Общество

Маркетолага арыштавалі на 30 сутак за БЧБ-налепкі ў піўным бары

У панядзелак у судзе Цэнтральнага раёна разглядзелі справу па артыкулах 24.23 і 24.3 КаАП супраць 48-гадовага Руслана Мялешкі. Яго затрымалі яшчэ ў пятніцу, 5 лістапада, але да суда ўтрымлівалі на Акрэсціна, паведамляе Вясна.

Згодна з пратаколам, Руслан Мялешка, «прыняў у неўстаноўлены час удзел у пікетаванні, а менавіта размясціў шматлікія налепкі ў BeerCap Barshop па вуліцы Герцэна, 10».

Акрамя гэтага, 5 лістапада ў 21:25 у Цэнтральным РУУС «аказаў непадпарадкаванне супрацоўніку Александровічу: адмовіўся прайсці ў РУУС па факце разбору ў падазрэнні ўдзелу ў пікеце, упіраўся нагамі, хапаўся за форменнае абмундзіраванне».

Віну на судзе мужчына не прызнаў.

Мялешка на судзе падкрэсліў, што не з'яўляецца дырэктарам баршопа, а з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, які аказвае маркетынгавыя паслугі.

Ён распавёў, што днём 5 лістапада яму патэлефанавалі і сказалі, што трэба праверыць у краме камеры відэаназірання для падключэння іх да нейкай сістэмы. Калі ён адкрыў дзверы, то сігналізацыя ўжо была знятая. У баршопе міліцыянты ў яго запытваліся, якое піва лепш.

– Пару супрацоўнікаў прайшліся, усе паглядзелі, паглядзелі камеры. Мы разышліся, — распавядаў Мялешка.

Аднак увечары супрацоўнікі прыехалі да яго дадому і забралі ў РУУС для гутаркі: «Яшчэ пакурылі там каля РУУС».

Па словах Мялешкі, у Цэнтральным РУУС спыталі, адкуль маглі з'явіцца налепкі. Адказаў, што бывае там раз на тыдзень і павесіць налепкі мог, хто заўгодна. Таксама мужчына заявіў на судзе, што 5 лістапада ў баршопе налепак не бачыў. Але праверка інтэр'еру на наяўнасць або адсутнасць налепак у яго абавязкі не ўваходзіць.

На судзе дапыталі сведку Александровіча, які зрабіў фатаграфію з БЧБ-налепкамі ў баршопе 5 лістапада. Ён заявіў, што налепкі ў баршопе размешчаныя там, дзе «наведвальнікі не змаглі б іх размясціць, гэта значыць у месцах размяшчэння персаналу».

Паводле яго словаў, супрацоўнікі пацвердзілі, што ён з'яўляецца асноўным кіраўніком установы і «Мялешка сам пацвердзіў, што размясціў налепкі ў сувязі з яго грамадзянскай пазіцыяй».

– Мне ўжо 50 гадоў. Я ўжо дарослы чалавек. Я не ўдзельнічаў у акцыях нават. Навошта мне нейкімі налепкамі псаваць сабе жыццё? Можа гэта памылка або падстава нейкая. Не ведаю як гэта назваць, — сказаў на судзе Мялешка.

У выніку, суддзя Дзмітрый Карсюк арыштаваў мужчыну на 30 сутак па двух артыкулах КаАП.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.9(21)