Общество

Набыў нерухомасці на мільён і гуляў у хакей з Віктарам Лукашэнкам. Факты пра новага намесніка міністра ўнутраных спраў

Былы начальнік рэспубліканскай ДАІ палкоўнік Дзмітрый Карзюк на днях атрымаў павышэнне: яго прызначылі намеснікам міністра ўнутраных спраў. Хутчэй за ўсё, ён пайшоў на месца Сяргея Хаменкі, які стаў міністрам юстыцыі. Між тым Дзмітрыя Карзюка можна было неаднаразова бачыць у адной кампаніі з сям'ёй Лукашэнкі на байкерскіх злётах. Карзюк нават гуляў у адной камандзе з Віктарам і Дзмітрыем Лукашэнкамі. І гэта не адзін цікавы факт пра яго. Наша Ніва расказвае, што яшчэ вядома.

Карзюк нарадзіўся ў Мінску 6 лістапада 1971 года. Службу ў міліцыі пачаў, калі яму было 23 гады. Стартаваў са старшага інспектара дарожна-патрульнай службы Мінгарвыканкама.

Затым дарос да камандзіра ўзвода, затым стаў намеснікам камандзіра роты. Потым камандзірам роты, а ў 1998-м узначаліў знакамітую «Стралу». А потым яго кар'ера моцна скокнула ўверх.

Як кажуць крыніцы «Нашай Нівы», Віктар Лукашэнка праводзіў свой чэмпіянат «Начная хакейная ліга». Гульні гэтай аматарскай лігі адбываліся ў позні час, а назва ў скарачэнні паўтарала вядомую абрэвіятуру — «НХЛ».

«Каманда, у якой гулялі Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі, называлася «Рубеж», ёй кіраваў міліцэйскі начальнік Навумаў. Ён жа і падцягваў туды людзей са сваёй арганізацыі, якія хоць троху маглі б стаяць на лёдзе — агульны ўзровень быў вельмі нізкі, — расказваюць нашы крыніцы. — Так Карзюк нечакана для сябе ўвайшоў у колы Лукашэнкі.

Ён быў не балбатлівы — многіх выгналі з той каманды за тое, што яны рабілі здабыткам шырокай аўдыторыі размовы ў раздзявалцы, а вось Карзюк маўчаў».

Праз нейкі час ён дадаткова стаў начальнікам рэвізійнай камісіі Прэзідэнцкага спартовага клуба, які сам узначальваў.

У 2008-м Карзюк стаў начальнікам мінскай гарадской ДАІ, у 2016-м узначаліў рэспубліканскую ДАІ.

Гэта адзін з нешматлікіх людзей, які мог з'явіцца ў кампаніі адразу трох Лукашэнкаў. У яго аказалася захапленне матацыкламі, як і ў Віктара Лукашэнкі.

«Недзе там жа, побач, круціўся сябра Карзюка — уласнік салона «Ямахі». Супадзенне ці не, але неўзабаве матацыклы суправаджэння «Стралы» з БМВ змяніліся на «Ямаху», — гавораць нашыя крыніцы. — Адметны той факт, што шматлікія скандалы ў ДАІ і крытыка інспекцыі з боку Аляксандра Лукашэнкі на кар'еру Карзюка ніяк не паўплывалі».

Мае дом на 251 квадратаў і амаль такую ж па плошчы кватэру

Карзюк — нечакана багаты для звычайнага даішніка. Па нашых даных, агульная цана нерухомасці, якая запісаная толькі на яго, перавальвае за мільён беларускіх рублёў.

Так, яму належыць дом на 251 квадратны метр з дзвюма тэрасамі, падвалам і лазняй у вёсцы Звенячы. Гэта катэджны пасёлак «для сваіх» за 20 кіламетраў ад Мінска.

З гэтым пасёлкам звязаная скандальная гісторыя. Справа ў тым, што зямля, на якой ён пабудаваны, была вынята з сельскагаспадарчага абароту ўказам старшыні сельвыканкама.

Калі пачалі разбірацца, аказалася, што старшыня ўжо выехаў з Беларусі, а на зямлі выраслі домікі «паважаных людзей» — так і пакінулі.

Дом Карзюка ў Звенячы

«Акрамя дома Карзюк разам з маці валодае 1/9 часткі аднакватэрнага жылога дома на 82,4 квадратнага метра. Яны спадкаемцы па завяшчанні, — адзначаюць нашы крыніцы. —

На вуліцы Кнорына, 17д Карзюку належыць кватэра на 58 квадратных метраў, У 2012 годзе ён набыў яе ў «Тапаса».

Дом на Кнорына, 17д на заднім фоне

Але разынка нерухомасці Карзюка — двухпакаёўка на Ратамскай на 273,6 квадратных метраў.

Гэта ў «Алімпік Парку» ад «Тапаса» ў зоне «Лебядзінага», элітным комплексе, складзеным з пяці- і сяміпавярховікаў, а таксама катэджаў на дзве сям'і. Насупраць Драздоў. Там жа, напрыклад, мае кватэру Наталля Эйсмант.

«Купіў гэтую кватэру Карзюк на $100 тысяч танней за рынак: квадратны метр там прадавалі па 1600 долараў. Але Карзюк па невядомых прычынах купіў па $1050 за квадрат, — гавораць крыніцы. — Нават так гэта нямала — 286 тысяч долараў. Прырода зніжкі для начальніка ДАІ невядомая. Можа быць, гэта звязана з тым, што і ўласнік «Тапаса» Павел Белы, і Дзмітрый Карзюк — хакеісты-аматары?»

Нумары машын выбіраў, згодна з датамі нараджэння дзяцей

Нашы крыніцы расказваюць пра сямейнае жыццё ў намесніка міністра досыць пакручастае: ён быў жанаты некалькі разоў. Ад першай жонкі ў Карзюка сын і дачка, ад другой — дзве дачкі і хлопец.

«Адной з асноўных прычын разводу з першай жонкай стаў факт цяжарнасці сястры жонкі, — расказваюць нашы суразмоўцы. — Яна нарадзіла дачку ў 2007-м годзе, бацькам запісалі неіснуючага чалавека. У гэтым жа годзе, праз два тыдні пасля родаў, шлюб Карзюкоў разваліўся, а паміж роднымі сёстрамі прабегла чорная котка.

Сваю другую жонку, браслаўчанку, Карзюк знайшоў у гасцявым доміку для паляўнічых. Паляванне — адно з яго шматлікіх хобі, але падчас яго ён стабільна спыняўся ў адным гасцявым доме, і на нейкім этапе пазнаёміўся з дачкой гаспадароў, на ёй і ажаніўся. Яна нарадзіла яму дзвюх дачок і хлопчыка.

Дарэчы, нумары на свае машыны Карзюк афармляў згодна з датамі (дзень-месяц) нараджэння сваіх дзяцей».

«Карзюка вельмі доўга цягнулі ў генералы»

«Калі прыйшоў начальнікам у Мінскае ДАІ — гэта быў глыток свежага паветра. Не самадур, чалавек адкрыты і прафесійны ў рабочых пытаннях, але другі бок яго жыцця не дазваляў падначаленым яго паважаць», — так апісваюць Карзюка былыя падначаленыя.

Галоўныя паказчыкі работы ў ДАІ — каб людзі не гінулі, каб быў нармальны трафік, каб алкаголікаў за стырном было меней. Гэтаму Карзюк даваў рады, гавораць нашы суразмоўцы.

«Палкоўніка Карзюк атрымаў датэрмінова за «геройскі» ўчынак — адзін спрабаваў стрымліваць натоўп на праспекце Незалежнасці каля Кастрычніцкай плошчы ў снежні 2010-га, што трапіла на відэа і, далей, на стол да Лукашэнкі, — гавораць нашы суразмоўцы. — Праз сяброўства з Віктарам Лукашэнкам Карзюк стаў недатыкальным. Вядомыя гісторыі, калі ў 2009-м з работы звольнілі афіцэра ААЦ толькі за тое, што ён прапанаваў праверыць нейкую аператыўную інфармацыю, што кампраметавала Карзюка».

Пачынаючы з 2020-га, супрацоўнікі ДАІ, падначаленыя Карзюка, праявілі сябе досыць жорсткімі. Пра метады іх работы з'явілася нямала зліваў ад аб'яднання хакераў.

«Карзюка вельмі доўга цягнулі ў генералы: справа ў тым, што начальнік ДАІ — гэта не генеральская пасада. Згодны ён быў на што заўгодна, нават стаць начальнікам Дэпартамента аховы — але Караеў не пусціў, зацвердзіў Хаменку», — гавораць суразмоўцы «НН».

Але так выйшла, што генерала Карзюк атрымае на былой пасадзе Хаменкі, які пайшоў у Мінюст — намесніка міністра, які курыруе кадры ў МУС.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.2(40)