«Мяркуючы па дынаміцы, варта хвалявацца і Алегу Гайдукевічу». За што затрымалі Кастусёва?

Стала вядома, за што затрымалі старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

— Палітык, які заўсёды мае канструктыўную пазіцыю і размаўляе з уладай, — піша пра Кастусёва палітык Ігар Барысаў. — У верасні 2020 года 10 партый выступілі з сумеснай рэзалюцыяй адносна сітуацыі ў краіне. Гэта быў фактычны пасыл уладзе, што калі не ўспрымаеце адну пляцоўку для перамоваў, то ёсць іншая — інстытуцыяналізаваная.

Улада гэта ацаніла. 8 з 10 партый атрымалі афіцыйныя папярэджанні.

Але, дынаміка ў краіне пачалася такая, што пачынаюць затрымліваць за сам факт прыналежнасці да палітычнай партыі.

Напярэдадні прыняцця новага закона «Аб палітычных партыях» і перарэгістрацыі арганізацый затрыманне кіраўнікоў палітычных арганізацый — яскравы пасыл грамадству, што не ўсе выжывуць і не ўсе ўпісваюцца ў гэтую палітычную сістэму. 

Мяркуючы па дынаміцы варта хвалявацца не толькі іншым апазіцыйным палітыкам, але і тым, хто дэманструе лаяльнасць да дзеючай улады, у тым ліку і Алегу Гайдукевічу. У гэтай сістэме ніхто не абаронены, — робіць выснову Барысаў.

Пазней стала вядома, што лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў затрыманы як падазраваны па артыкуле 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх».

Пра гэта Нашай ніве паведаміў зяць палітыка Зміцер Антончык. У самога Антончыка дома ў Шклове прайшоў вобшук: забралі страйкбольны аўтамат, сістэмнік, а таксама некаторую літаратуру. Зміцер Антончык, якога раней затрымалі, зараз на волі.

Нагадаем, Партыя БНФ увайшла ў аргкамітэт па арганізацыі «Чарнабыльскага шляха». 9 красавіка заяўка на правядзенне акцый была перададзена ў Мінгарыспалком. Рыгор Костусеў быў адным з падпісантаў. Адказ улады чакаецца па законе да 21 красавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.2(25)