Беседка

«Наступіць і для нас 1918 год. На гэта мае спадзяванні»

Архiўнае. Было падрыхтавана ў верасні 2015-га да 84-годдзя народнага паэта.

Беларускае Радыё Рацыя пагутарыла з ім напярэдадні свята. «Салідарнасць» цытуе найбольш цікавыя фрагменты інтэрв'ю.

Пра любоў да беларускай мовы

Што датычыць самога пачуцця любові, захаплення мовай, то гэта ад калыскі, ад маці. Жыў у гэтай стыхіі моўнай, з першых дзён. Цяжка растлумачыць, як гэта складваецца. Так атрымалася, што вельмі дорага мне было слухаць, як гучыць беларуская песня. Менавіта беларуская народная. Песень гучалі дзясяткі, сотні, і з кінафільмаў яны ўсе былі на рускай мове. А вось нашы песні, якія пелі ў нас у застоллі... У нас кожныя два гады з’яўляўся ў сям’і новы жыхар, спраўляліся хрэсьбіны, склікалася радня, суседзі, сябры. Як я бывала слухаў, як нашы вясковыя жанчыны пяюць народныя старыя песні.

Пра дзяцінства пад акупацыяй

Да вайны скончыў 3 класы, пад немцамі – чацвёрты клас. Тады школы, паколькі лічыліся калабаранцкімі, што не ў тым духу выхоўвалі, то іх пазакрывалі. У Гайне, у суседняй вёсцы, я месяца не пахадзіў: новы вялізны будынак партызаны спалілі, каб немцы не маглі гарнізон паставіць. Гэта было звышнеразумна. І тры будынкі ў маёй вёсцы партызаны разабралі. Гэта было дзіка. Мне заставалася займацца самаадукацыяй, чытаць кнігі. Прыйшлі немцы, а бібліятэкі ж засталіся. Людзі іх разабралі. Цёмныя мужыкі – на курыва, на цыгарэты – паперы ж не было. Але старшакласнікі і больш-менш пісьменныя людзі трымалі гэтыя кнігі. Можна сказаць, што наступныя два гады да вызвалення я чытаў кнігі, шмат чытаў кніг.

Пра змаганне за мову ў 90-я

Калі я стаў дэпутатам ХІІ склікання, быў вельмі засмучаны, бо вельмі мала дэпутатаў былі маімі аднадумцамі, паплечнікамі, якія цалкам стаялі на такіх жа пазіцыях у дачыненні да мовы, да нашай культуры, да гісторыі. Пераважная большасць былі або чыноўнікі, савецкія, партыйныя, або «гаспадарнікі» – старшыні калгасаў ды іншыя. Сярод такіх быў сённяшні кіраўнік дзяржавы Лукашэнка.

Яны мяне не падтрымлівалі, а наадварот – па магчымасці пярэчылі, іншы раз нават іранічна стараліся ўкалоць. Я сцвярджаў адно: «Дарагія мае, нічога. Пройдзе нейкі час, і Вы ўсе зразумееце, што Вы памыляецеся. І калі вы хочаце, каб Беларусь заставалася Беларуссю, каб беларускі народ быў беларускім народам, вы прыйдзеце да ўсведамлення гэтай ісціны, і самі станіце на гэту верную дарогу».

Пра Лукашэнку

Гэты чалавек быў выбраны беларускім народам. Ва ўсялякім разе, больш за палову беларускага народа былі вясковыя людзі, палітыкай не жылі, не цікавіліся. Ім спадабалася, што да кіраўніцтва краіны, на змену партыйна-савецкім бюракратам прыйдзе чалавек з народа, які быў старшынём калгаса, працаваў, так бы мовіць, з мужыкамі на зямлі, гэта ім вельмі імпанавала.

Да ўлады прыйшоў чалавек, які не толькі не падтрымаў тых, хто змагаўся за родную мову, не далучыўся да таго змагання, якое было вельмі пільнае – трэба было выпраўляць становішча, якое склалася за дзясяткі гадоў, калі мова душылася, душылася, душылася, ён не толькі не падтрымаў, а пачаў ініцыіраваць рэферэндумы, адмяніў Закон «Аб мовах».

І стала тое, што мы маем сёння. Звялі на нішто беларускую мову ў дзяржаўных установах, газеты лічаныя засталіся, і тыя – прыватныя. Колькасць дзяржаўных кніг – адзінкі. Тыя, што выходзяць на беларускай мове, гэта недзяржаўныя, гэта насуперак дзяржаўнай палітыцы. Тое, што ў нас яшчэ трымаецца там-сям мова, гэта не дзякуючы дзяржаве, якая абавязана спрыяць развіццю мовы свайго народа, а насуперак ёй. Нідзе ў свеце такога няма! Каб сябры роднай мовы змагаліся за яе са сваёй жа роднай дзяржавай! На жаль, яна на сённяшні дзень пакуль што няродная.

Пра будучыню Беларусі

Некалі Расея, загрэбшы беларускія землі, загрэбла і палову Польшчы разам з Варшавай. Больш за сто гадоў гэтая палова Польшчы была ў складзе Расеі, і ў Варшаве працаваў рускі ўніверсітэт. Што рабіла інтэлігенцыя? Ну, два разы паспрабавалі падняць паўстанне – захлынулася ў крыві... Але паміж гэтымі датамі і ўвесь час што рабілі? Вучылі моладзь у польскіх школах, яны дазваляліся, на шчасце, выдавалі польскія газеты, стваралі польскія гурткі ўсемагчымыя, выхоўвалі ў патрыятычным духу. І калі толькі наступіў момант спрыяльны – 1918 год – у адно імгненне Польшча стала незалежнай дзяржавай...

Дык вось, калі мы ўсе, хто гэта разумее, будзем выхоўваць моладзь ад калыскі, ад дзіцячых садкоў, ад школы выхоўваць патрыётамі Беларусі, і перш за ўсё – патрыётамі роднага слова, як было ў Польшчы, мы не загінем. Наступіць і для нас 1918 год. На гэта мае спадзяванні...

Я, на жаль, не выходжу на людзі шмат гадоў, але чытаю, колькі ў нас такіх добрых арганізацый, гурткоў, школ, дзе вывучаецца беларуская мова. Брава, гэта выдатна. Добрыя людзі ўсё яшчэ спадзяюцца, спадзяюцца, ну і я ў тым ліку з гэтымі людзьмі спадзяюся і веру, што час наступіць. Не загінем!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)