Общество

«На БДУ прыходзілі спісы тых, хто падпісваўся ў 2020-м за дэмакратычных кандыдатаў. Большасць звальнялася моўчкі»

Наша Ніва пагутарыла з экс-дацэнткай БДУ Розай Турарбекавай пра нядаўні зліў кіберпартызанаў, які раскрывае маштаб рэпрэсій у галоўным беларускім універсітэце.

Галоўны корпус БДУ. Фота: «Наша Ніва»

Для Розы інфармацыя ад кіберпартызанаў — чарговае пацверджанне сітуацыі ў БДУ, якая ёй добра знаёмая: «Катастрофа, што здарылася з вышэйшай адукацыяй і навукай, была для нас бачная, але, на жаль, у нас не было прамых доказаў і статыстыкі рэпрэсій. Таму я ўдзячная кіберпартызанам, што яны на прыкладзе БДУ паказалі маштаб рэпрэсій ды яшчэ прад’явілі сведчанне пра рэпрэсіі ад рэктара і прарэктара БДУ».

Роза ўспамінае, што першымі ў БДУ пад пераслед трапілі студэнты, рэпрэсіі ў адрас выкладчыкаў спачатку не былі масавымі. Але па меры разгортвання рэпрэсій усё змянілася.

Турарбекава — адна з заснавальніц Вольнага прафсаюза БДУ. Яна згадвае, што на той час арганізацыю не атрымалася зарэгістраваць і на яе чальцоў пачаліся ганенні. Але прафсаюз усё роўна працягнуў працаваць і збіраць інфармацыю пра рэпрэсіі ў БДУ.

«Масавыя звальненні пачаліся ў лістападзе 2021-га, тая хваля працягнулася да студзеня-лютага 2022-га. Было тры групы супрацоўнікаў пад пагрозай. Першых проста звальнялі, другім рабілі папярэджанне, але было зразумела, што цягам часу іх звольняць. Трэцяя група атрымлівала проста папярэджанне.

Мы даведаліся па сваіх каналах, што ва ўніверсітэт прыйшоў вялікі спіс і па ім пачалі працаваць ва ўсіх структурах універсітэта. На той час людзі ўжо былі настолькі напужаныя, што не ўсе паведамлялі пра ціск. Тым не менш, да нас прыходзіла шмат паведамленняў пра рэпрэсіі практычна з усіх факультэтаў», — адзначае Турарбекава.

Большасць з тых, каго звольнілі, былі вымушаныя напісаць заяву па згодзе бакоў. Роза была сярод тых, каго вымусілі пакінуць БДУ такім чынам.

Вось што яна расказвае пра адзін з інструментаў запужвання:

«Калі вы не падпарадкоўваецеся і не пішаце заяву, уключацца праваахоўныя органы, і чалавеку будзе пагражаць адміністрацыйны арышт ці нешта горшае.

Тых людзей, хто працягваў змагацца за свае правы, саджалі па крыміналках. Ёсць выпадкі, калі на асобных выкладчыкаў ціснулі і яны двойчы ці тройчы траплялі на Акрэсціна, да іх прыходзілі кадэбэшнікі. Ціск і пагрозы былі жахлівыя, тым больш што для людзей гэта была стрэсавая сітуацыя.

Спісы гэтых людзей прыходзілі на факультэты, па нашай інфармацыі тая хваля закранула каля 100 чалавек. Дакладна сказаць не можам, бо мы самі гэтыя спісы не бачылі, нам пра іх расказвалі тыя, хто іх бачыў. Звальненнямі займаліся дэканы факультэтаў ці іх першыя намеснікі па вучэбнай працы — як мінімум, так было на ФМА».

На думку Розы, спісы прыходзяць з Камітэта дзяржбяспекі, і ў першую чаргу яны заснаваныя на інфармацыі з Цэнтрвыбаркама пра тых, хто падпісваўся ў 2020-м за дэмакратычных кандыдатаў.

Восенню 2023-га пераследавалі людзей, якія ўвогуле не праяўлялі пратэсную актыўнасць. Адзінай іх актыўнасцю быў подпіс за кандыдатаў, а гэтыя подпісы тады здавалі ў Цэнтрвыбаркам. Пазней Розе паведамлялі, што так і ёсць, але дакументальных сведчанняў пакуль няма, акрамя словаў сведкаў.

Самі спісы на звальненне знайсці складана.

Але кіберпартызаны знайшлі галасавое паведамленне, дзе рэктар БДУ Андрэй Кароль пацвярджае, што рэпрэсіі ў БДУ закранулі каля 500 супрацоўнікаў.

Звальненні ў БДУ працягваюцца, звычайна гэта адбываецца ў пачатку ці ў канцы навучальнага года, калі ў супрацоўнікаў заканчваюцца кантракты. Людзям паказваюць паведамленні пра непрацяг кантракта, на якіх стаіць подпіс прарэктара па бяспецы Яраслава Чаркаскага. Турарбекава мяркуе, што можа быць яшчэ адна хваля звальненняў, прымеркаваная да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

З-за маштабных звальненняў на некаторых факультэтах зніклі цэлыя кірункі навуковай працы, некаторыя спецыяльнасці давялося перафарматаваць: напрыклад, на ФМА закрылі кафедру еўрапейскага прыватнага права.

Гэта датычыць не толькі БДУ, Турарбекава спасылаецца на падобныя звесткі з Акадэміі навук, Лінгвістычнага ўніверсітэта, БНТУ, БДУІРа, рэгіянальных універсітэтаў. 

Навукоўка адзначае, што звальнялі каштоўных спецыялістаў, але людзі баяліся казаць пра гэта публічна. Большасць моўчкі сыходзіла з БДУ, бо яны баяліся прыцягнуць да сябе хоць нейкую ўвагу.

«Апошні раз я чула пра звальненні восенню 2023-га. Гледзячы па запісе, які атрымалі кіберпартызаны, з пачатку рэпрэсій звольнілі каля 500 чалавек, усё адбывалася паэтапна.

Звальненне выкладчыка за публічна праяўленую палітычную пазіцыю — гэта адзін з цяжкіх відаў рэпрэсій ў акадэмічнай супольнасці, рэпрэсіі — гэта не толькі арышты і расстрэлы», — заўважае Роза.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(9)