Общество

«Нам вельмі не хапае нашага калегі». У Кіеве ўшанавалі памяць Паўла Шарамета

У Кіеве на месцы гібелі беларускага журналіста журналісты ўшанавалі ягоную памяць — 28 лістапада яму споўнілася бы 50 гадоў, паведамляе Радыё Свабода.

Акцыю, ініцыяваную Беларускай асацыяцыяй журналістаў, падтрымалі ўкраінскія журналісты і шэраг беларускіх грамадзкіх арганізацый, створаных ва Ўкраіне беларусамі-ўцекачамі.

— Павал, пачынаючы з 90-х, паказваў нам, беларускім журналістам, як робіцца сапраўдная, сьмелая рэпарцёрская праца. Памяць пра Паўла ня можа зьнікнуць. Мы ня можам сабрацца ў Менску, правесьці вечар памяці, узгадаць яго. Але мы тут, на тым месцы, дзе скончыўся жыцьцёвы шлях Паўла, дзе яго жудасным чынам забілі, каб застрашыць іншых журналістаў-расьсьледвальнікаў, публіцыстаў. Але ягонае імя і ягоная праца і жыцьцё працягваецца ў нашай памяці, — сказаў намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Фото baj.by

Журналісты запалілі зьнічкі памяці і ўсклалі кветкі ля помніка, які быў усталяваны ў памяць Паўла Шарамета ў Кіеве, непадалёк ад месца ягонай гібелі.

Фота з Facebook Барыса Гарэцкага 

Галоўная рэдактарка інтэрнэт-выданьня «Українська правда» Сяўгіль Мусаева дадала, што ўдзячная беларускім журналістам за іхную ініцыятыву ўшанаваць памяць Паўла Шарамета ў дзень ягонага нараджэньня.

— Нягледзячы на тое, што ўжо прайшло пяць гадоў, мы дагэтуль ня можам зразумець, што адбылося, і дагэтуль ня можам да гэтага прызвычаіцца. Нам вельмі не хапае нашага калегі, — адзначыла яна.

Кіраўнік Нацыянальнага саюзау журналістаў Украіны Сяргей Таміленка дадаў, што для ўкраінскіх журналістаў зьяўляецца прыкладам, як беларускія журналісты адстойваюць свае правы ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў.

— Павал Шарамет для шматлікіх, асабліва маладых журналістаў становіцца пэўным сымбалем і прыкладам журналісцкай місіі і служэньня прафэсіі, але такія мэмарыяльныя акцыі, як сёньня да 50-й гадавіны зь дня нараджэньня — гэта магчымасьць сказаць, што Павал ня толькі сымбаль, а і выказаць словы падтрымкі ягонай сям’і, маці і сябрам, — сказаў Сяргей Таміленка.

Ён дадаў, што Нацыянальны саюз журналістаў Украіны надае юрыдычную дапамогу сям’е Паўла Шарамета, каб абараніць іхныя інтарэсы ў расьсьледаваньні забойства Паўла.

***

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст, выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)