«Надзея, што мы яшчэ пабачымся з Менскам, дае мне сілы рухацца далей»

Пра веру ў сябе і беларусаў, неабходныя выплескі гневу, і чаму стасункі на адлегласці паляпшаюцца, «Салідарнасці» распавяла актывістка Воля Касянчук.

Фота прадастаўленыя суразмоўніцай «Салідарнасці» з Instagram і Facebook

У 2020-м Воля з сябрамі рэдагавала тэлеграм-канал менскага раёну Лебядзіны, дзе праходзілі мерапрыемствы грамадзян, якія не пагадзіліся з вынікамі выбараў прэзідэнта Беларусі.

— Воля, сябры ледзь не запіхвалі вас у валізку, каб вы з’ехалі з Беларусі. Вы да апошняга супраціўляліся. Чаму?

— Восенню 2020-га шмат маіх знаёмых былі на соднях. Хтосьці выйшаў, хтосьці зайшоў… У той атмасферы падавалася, што калі я з’еду, то гэта будзе здрада перад гэтымі людзьмі.

З таго моманту да ад’езду прайшло мо паўгады. Я з’ехала ўлетку 2021-га. Прыйшлося, хаця ніколі не планавала жыць у эміграцыі.

Апошняй кропляй стала сітуацыя, калі мы з маім тагачасным хлопцам Змітром Завадскім пайшлі на суд да Міколы Дзядка, і там прагучала імя Змітра. На наступны дзень мы з’ехалі, бо прыйшло паведамленне, што ў «жоўтых злівах» выклалі гэтую інфу. 

— Улетку вам споўнілася 33 гады, тры з якіх правялі не на Радзіме. «Рушым далей. З дзіркай у сэрцы, якая паціху пачынае ўжо насвістваць нейкую мелодыю. Дзякуючы сябрам і справе, ад якой хвост дрыжыць...», — падпісалі вы. Як у эміграцыі атрымліваецца жыць з ранай «памерам з краіну»?

— Перыяд прымервання сябе да новых аспектаў жыцця яшчэ доўжыцца. Дзірка памерам з краіну — бо нават складана сказаць, што зараз ёсць дом. Напэўна, цяпер гэта кропкі на мапе: маё часовае жытло ў Варшаве, месцы, дзе ёсць сябры, з якімі ўтульна. Але ўсё адно з’яўляецца думка, асабліва, калі стамляешся ці выгараеш: «Я хачу дадому».

Нават праз тры гады эміграцыі не магу сабе адказаць, што цяпер мой дом, куды мне так хочацца. Магчыма, гэта нешта ўнутры мяне. Трэба ствараць свой утульны куточак, а яшчэ — ісці да людзей, з якімі добра, да сяброў. Лавіць моманты, калі табе добра і светла, і вяртацца да іх у думках, калі накрывае смутак.

«Класна працаваць у праектах, накіраваных на дапамогу беларусам і будучыя змены ў краіне. Але гэта не тыя заробкі, на якія можаш спакойна жыць»

Вы выратавалі Змітра, як ён казаў, ад 10 год турмы, калі яго забралі на содні, а вы працягнулі рэдагаваць канал «Лебядзіны». Каб не паказаць сілавікам, што яны ўзялі галоўнага. Не было страшна?

— Калі цяпер узгадваю, то робіцца страшна. А ў той момант не было страху, хутчэй пачуццё, што трэба ратаваць сябра ад небяспекі і ўвогуле нешта рабіць для краіны. І шмат хто гэта рабіў, рызыкуючы. Гэта была агульная плынь, якая несла і неслася.

— Вы тады ведалі, што ёсць тры варыянты: «сесці, канчаткова паехаць дахам ці выехаць з Беларусі». У эміграцыі лепш атрымліваецца «не паехаць дахам»? І ці можна параўноўваць тое і сённяшняе «не паехаць дахам»?

— Гэта цяжка параўнаць, бо зусім іншыя вымярэнні. У чужой краіне зусім іншыя клопаты, шмат чаго трэба рабіць наўпрост для выжывання. Банальна знайсці працу.

Напачатку гэта трымае, але потым, магу сказаць на сваім прыкладзе, што калі першыя патрэбы забяспечваюцца, на паверхню выплываюць усе страхі, адзінота, пачуццё сябе тут чужынцам. І з гэтым даводзіцца працаваць. Псіхолагі, спорт, хтосьці сыходзіць з галавой у працу.

Купалавец Сяргей Чуб распавядаў, што прыйшлося ісці таксаваць, хтосьці працуе грузчыкам, нехта ў польскай краме. Як у вас атрымалася з працай?

— У Беларусі я працавала і лабарантам ва ўніверсітэце, і фларысткай, пачала займацца SMM. У Варшаве першы час знаходзілася падпрацоўка ў тэатральных праектах, бо ў Менску грала ў тэатры «ИнЖест».

Працавала ў SMM у розных беларускіх праектах, у тым ліку ў Беларускай Радзе культуры. Больш за 1,5 гады працую ў Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой. Не магу сказаць, што адчуваю сябе стабільна. Таму пайшла навучацца ў польскую магістратуру па спецыяльнасці «Маркетынг», каб мець магчымасць паспрабаваць сябе на польскім рынку.

Класна працаваць з беларусамі, добра працаваць у праектах, якія накіраваныя на дапамогу беларусам і на будучыя змены ў краіне, але гэта, на жаль, не тыя заробкі, на якія ты можаш спакойна жыць.

«Трэба даваць выплескі свайму гневу»

— Што адбывалася ў Лебядзіным пасля выбараў, як людзі рэагавалі на вашы ініцыятывы ў месцы побач з Драздамі?

— Лебядзіны праявіў сябе вельмі годна. Моцныя людзі, рэалізоўвалі шмат смелых і крэатыўных ідэй, муралы малявалі, заўсёды дапамагалі знайсці абсталяванне для канцэртаў. Гэта была вельмі натхняльная атмасфера, якую згадваю с цеплынёй.

З канцэртамі да нас прыязджалі  Лявон Вольскі, Павал Аракелян, Піт Паўлаў і іншыя, каго лепей пакуль не называць. Адметна, што ў нас не затрымалі ніводнага з гасцей: ні артыстаў, ні грамадскіх дзеячоў, якія выступалі з лекцыямі. Гэта таксама дзякуючы арганізацыі жыхароў Лебядзінага.

У Беларусі на вас завялі крымінальную справу, якой займаўся следчы па «асабліва важных справах». Наклалі арышт на вашу маёмасць. Як з ёй зараз?

— Па якім артыкуле справа я нават і зараз не ведаю. Апячаталі гараж, які ў маёй маёмасці, на яго і наклалі арышт. Але ж я і так нічога не магу з ім зрабіць дыстанцыйна.

Мне здаецца, што гэта яшчэ і прафілактычнае запалохванне сваякоў людзей, якія выехалі. Каб нагадваць астатнім, шо вось такая ў нас улада, якой усё дазволена.

  Вельмі вас разумею, калі бачу вашу фразу, што «апошні час я функцыяную толькі на моцы свайго гневу». Як з ім зараз?

— Трэба даваць выплескі свайму гневу, напрыклад, займацца фізічнай актыўнасцю. Бо толькі эмацыйна яго пражываць вельмі цяжка. Пачынаюцца хваробы, і фізічныя, і ментальныя таксама.

Мне дапамагае праца з целам, вельмі люблю танчыць. Проста нават уключыць музыку і паскакаць, даць выхад эмоцыям, а потым ужо з больш спакойнай галавой прымаць рашэнні і працаваць далей.

«Потым здарылася рэвалюцыя і было не да ўласных пачуццяў і высвятленняў»

Тэма адзіноты выходзіць у эміграцыі на першы план, калі забяспечваюцца базавыя патрэбы. І вы самі казалі, шо ў 2020-м былі ў стасунках. Але зараз Зміцер жыве ў Кёльне, а вы ў Варшаве....

— Яшчэ калі мы абмяркоўвалі магчымую эміграцыю, я зразумела, што не хачу ехаць у Нямеччыну, што мне там будзе вельмі складана. Вырашыла для сябе: паеду ў Польшчу, дзе больш зразумелая мова. А пра стасункі нават не дамаўляліся: як будзе — так будзе.

Мне здаецца, што стасункі нават палепшыліся, калі мы зараз знаходзімся на адлегласці. Зараз Зміцер — мой лепшы сябра, вельмі мяне падтрымлівае. Пытанне адзіноты, канешне, узнікае. Але я насамрэч інтравертыўны челавек, мне і з самой сабой добра.         

Зміцер распавядаў, прынамсі, што стасункі былі адкрытыя, і ўсіх яго дзяўчат гэта задавальняла. І вас таксама? Мо гэта трэнд новага сусвету?

— Я з самага пачатку ведала пра погляды Змітра і думала, што буду спакойна гэта ўспрымаць. Але з часам з’явілася шмат рэўнасці і эмацыйных выбухаў.

Потым здарылася рэвалюцыя, і асабістыя перажыванні адышлі на другі план. У выніку мы нават сталі бліжэй з усімі гэтымі справамі па Лебядзінаму.

Калі я з’ехала і пажыла адна, мае погляды на стасункі змяніліся. Я зразумела, што для мяне вельмі важная асабістая прастора. Я магу быць адна даволі доўга, і мне камфортна стасавацца з чалавекам, напрыклад, раз на тыдзень.

Цяпер падаецца, што не адчувала б такой рэўнасці, калі б мой партнэр сустракаўся з кімсьці яшчэ. Я не магу задаволіць усе патрэбы партнэра, асабліва калі яму патрабуецца шмат камунікацыі, а мне — значна менш.

Галоўнае — разумець сябе, слухаць блізкага чалавека і рэгулярна пераасэнсоўваць, як змяняюцца вашы патрэбы і погляды.

Калі партнэр заўсёды побач, узнікае адчуванне, што ён належыць табе, і ты прызвычайваешся да гэтага. Але калі паміж вамі больш «паветра», застаецца менш часу на ўласныя комплексы. Замест гэтага думаеш, чым падзяліцца, што абмеркаваць, як правесці час разам. А калі накатваюць негатыўныя эмоцыі, мо лепш проста пайсці адпачыць, каб не паддавацца імпульсам.

«Я правяла практыку развітання з Менскам»

Вы пісалі пра 2020-ы, што «гэта была крутая рэвалюцыя, мы адсякалі прыхільнасці як маглі. І зараз не спыняемся, а перамагаем». Ці атрымліваецца, на ваш погляд?

— Думаю, што ў кожнага, хто не расчараваўся, у каго яшчэ ёсць вера ў сябе і беларусаў, атрымліваецца. Канешне, бываюць дні, калі адчуваеш расчараванне, пустэчу, цяжар ад думак пра тое, колькі яшчэ трэба зрабіць, і як гэта ўсё будзе. Узнікае нават паніка: «Божа мой, нічога ж не атрымаецца!»

Але круціць такія думкі па коле няма сэнсу — гэта толькі шкодзіць.

У такія моманты я імкнуся зрабіць перапынак для сябе: пайсці на шпацыр, адключыць паведамленні, паляжаць, заняцца ёгай ці проста патанчыць. Звычайна дастаткова некалькіх гадзін, каб адчуць палёгку. А заўтра ўжо прыходзіць новы дзень, з іншымі думкамі.

Тым, каго расчаравала беларуская справа, я б параіла на час заняцца нечым іншым. Магчыма, праз некалькі месяцаў ці год гэтыя людзі адчуюць патрэбу вярнуцца да яе з новымі сіламі і верай.

У мяне таксама быў перыяд, калі я не магла нават глядзець сторысы сяброў, якія засталіся ў Беларусі. Гэта выклікала слёзы і вострую боль. Разумела: гэта таму, што я раптоўна пакінула горад, не развіталася з Менскам, не прайшлася па сваіх улюбёных мясцінах, не наведала сяброў.

Здавалася, што ад мяне адарвалі важную частку, і гэта было вельмі балюча.

Аднойчы я вырашыла правесці практыку развітання. Я прагледзела шмат сваіх фота, архіўныя сторысы, шмат плакала і дзякавала Менску за ўсе добрыя гады, якія ён мне падарыў. Развіталася, спадзяюся, не назаўсёды. Гэта практыка прынесла мне палёгку.

У маім сэрцы жыве надзея, што мы яшчэ пабачымся. І гэта дае мне сілы рухацца далей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)