«Моя ты милая, мотаю я «пятнаху». РСП прэзентаваў «турэмны» альбом
Словы і музыка для плыты «Шанс/off» былі напісаныя ў другой палове лютага мінулага года ў камеры № 15 следчай турмы горада Жодзіна. Рэпартаж Budzma.org з прэзентацыі.
13 лютага 2021 года на базе адпачынку «Агеньчык» у Смалявіцкім раёне МУС зладзіла аблаву на ўдзельнікаў і гледачоў канцэрта. Гралі ў той вечар гурты РСП, Panska Moc і Ok-Band, агулам міліцыя затрымала 68 чалавек.
Большасьць з іх, у тым ліку і музыкі, праз некалькі дзён былі асуджаныя да адміністратыўных арыштаў, якіяі адбывалі зусім недалёка ад месца затрымання — у следчай турме горада Жодзіна, добра вядомай шмат каму з удзельнікаў пратэстаў 2020 года.
Яшчэ праз тыдзень да удзельнікаў гурта РСП дадому з вобшукамі прыйшла міліцыя, шукалі незарэгістраваную сімволіку і іншыя прыкметы «злачынстваў». Аднак нічога не знайшлі, усе музыкі пасля «сутак» вярнуліся дадому.
Праз нейкі час гурт з’ехаў у Кіеў, дзе запісаў новы, бадай самы незвычайны ў сваёй кар’еры альбом «Шанс/off». Увесь ён прысвечаны лірычнаму герою, які расказвае пра свой побыт у жодзінскай турме.
І так адзін з самых «народных» музычных гуртоў Беларусі стаў яшчэ больш народным. 21 студзеня РСП прэзентаваў новую праграму ў Кіеве.
— Сёння ў нас незвычайны канцэрт, мы прэзэнтуем канцэптуальны альбом, — расказалі удзельнікі РСП перад выступам. — Год назад мы трапілі ў жодзінскую турму. Так адбылося. Па выхадзе мы далі інтэрв’ю і сказалі, што прэзентуем шансон-альбом. За кратамі мы напісалі восем тэкстаў і музыку. «Разбітае сэрца пацана» сказала, «Разбітае сэрца пацана» зрабіла. Праз год, але гэта не важна. Дзякуем за дапамогу ў яго стварэнні «Радзе беларускай культуры».
А пасля РСП пачалі граць тое, чаму мог бы пазайздросціць нават Міша Круг, калі б дажыў да масавых турэмных пасадак сучасных беларускіх музыкаў.
Сосны, белый снег и база «Огонёк»
И в подвале тлеет красный уголёк
На снегу он белом, словно БЧБ
Но вот ОМОН влетает и не приеду я к тебе
Классный был концерт, играли РСП
Но вот явился мент и все мы в РОВД.
Новая праграма РСП гучыць амаль камерна, па-рэстараннаму. Самае тое для сустрэчаў «адкінуўшыхся» з Жодзіна, Баранавічаў ці Акрэсціна «экстрэмістаў». Ідэальна для ўспамінаў пра шахматы з хлеба, вечаровыя «шмоны», халодны душ у бетоннай скрынцы ці «баланду» з паловай варанай бульбіны і кавалкам селядца на недапечаным хлебе. Ёсць у ёй месца і для любоўнай рамантыкі.
Моя ты милая, мотаю я «пятнаху»
Замок защёлкнулся и вот я не с тобой, ой-ой
Отдал бы я последнюю рубаху
Чтобы заехать в камеру с тобой.
Паслухаць усё гэта ў невялікі кіеўскі клуб «Сквот 17б» прыйшло каля 50 чалавек. Мяркуючы па рэакцыі, тэксты з новага альбому РСП цалкам адгукаліся ў сэрцах былых сядзельцаў камер беларускіх ІЧУ. Падпяваць людзі пачыналі амаль адразу нягледзячы на тое, што усе чулі гэтыя новыя песні РСП ўпершыню.
— Я сама не сядзела, але за апошні час гэта ўсё для нас стала амаль родным, мы ж усё ведаем з аповедаў сяброў, родных, з артыкулаў. Канешне, там і страшныя рэчы адбываліся, але і такая рамантыка ва ўспамінах у людзей таксама застаецца. Можа, лепш бы не было такіх альбомаў, але калі так атрымліваецца, то трэба ўсё адлюстроўваць у культуры, я думаю, — расказала адна з наведніц прэзентацыі «Шанс/off».
Хлопцы з РСП тым часам працягвалі расказваць пра прыгоды свайго лірычнага героя за кратамі жодзінскай турмы. Граюць новую праграму толькі два ўдзельнікі — Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі. Аляксандр Кавалёў і Андрэй Асіпчык прадстаўленыя на новым альбоме ў выглядзе гульцоў у шахматы.
Хітом новай праграмы гурта можа лёгка стаць трэк «А письма не приходят». Прычым не будзе дзівам яго пачуць і ў эфіры радыёстанцыі кшталту «Шансон FM»:
Ты напиши, как ты с утра проснулась
И что на завтрак было у тебя
Как твоё тело в душе сполоснулось
И опиши мне кружева белья.
Мне это надо знать, поверь ты, очень
Ведь это греет душу пацану
И мои мысли в эти дни и ночи
О том, как выйду и к тебе приду
А солнце всходит, солнышко заходит
А писем нет
А письма не приходят.
На стрымінгавых платформах «Шанс/off» ад РСП з’явіцца ў бліжэйшым часе. Музыкі кажуць, што не губляюць надзеі адыграць новыю праграму ў Беларусі. Сутарэнні следчай турмы Жодзіна для такога канцэрта будуць найлепшым месцам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное