Общество
Радыё Свабода

На аздараўленьне за мяжу едзе ў 5 разоў менш дзяцей

Беларускі дабрачынны фонд “Дзецям Чарнобылю” паведамляе, што колькасьць дзяцей, якія выяжджаюць на аздараўленьне за мяжу, скарацілася з 15 да 3 тысяч чалавек. Адной з прычынаў сталася распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі ад студзеня мінулага году, якім было забаронена вывозіць на аздараўленьне за мяжу школьнікаў падчас навучальнага году. У дабрачынных арганізацыях заяўляюць, што за тры месяцы летніх вакацыяў паправіць здароўе ўсіх дзяцей немагчыма.

Вікторыя Мялешка з Гомелю ўжо другое лета запар адвозіць сваю 12-гадовую дачку да бабулі ў раённы цэнтар Ветка. На аздараўленчы адпачынак за мяжу дзяўчынку не ўзялі. Гаворыць маці Вікторыі, Вольга Мялешка:

(Мялешка: ) “Мы лічымся чарнобыльскай зонай. І ня толькі раён, але й Гомель сам. Раней былі на адпачынку ў Нямеччыне, Італіі. І мы падыходзілі, каб даведацца, возьмуць яе альбо не. Сказалі: не, вашае дзіця ўжо было за мяжой і яе ня возьмуць”.

У фондзе “Дзецям Чарнобылю” паведамілі, што ад пачатку дзейнасьці дабрачыннай арганізацыі толькі праз фонд на аздараўленьне за мяжу выпраўлялі да 15 тысяч дзяцей штогоду. Цяпер гэтая лічба крыху больш за 3 тысячы. Прычынай таму стала грувасткая працэдура атрыманьня дазволаў у міністэрствах адукацыі, здароўя й іншых арганізацыях. Зьявілася шмат іншых перашкодаў, але галоўная — забарона адпачынку падчас навучальнага году, кажа супрацоўніца фонду “Дзецям Чарнобылю” Вольга Дашкевіч.

(Дашкевіч: ) “Па-першае, ў Беларусі лета кароткае. Яно не заўсёды цёплае, каб дзеці маглі добра адпачыць. Па-другое, мы ня маем чыстых харчоў. Як бы ўлада ні імкнулася схаваць, але я часта бываю ў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях і заўсёды чую ад жанчын вось гэтую вялікую заклапочанасьць, што дзеці штодня харчуюцца бруднымі прадуктамі. І, канечне, калі дзеці трапляюць за межы Беларусі, то гэта і адпачынак, і аздараўленьне, і чыстыя харчы. Таму, канечне, вельмі шкада, што нашыя дзеці пазбаўленыя вось такіх вось магчымасьцяў”.

Тое, што дзеці пацярпелай ад Чарнобылю Беларусі страчваюць магчымасьць аздараўляцца за мяжой, вельмі шкодзіць здароўю ўсёй беларускай нацыі, кажа сустаршыня грамадзкай арганізацыі “Жаночы незалежны дэмакратычны рух” Людміла Пеціна.

(Пеціна: ) “З-за таго, што зімой нікога не аздароўлівалі, нашая арганізацыя сёлета нават не прымала заявак ад грамадзянаў. Бо зь мінулых гадоў засталося гэтулькі дзяцей, якіх не аздаравілі, што хаця б іх за лета адправіць — цяжка сказаць, адправім ці не. А другое, замежныя фундатары таксама ня хочуць празь цяжкасьці прабівацца. Да прыкладу, дзяцей старэйшых не адпускаюць, а яны ня хочуць браць іншых, бо сем’і прывыклі да сваіх дзяцей і хочуць запрашаць іх паўторна. У зьвязку з гэтым інтарэс падае, і гэтыя праблемы не дадаюць аптымізму, і групы зьмяншаюцца штогоду”.

Паводле афіцыйных паведамленьняў, толькі сёлета ў Беларусі з-за непадрыхтаванасьці да аздараўленчага сэзону зачыненыя 24 дзіцячыя лягеры адпачынку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)