Маё прозвішча перастала гугліцца, таму што зніклі самі сайты, на якіх усё публікавалася. Гэта праблема многіх калег, якія шмат стваралі, вывучалі, даследавалі, фіксавалі — і раптам аказаліся па-за публічнай прасторай. Нібыта мы ніколі нічога не рабілі.
Настасся Панкратава: «Каб не сказалі, што такога не было»
Тэатральны крытык Настасся Панкратава ў інтэрвью «Салідарнасці» — пра парадоксы кароткай памяці, гонар за нашых і імёны, якія не мусяць знікнуць з летапісу беларускага тэатру.
Днямі ў выдавецтве Skaryna Press убачыла свет кніга «(Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015-2025. Выбраныя старонкі». Яе аўтарка — крытык і журналістка Настасся Панкратава, якая больш чым 20 год даследуе і распавядае, чым дыхае беларускі тэатр. А пад вокладкай — 500+ старонак інтэрв’ю і аналітычных артыкулаў пра «кухню» і жыццё тэатру і людзей тэатру, як унутры краіны, так і па-за межамі.
Дадамо, што выданне падтрымана праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам. І тады ўжо — патлумачым, чаму кніга наогул з’явілася, што ў ёй знойдзе недасведчаны чытач, каму ў змрочны перыяд да культуры і чаму беларускі тэатр не забіты палітычным крызісам, а жыве, рухаецца і дакладна пабачыць лепшыя часы.
«Апошніх 10 год жыцця як быццам не было»
— Чаму гэтая кніга сёння раптам спатрэбілася? — перапытвае Настасся. — Самы першы адказ: для нас, для нашай памяці пра людзей, якія ў гэтае дзесяцігоддзе вызначалі рух, развіццё, узровень беларускага тэатру — а сёння гэтыя прозвішчы наўпрост зніклі.
У беларускіх тэатрах ёсць завядзёнка: калі чалавек сыходзіць — прыбіраюць ягоную старонку на сайце. А пра гісторыю пара лічбаў з часу заснавання да сучаснасці, без асобаў: хто ставіў спектаклі, хто граў, хто быў мастаком, кампазітарам? І гэтыя лусткі памяці пастаянна адразаюцца, нібыта яны нам не патрэбныя.
Вельмі балюча, што з асяродку знікаюць прозвішчы, якія вось толькі-толькі былі побач з намі. Летась у ліпені памёр Андрэй Бардухаеў-Арол.
У Беларусі, з падачы расійскіх медыя, пра яго пісалі як пра акцёра, «вядомага па здымках у серыяле «Мухтар». Але гэты факт эпізадычны для яго біяграфіі. Спадар Андрэй — чалавек, які для Гомеля зрабіў вельмі і вельмі шмат! Бо яму балела тэма інклюзіі людзей, якія не чуюць і не бачаць. І толькі дзякуючы ягонаму жаданню і ўцягнутасці з’явіўся «Тым Тэатр», які яны стварылі разам з жонкай, а невідучыя людзі займелі сэнс жыцця.
З гледзішча культурніцкага менеджменту — спадар Андрэй быў адным з першых, хто не пабаяўся пайсці ў грантавую тэму, выйграў конкурс Social Weekend. Паказаўшы тым самым, што ў Беларусі можна атрымаць фінансаванне для інклюзіўных пастановак. Я бачыла, як на ягонай «Снежнай каралеве» для дзяцей, якія сядзелі ў залі, было адкрыццём, што яны могуць паўдзельнічаць у пастаноўцы…
І вось такіх людзей я ўключыла ў гэтую кнігу — каб яны засталіся ў нашай памяці і ў гісторыі.
— Чула, што кнігу давялося збіраць цягам году, у тым ліку аднаўляць выдаленыя тэксты — бо незалежныя медыі ўлады прызналі «экстрэмісцкімі», а дязржаўныя рэдакцыі самі перастрахаваліся і падчысцілі электронныя архівы.
— Так, другі вялікі боль — не толькі дзеячы тэатру, але і крытыкі, культурныя журналісты, якія таксама выпадаюць з увагі чытачоў. У нейкі момант я зразумела, што мае тэксты проста зніклі, апошніх 10 год жыцця як быццам не было.
Агулам трывалая праблема беларускіх тэатраў: не ведаць, што было зроблена да іх. Мой улюбёны прыклад: летась у ТЮГу паставілі «Пітэра Пэна», тэатр заявіў, маўляў, гэта ўпершыню ў Мінску. А я ў 1990-х была ў нашым Оперным тэатры на музычным спектаклі «Пітэр Пэн», які ставіўся на дзіцячую студыю…
Але ж новае пакаленне, якое прыходзіць працаваць у тэатр, новая маладая публіка (цяпер у тэатр актыўна ходзяць тыя, хто ў 2020-м быў яшчэ школьнікам) — яны прымаюць за чыстую манету гэтае «ўпершыню». Таму нашыя тэксты, крытыкаў і журналістаў, вельмі патрэбныя — для таго, каб нагадаць, што было раней, да бягучага моманту.
Кніга «(Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015-2025», безумоўна, не закрывае цалкам прагалы ў памяці. Але ж паказвае, што бывае інакш, і што любіць сваю культуру — не значыць, толькі хваліць яе дзеячаў, як гэта цяпер заведзена ў дзяржмедыях.
Акрамя таго, мяркуе аўтарка, шырокая аўдыторыя дазнаецца, які спектр праблем быў актуальным для беларускага тэатру, пакуль у яго была магчымасць развівацца, а не толькі выжываць.
Напрыклад, як размаўляць у дзіцячым тэатры пра смерць? У беларускіх тэатрах, у адрозненне ад еўрапейскіх, гэтая тэма табуяваная. Не дзіўна, што мінскі Тэатр лялек, які паставіў знакамітую п’есу Гаўптмана «Узнясенне Ганеле» пра трагічны лёс і смерць дзяўчынкі, сабраў мноства міжнародных прэмій — але толькі не на радзіме.
Тут, згадвае Настасся, публіка пісала скаргі: «Што за тэма для дзіцячага спектакля?!».
Альбо праблема этычных межаў ва ўзаемадзеянні гледача і акцёраў: што можна, а што недапушчальна? Ці жаночы вобраз у тэатры: не толькі пра прыгажосць, мудрасць, «традыцыйную ролю», але і пра фізіялогію на мяжы фолу (пастаноўка «Камера, якую дала мне маці»)?
Ці закуліссе, якое рэдка хто бачыць. І такіх ракурсаў мноства. Можна не сумнявацца, што многія адкрыюць для сябе ў кнізе беларускі тэатр, якім яго наогул не ведалі.
— Пры тым у кнігу ўвайшлі толькі выбраныя старонкі з гісторыі тэатра, тое, што я бачыла асабіста. Але гэта той фрагмент, які, спадзяюся, дапаможа сабраць гэтую гісторыю — каб не сказалі, што такога не было. У пэўным сэнсе, я і мае калегі працуем на будучыню, каб такімі фрагментамі паступова стварыць плынь, скласці паўнавартасную карціну таго, што адбываецца, — зазначае Настасся Панкратава.
Сёння той, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі, не можа пісаць праўду і не можа аглядаць усё, пойдзе толькі на «дазволеныя» пастаноўкі. Дый тое, калі трапіць у Магілёў і ўбачыць пастаноўку-пераможцу сёлетняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі, спектакль «Бах-бах-бах» паводле расійскай п’есы пра Вялікую Айчынную вайну — шчыра запытаем, ці зможа сказаць пра яе хоць нейкую крытычную заўвагу?
Тыя ж, хто не ў Беларусі — мы абмежаваныя краінамі, у якіх жывем. Знаходзячыся ў Вільні, я не магу проста даехаць у Лондан і паглядзець спектакль Уладізміра Шчэрбаня «Герой нашага часу». А беларускі тэатр класны тым, што ён сёння ёсць у самых розных краінах, апроч Беларусі — у Ізраілю, у Канадзе, у Германіі, Францыі…
Ёсць шыкоўная нашая суайчынніца Вольга Палякова, якая мае два дыпломы беларускіх ВНУ, але паехала ў Францыю па сваю мару — адвучыцца на оперную рэжысуру. Першыя сем год у замежжы яна выжывала, але дабілася свайго. Ужо колькі гадоў спадарыня Вольга ў якасці памочніцы рэжысёра робіць пастаноўкі па ўсіх краінах свету. І наколькі я ведаю, сёлета адбудзецца прэм’ера ўжо яе ўласнага спектаклю. Лічу, што мы павінныя ведаць пра такіх людзей і ганарыцца імі.
І вяртаючыся да пытання пра тэксты — аднавіць шэраг з іх было вельмі цяжка. Я 11 год працавала ў газеце «Культура», там выйшлі больш за чатыры сотні маіх тэкстаў. А пару год таму сайт, на якім быў увесь архіў з пачатку нулявых гадоў, наўпрост адключылі. Мяркую, з прычыны, як бы чаго не здарылася; занадта шмат было прозвішчаў аўтараў, дый герояў, якіх запісалі ў «непажаданыя асобы».
Не кажучы ўжо пра тое, што зніклі тэксты з незалежных медыяў, бо трапілі разам з імі пад агульны каток. Нават праз вэб-архіў адшукаць вельмі складана.
Але ж гэта атрымалася. І таму асабіста для мяне гэтая кніга, акрамя агульнай ідэі аднаўлення імёнаў і падзей — яшчэ і радасць ад таго, што тэксты засталіся. Што я — ёсць. Гэта для многіх беларусаў сёння вельмі важнае адчуванне.
Наклад у кнігі, зазначае Настасся, невялікі — 150 асобнікаў, частка з якіх пойдзе ў беларускія бібліятэкі за мяжой. Таксама выданне можа набыць і для дамашняга чытання, прычым не толькі ў папяровым выглядзе, але і ў электроннай версіі (у тым ліку з Беларусі).
…Але нашая гутарка на гэтым не скончаная. Працяг вялікай размовы – пра тое, чым жыве сёння беларускі тэатр і як адчувае сябе ўнутры краіны і ў замежжы, за чыімі імёнамі варта сачыць і чаму ў нас шмат тых, кім варта ганарыцца, чытайце на сайце «Салідарнасці» неўзабаве.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное