«Мы не дзікуны, якія не змогуць жыць у гатэлі. Ненавіджу межы і візы»
Паэт і празаік Серж Мінскевіч распавёў «Салідарнасці», чаму на яго і Лявона Вольскага напалі рэкеціры, пры якіх абставінах з’еў «маладога паэта» і што падвергла яго напісаць кнігу пра Крышціяну Раналду.
Фота з сайта movananova.by
– Мінскевіч – гэта ваша сапраўднае прозвішча?
– Цяпер такое прозвішча ў мяне і ў пашпарце. Насамрэч яно не сапраўднае, хаця ў інтэрнэце я знайшоў некалькі чалавек з такім імём. Расшыфроўваецца яно лёгка – сын горада Мінску. Не Менску, а Мінску – застойнага гораду 70-80-х гадоў, часоў майго дзяцінства, калі я жыў на плошчы Перамогі каля тэлевежы. Калісьці надрукаваў некалькі вершаў пад прозвішчам Мінскевіч у «Чырвонай змене», псеўданім да мяне прычапіўся і я вырашыў яго ўзаконіць.
– Дык сапраўднае ваша прозвішча якое?
– А навошта гэта афішаваць? (усміхаецца – С.). Паколькі я пісаў пад псеўданімам, то была блытаніна з ганарарамі, навуковымі артыкуламі. У 2003-м пайшоў узаконьваць псеўданім. Занёс кіпу артыкулаў, у тым ліку пераклад «Дзядоў» Міцкевіча на беларускую мову, дзе прысутнічалі і мае фотаздымкі. Пасля яны згубілі паперы, прыйшлося ўсё рабіць па новай, такім чынам працэдура заняла два гады.
Але імя Серж так і не дазволілі напісаць у пашпарце. Сказалі, што гэта не ў традыцыі беларускага народа, маўляў, у нас не прынята даваць такія імёны, хаця гэта не так. Таму ў пашпарце я застаўся як Сяргей. Сёння ўжо як хочаш можаш змяніць імя ў пашпарце – адно плаці грошы. Але тады давядзецца мяняць шмат розных папер: пасведчанні аб нараджэнні, шлюбу, ваенны білет, правы, дакументы на жыллё і г.д.
– Ваша маладосць прыйшлася на пачатак 90-х…
– Вярнуўся з войску ўвесну 1989 года. Да паступлення ва ўніверсітэт быў час і я пайшоў працаваць у археалагічны атрад Інстытута гіторыі. Працаваў, у тым ліку, на раскопках царквы Святога Духа ў Менску.).
Раскопкамі кіраваў Зянон Пазьняк. Казаў, у якім месцы і як капаць, а як знаходзілі які прадмет ці чарапы, косткі пахаваных, ён падыходзіў і фатаграфаваў. Працаваць з ім было лёгка. Задачы Пазьняк ставіў вельмі дакладныя і канкрэтныя. Яшчэ што запомнілася: тады дзіўна было чуць ад чалавека чыстую беларускую мову. Калі пераехаў жыць на Ангарскую, аказалася што там таксама жывуць Пазьняк і Хадановіч. Сустракаў Зянона ў тралейбусах, віталіся, паводзіў ён сябе сціпла – пазнавалі толькі па шляпе.
– Як вы аказаліся на плошчы Незалежнасці падчас путчу 19 жніўня 1991-га?
Серж Мінскевіч – крайні злева. Фота са старонкі Cяргея Навумчыка ў Facebook
– Ну тады многія мінчукі цікаваліся падзеямі ў краіне. Быў Гарбачоў, а тут ён раптам знік: што гэта такое?! Людзі хацелі некай справядлівасці. Гэта быў час, калі людзі былі актыўныя, былі жывыя размовы, спрэчкі. На вуліцы выходзілі нават не мітынгаваць, а каб расказаць пра свае адчуванні, думкі, абмеркаваць, як жыць далей.
– Вы - адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў постмадэрновага літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». Якая акцыя вам найбольш запомнілася?
– У гэтым годзе «Бум-Бам-Літу» 20 гадоў, можа ўвосень якую акцыю правядзем. А з іншага боку: а чаму мы павінны прымеркаваць яе да круглай даты?
…Мы, маладыя паэты і творцы, таксама вырашылі ладзіць акцыі: але не палітычныя, а эстэтычныя. Назваліся «Бум-Бам-Літам», каб людзі не пыталі: хто гэта такія? Абвесцілі, што будзем фармаваць творы ўжывую ў Парку Горкага. Узялі тазік, малаток майго дзеда і брэнцалі, каб людзі падыходзілі паслухаць вершы. У нас не было размоваў: кепскі паэт ты ці не. Ёсць імпэт тварыць – наперад. І людзі цікавіліся жывой літаратурай, падыходзілі, стваралі кола.
У Лепелі на наш выступ у клубе набілася столькі людзей, што на нас напаў рэкет. Хлопцы падумалі, што мы зарабляем шмат грошай. Падчас выступу за кулісы прайшлі два бамбізы, выклікалі мяне і Лявона Вольскага: скідвайцеся, палову грошай нам. Я давай даказваць, што мы выступаем бясплатна. Нам не паверылі: што ты трындзіш, давай грошы. Я тады выскачыў на сцэну і сказаў у мікрафон, што зараз з’явіцца чалавек, які агучыць свае патрабаванні. Пачуў з-за кулісаў крыкі: я цябе знайду, я цябе заб’ю! Прыехала міліцыя, але гэтыя два бамбізы ўжо ўцяклі.
А праз некалькі год меў непрыемную сустрэчу ўжо не з рэкецірамі, а з міліцыяй. 1996-ты, рок-канцэрт супраць фашызму у Парку Горкага. Адыйшоўся з кампаніяй у бок, падыходзяць АМАПаўцы: прайдзёмце. Паказаў журналісцкае пасведчанне газеты «Культура» – нуль рэакцыі. У мяне выбілі дыктафон, надавалі па нагах, вынялі касету, раструшчылі, забралі нас у пастарунак, а мяне яшчэ і вывезлі на УАЗіку ў лес на Баравую. Пасля кульгаў на дзве нагі, Зміцер Вішнёў жартаваў: Панікоўскі не памірае.
Да гэтага часу не ведаю, што гэта было. Можа АМАПаўцы вырашылі, што я як журналіст за імі сачу? Але на наступны дзень галоўны рэдактар газеты дабіўся, каб вярнулі дыктафон. Іх начальнік тады прабачаўся.
Пасля гэтага з міліцыяй доўга не сутыкаўся, пакуль не здарылася чыста жыцейская гісторыя. Праз «барахолку» на «Анлайнеры» набыў мабільны тэлефон. Праходзіць літаральна тыдзень – званок з міліцыі: тэлефон скрадзены, просім вярнуць. Аказалася, скралі тэлефон ў інваліда-вазочніка – відаць, нехта падбег і атабраў. Скрадзеная рэч па ланцужку трапіла да мяне. Але прадавец выбачыўся і аддаў мне іншы тэлефон.
– Як у «бум-бам-літаўцаў» складаліся адносіны з пісьменнікамі старэйшага пакалення?
– Нам закідалі, што мы выступаем супраць класікаў, хаця насамрэч мы выступалі супраць забранзавеласці. А як на нас «наехалі» за выступленне з авангарднымі вершамі каля помніка Янкі Купалы! Ілля Сін зрабіў з батона цела маладога паэта, трымаў яго ў руках і чытаў за яго вершы. А паколькі мы былі галодныя, то пасля выступу з’елі «маладога паэта» пад напоі. Пасля выйшаў разгромны артыкул: быццам бы мы пакрыўдзілі Купалу сваімі вершамі. А што мы такога зрабілі? Было ж весела і цікава.
Нас лічылі ледзь не клоўнамі і не ўлічвалі, што мы займаемся сур’ёзнай навуковай працай, сярод нас ёсць кандыдаты навук. Зараз вось пад помнікамі Коласа і Купалы вершаў амаль не чытаюць.
Ды і па-за працай не толькі літаратурай займаліся. Я, да прыкладу, быў яшчэ заняты бардаўскай песняй і рок-гуртом «Жах», дзе выступаў як саліст, аўтар тэкстаў і музыкі (разам з Валянцінам Саўранчуком). Рэпетавалі там, дзе і «Ляпіс Трубецкой» – у Доме культуры МТЗ. Аднойчы яны запрасілі нас на торт з півам. Сказаў Міхалку, што ўпершыню песню «Ау» пачуў ў народзе, а пасля ўжо непасрэдна ад яго.
Байкі пра нашыя адносіны з алкаголем? Адкажу так: нам было далёка да таго кола, якое сфармавалася вакол Анатоля Сыса, дзе кожная сустрэча ўвечары сканчалася злоўжываннем. Сыс мог падыйсці пасля вечарыны: Мінскевіч, купі бутэлечку. Але я яго не асуджаю, ён сам выбраў такі шлях. Не судзіце, ды не судзімы будзеце.
Дарэчы, пра ўсе гэтыя забароны. У гэтым годзе, калі былі выпускныя, пайшоў у краму за хлебам. Абураліся ўсе, хто забыў пра забарону і хацеў набыць піва. Затым праязджаў ўздоўж леса на Ангарскай: выпускнікі са стужкамі і з пакетамі загадзя купленага піва ішлі святкаваць заканчэнне школы. Дык чаму дарослым людзям нельга?
Калісьці напісаў класны санэт пра Панікоўку (сквер каля Купалаўскага тэатра – С.). Такое ўтульнае месца было! Прыгожы парк, перад намі – хлопчык з лебедзем, збоку – Палацык вызвалення (грамадская прыбіральня – цяпер там білетныя касы тэатра). Дарэчы, у Берліне такія месцы засталіся. Чаму кажуць, што забарона піць піва на вуліцы – еўрапейская традыцыя, не ведаю. У Берліне нават у метро п’юць піва. Я спецыяльна стаў каля паліцэйскага, піў піва – нуль рэакцыі.
Таму маё меркаванне: трэба не забараняць, а падвышаць культуру. Я калі іду на пікнік, то ўсё смецце забіраю з сабою ў пакеце. Але ж прайдзіцеся па лясах – гэта жах. Фактычна смецце кідаецца на косці нашых людзей – тут жа столькі войнаў прайшло. А ў Даніі быў – ідэальная чысціня ў лясах і не толькі. У Капенгагене сыраежкі можна збіраць і есці.
Трэба падвышаць культуру, а для гэтага – падымаць фінансаванне навукі і гуманітарных сфер. Трэба падымаць нашы легенды. Вось адна з самых прыгожых: жыў князь Менск, у якога быў млын, дзе ён перамолваў камяні ў пірагі, карміў імі сваю дружыну, ад чаго людзі станавіліся волатамі і абаранялі нашу радзіму. Чаму не паставіць у горадзе гэты млын, побач князя Менеска на кані, каб людзі любілі сваё зямлю? Культура – базіс народу.
– Як здарылася, што вы напісалі кнігу «Золотой мяч Криштиану Роналду»?
– Па-першае, я заўсёды цікавіўся футболам. Па-другое, не люблю, калі на чалавека пачынаюць незаслужана «наязджаць». Шмат казалі: Раналду такі-сякі, сімулянт, робіць «ластаўкі» і «ныркі». Я пачаў уважліва сачыць за ім і зразумеў, што ў людзей склаўся непраўдзівы вобраз.
Чалавек стабільна забівае аграмедную колькасць галоў, пры тым што ў яго своеасаблівая костка у стапе – фактычна ўроджанае адхіленнем ад нормы. Таму ён так цікава бегае, быццам на насках, і таму, калі бяжыць, то не мае той раўнавагі, якая ёсць у таго ж Мессі. А выглядае быццам бы ён спецыяльна падае.
– Пытанне, якое даўно хваляе многіх заўзятараў свеце: Раналду – гей?
– Думаю, гэта блытаніна паняткаў. Ён – метрасэксуал, чалавек, які ўважліва сочыць за сабою. Раналду з беднай сям’і, яго бацька любіў выпіць, адна з мэтаў Крышціяну – зарабіць як мага больш грошай для сябе і сям’і. Калі ён аднойчы зарабіў ладную суму грошай, то сказаў маме: больш ты працаваць ня будзеш. Вялікія сродкі Раналду атрымоўвае на рэкламе (у тым ліку парфумы), на прадажы сваёй знешнасці. Таму ён вельмі уважліва сочыць за сабою. Жанчыны, з якімі ён сустракаўся, гэтага не разумелі, яны хацелі, каб ён быў прывязаны да іх. А ў нас яшчэ спрацоўвае такі чыннік: калі мужчына добра выглядае, «прылізаны» , то ён не брутальны, не мачо.
Ніякіх кампраметуючых фактаў у біяграфіі Раналду я не знайшоў.
– Што вас засмучае і радуе сёння?
– Засмучае стан культуры і творчых людзей, гуманітарыяў, іх нізкае матэрыяльнае забяспячэнне. А радуе тое, што я цяпер гуляю ў футбол з маладымі людзьмі, якія размаўляюць па-беларуску. У маім дзяцінстве і юнацтве гэта было цяжка ўявіць.
Фота з сайта art-s.by
– Чаго вам найбольш хочацца?
– Адкрытых межаў. Колькі розных народаў вандруюць па свеце і маюць лёгкі доступ да багаццяў сусветнай культуры і архітэктуры! А нам атрымліваць шэнгенскія візы вельмі цяжка. Мяне гэта нават не засмучае, а абражае. Беларусы – культурная нацыя, мы не дзікуны, якія не змогуць жыць у гатэлі. А нас правяраюць ледзьве не як злачынцаў. Я ненавіджу межы, усе інстанцыі звязаныя з імі і візы.
– Традыцыйнае пытанне да літаратара: вашы творчыя планы?
– Мяне засмучае, што ў беларускім тэатры ўсё меней з’яўляецца п’ес на беларускай мове. Таму ёсць ідэя стварыць зборнік фантастычных п’ес. І хачу даперакласці Гамлета на беларускую мову (ужо маю 30% п’есы), бо старым перакладам больш за 50 гадоў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное