Общество

«Нават падначаленыя Чамаданавай адмовіліся». Што вядома пра Наталлю Сахарчук, якая стала прэс-сакратаром МУС

На месца звольненай Вольгі Чамаданавай у прэс-службу МУС прыйшла малавядомая Наталля Сахарчук. У журналістаў яна асацыюецца з аддзелам агітацыі і прапаганды Брэсцкага ДАІ. Яна там доўга працалава, перад тым як стала афіцыйным прадстаўніком УУС Брэсцкага аблвыканкама, піша Наша Ніва.

Наталля Сахарчук родам з міліцэйскай дынастыі. Яе дзед быў начальнікам Кармянскага РУУС яшчэ ў савецкія часы. Бацька — палкоўнік у адстаўцы Міхаіл Зялёны — калісьці ўзначальваў брэсцкую міліцыю. Муж Сахарчук таксама міліцыянер — служыць у абласной ДАІ.

У 2015 годзе сям'я Сахарчук атрымала ўзнагароду як лепшая міліцэйская сям'я. Фота: sb.by

Сама Наталля вучылася і расла ў Брэсце, а пасля таксама пайшла працаваць у міліцыю. Спачатку следчай, а затым перайшла ў абласную ДАІ. Больш за 10 год яна ўзначальвала аддзяленне агітацыі і прапаганды Брэсцкай абласной ДАІ.

Потым больш за два гады кіравала прэс-службай УУС Брэсцкага аблвыканкама. Абласным прэс-сакратаром стала пасля таго, як з пасады знялі Сяргея Дучэнку.

«Пазіцыя прэс-сакратара ў сістэме МУС заўсёды была рызыкоўнай, бо можна было выляцець толькі пасля «няправільнага», на думку начальства, каментара журналістам. Так адбылося і з Дучэнкам — яго моцна панізілі, а на яго пасаду ўзялі Сахарчку, — расказала «Нашай Ніве» абазнаная крыніца з сістэмы МУС. — На пасаду прэс-сакратара МУС яна прыходзіць гэтак жа выпадкова, як некалі прыходзіла Чамаданава.

Фота: realbrest.by

Кар’ерная сітуацыя ў Брэсце Сахарчук нічога ўжо не абяцае — вышэй галавы тут яна не скокне. А пры пераводзе ў Мінск вымаўлёўваецца перспектыва атрымаць пагоны палкоўніка (цяпер яна падпалкоўнік — заўв. «НН») і службовую кватэру: раней у Мінск не вельмі хацелі ехаць — супрацоўнікам прэс-службы не давалі жылля».

Таксама ў гэтай гісторыі ёсць пэўная адметнасць: ніхто, апроч Сахарчук, не пагадзіўся быць прэс-сакратаром МУС.

«Работнікі разумеюць, гісторыя, пачатая ў 2020-м яшчэ не скончана, — кажа наша крыніца. — Ісці на пасаду прэс-сакратара, гэта азначае паўтарыць лёс Чамаданавай — атрымліваць на свой адрас праклёны тысяч і тысяч сем'яў, без магчымасці калі-небудзь адмыцца, сказаўшы, што толькі выконваў загады.

Таму, ніводны з падначаленых Чамаданавай, у тым ліку з тых, каго яна сама прыводзіла, начальнікам прэс-службы ісці не захацеў, знайшоўшы больш-менш прымальныя адгаворкі.

Прыйшлося шукаць па ўсёй краіне — знайшлі Сахарчук. Імаверна, варта чакаць працягвання закладзенай інфармацыйнай лініі, але без самадзейнасці — у Сахарчук не столькі энэргіі, як у Чамаданавай».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(48)