Общество

«Міністар замежных спраў Украіны прапаноўваў ня ехаць у Беларусь»

Перад сёньняшнім затрыманьнем Радыё Свабода пагутарыла з мастаком Алесем Пушкіным, супраць якога ўлады завялі крымінальную справу за партрэт антысавецкага партызана.

Алесь Пушкін, тут і далей архіўнае фота

Генпракуратура завяла крымінальную справу супраць мастака Алеся Пушкіна за партрэт антысавецкага падпольшчыка з Пастаўскага раёну Аўгена Жыхара.

Ён дэманстраваўся на выставе ў гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця. Пракуратура ўбачыла ў гэтым наўмысныя дзеяньні мастака «па рэабілітацыі і апраўданьні нацызму» па частцы 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу.

Затрымалі на працоўным месцы

30 сакавіка Алеся Пушкіна затрымалі на працоўным месцы — ён аднаўляе палац Булгакаў у Жылічах Кіраўскага раёну — і адвезьлі ў Кіраўскі РАУС, паведамілі Свабодзе сябры мастака.

— Чатыры чалавекі ў цывільным скруцілі яго па руках і нагах, праз увесь гэты палац вывелі на вуліцу і запхалі ў машыну. Ён не хацеў сядаць,тады яго паклалі на жывот і скруцілі ногі, — расказаў Антон, супрацоўнік Алеся Пушкіна.

У «Белрэстаўрацыі» сказалі, што перадумалі звальняць Пушкіна

Учора ўвечары мастаку паведамілі, што з ААТ «Белрэстаўрацыя» яго не звальняюць.

— Дзіўная сытуацыя. Учора ўвечары сабраўся калектыў, праводзілі мяне. Але патэлефанаваў намесьнік гендырэктара і сказаў, што я застаюся на працы, — расказаў раніцай 30 сакавіка Алесь. — Я цяпер на рыштаваньнях, як нічога ніякага, працую, кладу золата ў палацы Ігнацыя Булгака, у залі № 17. У мяне рукі ў золаце, залачу антаблемэнт.

Раней Алеся Пушкіна выклікалі ў офіс «Белрэстаўрацыі», і кіраўніца аддзелу кадраў сказала, каб мастак пісаў заяву на звальненьне па ўласным жаданьні.

— Маўляў, справа пачатая, рэзананс, ты выступаў на выставе ў форме «Белрэстаўрацыі». Я сказаў, што ня буду пісаць заяву на звальненьне, бо я хачу працаваць у рэстаўрацыі, 9 сакавіка са мной падпісалі кантракт на год. Тады яна сказала, што мы знойдзем прычыну, каб вас звольніць, — расказаў Алесь Пушкін.

«Грукалі ў дзьверы так, што ледзь ня выламалі»

Пасьля вяртаньня з Кіева Алесь Пушкін даведаўся, што ў яго доме ў вёсцы Бабры ў дзьве гадзіны ночы зрабілі ператрус. Дома былі двое непаўналетніх (14 і 17 гадоў) дзяцей мастака і жонка.

— Грукалі ў дзьверы так, што ледзь ня выламалі, крычалі: «Адчыняй!». Гэта такая беспакаранасьць, што яны робяць як хочуць і што ім за гэта нічога ня будзе. Я два дні быў у Бабры, прыбіраў там усё, бо яны ж усё білі, піхалі, скідалі, высыпалі, папкі шпурлялі на падлогу, — кажа Алесь Пушкін. — Ніякіх дакумэнтаў мне не далі, і жонцы нават не далі вопіс канфіскаваных рэчаў, якія яны забралі, — тэлефоны, дзіцячы кампутар зь сямейнымі здымкамі, карціны, кнігі.

Алесь Пушкін у сваёй майстэрні, май 2018-га

Былі два сьледчыя, два міліцыянты з Горадні, пяць менскіх амапаўцаў і адзін паняты, у дзьве гадзіны ночы паднялі суседа-зваршчыка Валодзю. Сына Міколку разбудзілі і прымусілі адчыняць куфар, дзе ён захоўвае кальчугу, рыцарскі рыштунак. Забралі ўсе кнігі і плякаты на польскай мове.

Забралі партрэт бандэраўца. Калі я езьдзіў ва Ўкраіну на пленэр у зоне АТА ў 2015 годзе, то я яго напісаў. Яны вельмі ўзрадаваліся, што знайшлі такі партрэт, дзе на фоне Бандэры намаляваны баец добраахвотнага батальёна. Усё забралі.

Прапаноўвалі застацца ва Украіне

Пра тое, што супраць яго пачалі крымінальную справу, мастак даведаўся, калі быў яшчэ ва Ўкраіне.

— Міністар замежных спраў Украіны Дмытро Кулеба прапаноўваў застацца, ня ехаць у Беларусь. Дырэктарка «Арсэналу» Алеся Астроўска-Люта казала: заставайцеся, будзем рабіць палітычны прытулак.

Я сказаў, што паеду дахаты. Калісьці Пушкін босы хадзіў па Віцебску (пэрформанс, прысьвечаны Ясафату Кунцэвічу, які ладзіў раней мастак. — РС), насіў крыж Ясафата Кунцэвіча, вось узваліў той крыж і нясу дагэтуль.

Ясафат Кунцэвіч нікуды ня бегаў, не хаваўся ў падземны ход пад Дзьвіну, не ўцякаў у лёхі базыльянскіх муроў, а выйшаў на ганак і сказаў: „Ну што ж, я вам патрэбны, вось ён я, бярыце“. Яго секанулі па ілбе бердышом, звалілі, і ўсё.

Алесь Пушкін кажа, што зрабіць выставу ў Горадні прапанаваў яму Павал Мажэйка, уласьнік культурнай пляцоўкі «Цэнтар гарадзкога жыцьця». Мастак прывёз туды шэраг сваіх працаў.

— Сярод іх партрэт Вацлава Ластоўскага, партрэт Расьціслава Лапіцкага, які я насіў па Смаргоні і за які я сядзеў два разы па 15 сутак. Партрэт Аўгена Жыхара, партрэт дзяўчыны з блёк-паста ў Данецкай вобласьці, які напісаў у 2015 годзе. Там жа і абраз Маці Божай Бялыніцкай, які мы зь Міколкам насілі 27 жніўня ад праваслаўнай катэдры да Чырвонага касьцёла, і мы былі арыштаваныя. Там жа фота майго зьбітага цела, мэдычныя дакумэнты пра маё зьбіцьцё, выдадзеныя мэдцэнтрам, пасьля таго як мяне выпусьцілі з Акрэсьціна 14 жніўня.

Таксама «Сынкавіцкі трыптых», бо знаёмы з архіяпіскапам Арцеміем, якому ўручыў запрашэньне на выставу. Таксама ўручыў запрашэньне кіраўніку адміністрацыі Горадні Мячыславу Гою, начальніцы аддзелу культуры аблвыканкаму і іншым, усіх паклікаў. Адкрылі выставу, адзначылі, усё добра, 21-га паляцеў у Кіеў. А 26-га пачалі крымінальную справу. Яны доўга запрагалі, сем дзён думалі».

«Там жа патроны Другой сусьветнай вайны»

Партрэт Аўгена Жыхара выклікаў найбольшы рэзананс з усёй мастацка-дакумэнтальнай выставы. Алесь Пушкін кажа, што ўпершыню выстаўляў яго ў Глыбокім, а потым на штогадовай выставе Саюза мастакоў у Палацы мастацтва, на пэрсанальных выставах.

— Я яго вазіў нават у Швэцыю, баяўся яшчэ за гэтыя патроны. Там жа патроны адмыслова, дэкаратыўна прылепленыя да рамы, як боепрыпасы Другой сусьветнай вайны, — кажа Алесь Пушкін. — Што цяпер з гэтым партрэтам, арыштаваны ён ці не, я ня ведаю. Калі сьледчыя будуць спрабаваць мяне разгаварыць, то я буду маўчаць. Бо мастак намаляваў пэндзлямі і фарбай. А яны павінны ўжо падключаць мастацтвазнаўцаў, экспэртаў, гісторыкаў і глядзець, як ён намаляваны.

Усхваляе ён нацызм, ці гэта трагічная фігура, вельмі самотная, апошні «самурай» Глыбоччыны. Усе выказалі б сваю думку, і тады пайшла б дыскусія, народ пачаў бы цікавіцца сваёй гісторыяй.

«Магчыма, Пуцін аддасьць арыгіналы Яна Дамеля»

Алесь Пушкін задаволены працай на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён кажа, што тут раней была карцінная галерэя, якую вывезьлі ў Расею.

— Партрэтная галерэя Булгакаў цяпер у гарадзкім мастацкім музэі гораду Арла. Вось, магчыма, Пуцін аддасьць арыгіналы Яна Дамеля сюды. Мы адраджаем і капліцу, і мастацкую галерэю, усе інтэр’еры, хоць яшчэ многа працы наперадзе.

Пры гэтым Алесь Пушкін не выключае, што і сюды, у Жылічы, дзе знаходзіцца палац Булгакаў, прыедуць амапаўцы і будуць «сьцягваць яго за ногі з рыштаваньняў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(17)