10-15 сутак знаходжання ў няволі дастаткова, каб зразумець, што сэнс арышту ў адной асобна узятай краіне — у тым, каб прымусіць чалавека пакутваць усімі магчымымі спосабамі. Пакутваць фізічна і маральна, прымусіць адчуць сваю слабасць і бездапаможнасць перад сістэмай. Каб больш не захацелася мець і выказваць сваё меркаванне.
Мінчук пасля 13 сутак: «Без матрасаў, без паветра, без лістоў, без інфармацыі, без перадач, без паперы, без мыла, без прагулак, без сна, без якаснай меддапамогі»
Аляксей толькі нядаўна адбыў суткi за антываенны пікет. Ён тлумачыць «Салідарнасці», што рыхтаваўся да арышту загадзя, пытанне было толькі ў тэрміне ці памеры штрафу. Таксама расказвае пра сёняшнiя асаблiвасцi Акрэсцiна i фірменныя стравы ад мясцовага шэф-повара Жодзiна.
— Ніякіх ілюзій на конт таго, чым усе гэта скончыцца, не было з самага пачатку, — кажа мiнчук. — Таму перадусім настроіўся псіхалагічна, адклаў грошай на жыццё сям’і, пераставіў у зручнае месца машыну, падабраў адзенне і абутак — усё цеплае і без шнуркоў. І толькі потым шпацыраваў з плакатам «Не — вайне» на адну са сталічных вуліц.
Ён адмыслова стаў там, дзе машыны яшчэ не вельмі разганяюцца пасля светлафору, каб пабачыць вочы людзей, іхнюю рэакцыю. Першымі вітальна памахалі ў знак салідарнасці хлопцы, падобныя да вайскоўцаў, потым яшчэ хтосьці асцярожна сігналіў, падаючы знак, хтосьці уздымаў руку. Але было досыць і тых, хто адводзіў позірк.
Потым па класіцы: чорны бусік, тры мужныя АМАПаўцы на аднаго пацыфіста і нехта ў цывільным, хто хуценька расказаў, дзе яшчэ заўважыў «парушальнікаў грамадскага парадку».
— Першае, пра што спытаў амапаўскі патруль было «давай мабільны». Вельмі здзівіліся, што яго няма, не паверылі, абшукалі, не знайшлі, засамоціліся, — усміхаецца Аляксей.
У актавай залі РУУС, згадвае ён, сярод затрыманых вылучалася жанчына сталага веку ў футры і ботах, надзетых, здаецца, на голыя ногі.
Яе ўзялі проста ля пад’езду, калі выйшла пагуляць з сабакам. Даводзіла, што трапіла пад «хапун» выпадкова, абяцалі разабрацца і адпусціць. Адпусцілі… на 13 сутак.
— Пакуль чакалі, адзін з хлопцаў-пікетоўшчыкаў распавёў, што ўжо два гады яму цяжка стасавацца з бацькамі, бо тыя атрымліваюць інфармацыю толькі з тэлевізару і заўжды вераць прапагандзе; але потым, на шчасце, прыйшоў ковід і стасункі сталі рэдкімі. Уразіла, як дзіка гучыць — «на шчасце». Іншы мужчына выказаўся, што, можа, і добра трапіць на нейкі час за краты, каб не рваць сэрца штодня тым жахам, што адбываецца ва Украіне.
Незалежна ад абставінаў затрымання, амаль усім выстаўлялі абвінавачанні па «народным» артыкуле 24.23, «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў». А ў пратаколах потым чамусьці дапісвалі, што затрыманыя, апроч іншых парушэнняў, выкрыквалі лозунг «Жыве Беларусь!». Таксама з некаторымі гутарыў чалавек, падобна, з КДБ, распытваў пра настроі і матывы, зрэшты, «cупрацоўніцтва» не прапаноўваў.
Камеру на Акрэсціна хлопец згадвае не йнакш, як «хамам №18». На чатыры ложка-месцы закінулі, па традыцыі, 16 чалавек, адкрыць вакно праз тоўстую металічную рашотку было немагчыма, і хутка зрабілася настолькі душна і вільготна, што па сценах не кроплямі — ручайкамі сцякаў кандэнсат, паветра было нібы туман, а шкло вочка запацявала.
Праз дзень у такіх умовах некаторым рабілася млосна, давялося нават выклікаць медыка — той нічым не дапамог, але хаця б калідорны адчыніў кармушку.
Яшчэ запомніўся часопіс «Касмаполітан», які ашчадна расцягвалі на туалетную паперу, і жвавы прусак, якога некалькі згаладнелых арыштантаў азбавілі рэшткаў счарсцвелага хлеба, а потым мучыліся жыватамі.
— Лепей за ўсіх перанеслі гэтую і наступныя дзве ночы тыя, хто спаў на падлозе. Асабліва зручным аказалася месца ля дзвярэй, бо праз шчыліны задувала хоць крышачку паветра. Далей мы гэта месца называлі «санаторый», альбо «кіслародная», — згадвае Аляксей.
Судзіць іх пачалі толькі праз дзень, па скайпу, і розніца ў тэрмінах, паводле назіранняў, залежала толькі ад таго, ці згаджаўся чалавек з пратаколам: так — 13 сутак, не — 15. Аляксей свайго пікету не адмаўляў, і нават, хоць суддзя спыталася пра прычыны толькі для праформы, патлумачыў свой выхад:
— Так, кажу, стаяў з плакатам «Не вайне», магу патлумачыць. У нас ідзе Год гістарычнай памяці? Яе шмат у мяне. З боку бацькі падчас Вялікай Айчыннай вайны дзед загінуў у канцлагеры, дзядзьку — старэйшага брата бацькі — расстралялі за ўдзел у партызанскім руху. Браты бабулі загінулі ў Венгрыі і ў Рассіі. Матчын айчым, які выхоўваў яе як уласную дачку (дарэчы, украінец па паходжанні), ваяваў у партызанскім атрадзе на Гомельшчыне. Пасля вайны быў паважаным чалавекам, яго фота нават захоўваецца ў музеі ў Мінску. Таму я і вышаў, бо мне баліць. Але хто там мяне слухаў, канешне…
Раніцой асуджаных этапавалі ў Жодзіна. 32 чалавекі на 20 «квадратаў» і 8 месцаў, ніякіх падушак і матрасаў, адсутнасць рэчавых і прадуктовых перадач «праз каранавірус» — зноў класіка жанру. «Ці не шмат нас тут?» — паспеў запытать нехта. На што пачуў, відаць, загадзя прапісаны ў метадычцы ахоўнікаў жарт : «Ну дык вы ж любіце масавыя мерапрыемствы».
— У параўнанні з Акрэсціна былі і плюсы, і мінусы, — пералічвае «Салiдарнасцi» Аляксей. — Падлога керамічная, халодная, лавы вузкія, на іх не паспіш, вада толькі халоднае, тусклае святло ніколі не выключаецца, туалетнай паперы — рулон на 32 чалавекі на ўвесь тэрмін — карацей, зорак гэтаму «гатэлю» я даў бы няшмат.
Затое больш шырокае і тонкае жалеза на нарах, якое не так уразаецца ў цела — відавочны плюс. І галоўны — ключ ад вакна! Плюс фірменныя стравы ад мясцовага шэф-повара: кашы зранку і ў абед, вараная кіслая капуста вечарам. Аднак асабліва яму ўдаваліся гарбата і вараныя яйкі. І вельмі шмат нясмачнага хлеба, без якога ў нас не атрымаўся б гурток па шашках.
Канешне, важна апынуцца ў добрай кампаніі. Наша была годная: студэнты, айцішнікі, два дырэктары, інжынеры, майстар з буйнога сталічнага заводу, прадпрымальнік, кур’еры, музыкі, мастак.
Прагулак не было, але адзін раз за два тыдні звадзілі ў душ, дзе большасць паспелі намокнуць, а колькі шчаслічыкаў памыцца. Неяк пару гадзін працавала радыёкропка, адкуль мы паспелі даведацца галоўнае: надвор’е, лік у гульні паміж Шахцерам і Віцебскам, і санкцыі варожага Захаду супраць нашых мужных спартоўцаў.
Суразмоўца кажа, што іхнай камеры пашанцавала: мужчын не білі, хіба звыкла і без асаблівай злосці тузалі ды жорстка ставілі на максімальную расцяжку падчас штодзённага «шмону». А вось некалькіх чалавек з суседніх камер выводзілі і вярталі моцна збітымі.
Затое маральна адыграцца на арыштантах імкнуліся штодня. Разы чатыры «шмон» ладзілі з сабакамі, каб навесці больш страху, а асабліва нервовыя змены ахоўнікаў вызвяраліся і пагражалі за любое парушэнне рэжыму.
— За час сядзення ў «хаце» ў дваіх хлопцаў былі дні нараджэння, — згадвае Аляксей. — Сярод топавых падарункаў былі кавалачак туалетнай паперы (страшэнны дэфіцыт) і «абанемент» на права паспаць аднаму на самай зручнай шконы — доўгай і з больш шырокімі палосамі металу.
Таму — без матрасаў, без паветра, без лістоў, без інфармацыі, без перадач, без паперы, без мыла, без прагулак, без сна, без якаснай медыцынскай дапамогі, а «за харчаванне і ўтрыманне» — рахунак, як у неблагім інтэрнаце.
З тых 24-х чалавек, якія правялі са мной у камеры найбольш часу, васьмёра вырашылі пакінуць краіну. Некаторыя вагаюцца, але з высокай верагоднасцю прыйдуць да той жа высновы пазней.
Пытаемся ў Аляксея, як настроены сам. Ён задумваецца: «Зараз я застаюся. А далей не ведаю, у роспачы. Дзецям тут не месца...».
Читайте еще
Избранное