МЗС Беларусі аб спрэчцы паміж пасольствам Расіі і Гістарычным музеем: Не трэба з гэтага рабіць драму

Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз пракаментаваў «Нашай Ніве» спрэчку паміж пасольствам Расіі ў Беларусі і Нацыянальным гістарычным музеем пра Тадэвуша Касцюшку.

«Лічу, што не трэба з гэтага рабіць драму. Беларусь, беларускі народ для сябе сваіх герояў, у тым ліку гістарычных, вызначыў. І зрабіў гэта карэктна, не ўмешваючыся ў справы іншых і не залазячы на чужую тэрыторыю. Гэта галоўнае. У нас няма комплексаў з гэтай нагоды, і нашай краіне не патрэбнае прызнанне або адабрэнне ад каго б там ні было гэтага факту, акрамя саміх беларусаў. З гэтага трэба і зыходзіць.

Мы суверэнная дзяржава. І няма ніякага сэнсу займацца навешваннем палітычных ярлыкоў, тым больш неадназначных. Гэта меншае, што нам трэба ў год народнага адзінства.

Мы не збіраемся перапісваць гісторыю. Больш за тое, мы сумесна з Расійскай Федэрацыяй гэтаму супрацьстаім. І кіраўніцтва МЗС Расіі неаднаразова гэта падкрэслівала, гэта наш агульны падыход.

Таму Нацыянальны гістарычны музей выказаў нармальную і адназначную пазіцыю. Яна можа падабацца ці не падабацца, але яна ў нас такая. І спрэчка пра гэта павінна весціся ў рамках экспертнай і канструктыўнай дыскусіі».

Нагадаем, што супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея напісалі на сваёй старонцы ў інстаграме, што 275 гадоў таму, 4 лютага, нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.

Пасольства Расіі сцвярджае ў сваім каментары, што «назваць Касцюшку «беларускім нацыянальным героем» = распісацца ў сваім гістарычным невуцтве».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.4(14)