Скандалы

На п’янага кіроўцу, які на мяжы падчас акцыі ўдарыў дзяўчыну, завялі крымінальную справу

26 чэрвеня на прапускным пункце Мядзінінкай падчас дазволенай акцыі кіроўца грузавіка накінуўся на ўдзельнікаў дазволенага пікету і нават ударыў дзяўчыну. Дар’я, якая атрымала траўму, распавяла Белсату, што насамрэч падобныя выпадкі і агрэсія сустракаюцца вельмі рэдка.

Блакаванне дарогі на літоўскай мяжы. Фота: чытачы «Белсату»

З пачатку чэрвеня з ініцыятывы Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення на літоўска-беларускай і польска-беларускай межах ладзяцца акцыі, падчас якіх беларусы патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, вызвалення палітвязняў і зняцця забароны на перасячэнне беларускай мяжы, заклікаюць Еўразвяз увесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

З дазволу ўладаў удзельнікі акцыі спыняюць рух грузавікоў. Кіроўцам у гэты час тлумачаць сутнасць сваіх патрабаванняў. Адна з удзельніц акцыяў Дарʼя распавяла «Белсату», што падчас спынення руху кіроўцы разумеюць і пагаджаюцца з імі. Звычайна пікеты праходзяць вельмі станоўча. Але 26 чэрвеня адзін з кіроўцаў раптам кінуўся на людзей.

«Гэта быў грамадзянін Расеі, 57-гадовы мужчына, які быў пʼяны. У ягонай крыві зафіксавалі 1,31 праміле алкаголю. Ён рэзкім рухам рукі нанёс удар па маім твары праз капялюш, я адчула фізічны боль. Мужчыну арыштавалі і даставілі ў аддзяленне паліцыі, распачалі крымінальную справу. Гэта быў звычайны кіроўца, які павінен быў яшчэ 13 гадзінаў стаяць у «адстойніку», але пасля правакацыі блогера Лаўрынаса Рагельскіса, які падышоў да кіроўцаў і прапанаваў ім спыніць акцыю, забраць у нас сцягі, узнік канфлікт. А я проста апынулася побач, і кіроўца вырашыў адыграцца на мне», – распавяла «Белсату» Дарʼя.

Актывістка кажа, што паводле некаторай інфармацыі, цяпер гэтага чалавека ўзялі пад апеку ў консульстве, але на час разбіральніцтва яго не выпусцяць з Літвы. Не вядома, ці ён цяпер за кратамі, ці на волі.

Увогуле канфлікты падчас такіх акцыяў не частыя. Такі інцыдэнт, каб чалавек пачаў распускаць рукі, – здарыўся ўпершыню.

«Быў яшчэ адзін інцыдэнт, калі аднаго з удзельнікаў акцыі нагою штурхнуў працаўнік амбасады падчас пікету каля беларускага пасольства. Але з блогерам Лаўрынасам даволі часта ўзнікаюць канфлікты. Гэта відэаблогер, які вельмі не любіць беларусаў і часта робіць правакацыі, у тым ліку б’ецца. Ён прысутнічае практычна на кожнай нашай акцыі і намагаецца паказаць нешта кепскае».

Але агулам акцыі напоўненыя спевамі, гумарам і натхненнем, кажа Дарʼя. Агрэсіі і яе праяваў практычна няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(32)