Мельнікава: «Гэта не так робіцца: «Нам патрэбная дапамога. — Клас, вось вам тры мяшкі грошай і ідзіце, рабіце, што трэба, за ўсё добрае супраць усяго дрэннага»

Дапамога палітвязням, падтрымка медыя і візавая падтрымка. Што яшчэ абмяркоўвалі на пасяджэнні кансультатыўнай групы «Беларусь — ЕС».

У Бруселі адбылося чарговае пасяджэнне кансультатыўнай групы «Беларусь — ЕС». Што, акрамя слоў пра падтрымку дэмакратыі, гэта дасць беларусам?

— Раней, да 2020 года, таксама праводзіліся кансультацыі Еўракамісіі, Еўразвязу з прадстаўнікамі грамадскай супольнасці Беларусі, — распавяла ў эфіры Еўрарадыё каардынатарка праектаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Анжаліка Мельнікава.  — Але тады сустрэчы былі трохбаковымі, бо ў іх удзельнічала Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Анжаліка Мельнікава

Зразумела, што пасля падзей 2020-га гэта ўсё спынілася, і аднавілася толькі ў 2023-м з ініцыятывы Жозэпа Барэля.

Летась адбылася першая сустрэча на гэтай пляцоўцы, дзе ішло абмеркаванне асноўных стратэгічных напрамкаў падтрымкі Еўразвязам Беларусі, менавіта грамадскай супольнасці.

За некалькі год, дадае Анжаліка Мельнікава, ЕЗ выдзеліў каля €140 мільёнаў на падтрымку беларускіх ініцыятыў і грамадскіх актывістаў. Але супраца не абмяжоўваецца толькі фінансаваннем, аб чым ішла гаворка ў тым ліку на цяперашняй сустрэчы з удзелам Святланы Ціханоўскай, прадстаўнікоў Офіса і Кабінета, Каардынацыйнай рады, грамадзянскай супольнасці.

— Трымаць беларускае пытанне ў фокусе становіцца ўсё цяжэй, — зазначае каардынатарка праектаў НАУ. — Днямі я сустрэла ў нейкім артыкуле словы пятнаццатага прэзідэнта ЗША Джэймса Б’юканена, які сказаў: «Я люблю шум дэмакратыі». Чалавеку збоку можа падацца дзіўным, што мы робім так шмат шуму, і мы можам спрачацца, нават сварыцца — але гэта працэс нашага сталення, станаўлення як сапраўднай дэмакратыі.

Да таго ж, хоць мы трохі шумім і сварымся, у нас ёсць агульнае разуменне супрацы па стратэгічных напрамках, і ёсць агульны мэсэдж: мы ўсе любім сваю краіну, хочам бачыць яе ў еўрапейскай сям’і, вельмі хочам зрабіць для гэтага нешта добрае і карыснае.

Сярод канкрэтных пытанняў, якія абмяркоўваліся на сустрэчы, Анжаліка Мельнікава вылучыла пытанне падтрымкі беларускіх палітзняволеных, іх рэабілітацыі, дапамогі сем’ям; праблемы адказнасці рэжыму Лукашэнкі, збор і дакументаванне доказаў па злачынствах супраць чалавечнасці; пытанні візавай падтрымкі і мабільнасці, напрыклад, для моладзі і высокапрафесійных спецыялістаў; захаванне і прасоўванне беларускай культуры, у тым ліку падтрымка медыя.

— Апошняе пытанне падымалася і мной — бо сёння мы бачым, што ідзе вайна нарматываў, таму трэба супрацьстаяць прапагандзе рэжыму і падтрымліваць незалежныя медыя. Асобна на сустрэчы ўзнімалася пытанне падтрымкі блогераў, многія з якіх маюць аўдыторыю ў Беларусі, гэта, што называецца, людзі з народу і для народу.

Што да балючай для многіх праблемы візавай падтрымкі — я размаўляла ў кулуарах з прадстаўнікамі гендырэктарата па добрасуседстве і пашырэнні, і з іх гледзішча папрокі ў тым, што ЕЗ робіць недастаткова для візавай падтрымкі, выглядаюць трохі дзіўна. Бо нават сёння ў беларусаў ёсць магчымасць атрымліваць візы, і карпатлівая, невідавочная праца ў гэтым кірунку вядзецца няспынна.

Але гэтае пытанне складанае: з аднаго боку, Еўразвязу трэба паказаць, што ён перарывае ўсе сувязі з афіцыйным Мінскам, з рэжымам Лукашэнкі, а з другога — аказваць падтрымку тым людзям, якім патрэбная дапамога, каб выехаць з краіны.

Натуральна, хацелася б ужо сёння распавесці пра канкрэтныя вынікі і дамоўленасці. Але ж гэта не так робіцца, што прыехалі вялікія палітыкі да іншых вялікіх палітыкаў: «Нам патрэбная дапамога. — Клас, вось вам тры мяшкі грошай і ідзіце, рабіце, што трэба за ўсё добрае супраць усяго дрэннага».

Ёсць працэдуры, тыя службы, якія займаюцца выдзяленнем сродкаў, сектаральныя камісіі, якія збіраюць запыты на тое, што найбольш патрэбна, складаюцца масіўныя дакументы, і ўжо на іх падставе робяцца высновы, у якіх напрамках і на якія менавіта справы вылучаецца дапамога.

Учора, напрыклад, прагучала такая лічба: за 2 гады было зладжана 550 праграм мабільнасці для студэнтаў і прафесіяналаў. І гэта толькі адзін з кірункаў стратэгічнага партнёрства, пра якое ідзе гаворка на вялікай і важнай для нас пляцоўцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(6)