

На шчасьце, беларусы былі і застаюцца народам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(64)