Политика
Любоў Лунёва, Радыё Свабода

Міліцыянты шукалі Вячаслава Сіўчыка ў кватэры ягонай маці

Галіна Сіўчык раніцай патэлефанавала журналістам. Яна распавяла, што ў пад’ездзе з’явіліся людзі ў чорных скураных куртках. Яны сталі на лесьвіцы і ля вакна на пляцоўцы. Праз некалькі хвілінаў у кватэры пагасла сьвятло. Галіна Сіўчык выклікала электрыкаў ЖЭСу. Яна не адчыняла дзьверы кватэры, бо была ўпэўнена, што туды адразу ўвойдуць невядомыя.

Праз некалькі гадзінаў пад дзьвярыма з’явіліся некалькі байцоў спэцназу міліцыі. Адразу людзі ў цывільным пачалі званіць у кватэру і патрабаваць, каб адчынілі дзьверы. Ля пад’езду дома сталі два аўтамабіля.

А 9 вечара да Галіны Сіўчык прыехала Ірына Казуліна і Валеры Шчукін. Участковы інспэктар, якому дазволілі ўвайсьці ў кватэру, паказаў Галіне Сіўчык фотаздымак яе сына Вячаслава. Ён патлумачыў, што яго шукаюць як злачынцу. Гаворыць Галіна Сіўчык:

(Сіўчык:) “Зараз у нас адчыненыя дзьверы і поўная пляцоўка людзей бяз формы і некалькі чалавек у форме спэцназу. Прыйшоў участковы, мы яго выклікалі, але ён нейкі бездапаможны. Кажуць, што ў маёй кватэры хаваецца злачынца.”

(Карэспандэнтка:) “Каго яны маюць на ўвазе?”

(Сіўчык:) “Славу. Я дазваляю ўчастковаму ўсё праверыць у кватэры і пераканацца, што тут нікога няма.”

Пакуль дамовіліся з участковым міліцыянтам, што ён агледзіць кватэру, каб пераканацца, што Вячаслава там няма. Вячаслава Сіўчыка, якога затрымалі за ўдзел у апазыцыйнай акцыі на Кастрычніцкай плошчы, хочуць затрымаць і накіраваць у суд. Пасьля затрыманьня ён трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай і пазьбег адбыцьця арышту ў турме на Акрэсьціна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)