Общество

Муж журналісткі Кацярыны Андрэевай трапіў на спатканне да жонкі

Ён расказаў пра новыя правілы ў калоніі па перадачах і пасылках.

27 красавіка Ігар Ільяш трапіў на спатканне да жонкі Кацярыны Андрэевай, якая ўтрымліваецца ў жодзінскай турме. «Белсат» апублікаваў расказ Ігара:

— Я атрымаў сёння амаль 2-гадзіннае спатканне з Кацяй. Высветлілася, што дакументы з суду ўжо дайшлі да калоніі, таму дазволы на спатканні, якія сваякам выдалі ў Менгарсудзе пасля апеляцыі, больш не дзейнічаюць.

У яе заставалася права толькі на адно спатканне да этапавання ў калонію з дазволу кіраўніка жодзінскай турмы — і я яго сёння выкарыстаў. То бок бацькі, бабуля і дзядуля Каці не змогуць яе пабачыць у Жодзіне.

Наогул, пасля таго як ў Жодзіна прыйшлі дакументы з суду, Кацю і Дашу (Чульцову) могуць этапаваць у Гомель у любы момант.

Таксама ад сённяшняга дня па перадачах і пасылках дзейнічаюць правілы калоніі — то бок не больш за 4 перадачы і 2 бандэролі за год, і толькі ад сваякоў. Не сваякі цяпер могуць дасылаць ТОЛЬКІ лісты, паштоўкі, тэлеграмы.

Даведаўся таксама, што Кацярыне з пачатку красавіка не передаюць газету «Новы час». Лісты аддаюць толькі заказныя. Звычайныя не прыходзяць зусім».

Фота TUT.BY

Нагадаем, журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова асуджаныя на два гады калоніі за стрым з «плошчы Пераменаў», дзе людзі сабраліся, каб ушанаваць памяць памерлага пасля збіцця Рамана Бандарэнкі.

Андрэеву і Чульцову прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(13)