Политика
Ала Ксёнжык

Малодшаму брату Сіўчыка падрыхтавалі месца на “Валадарцы”

Арыштаваны Канстанцін Лукашоў — брат палітыка Вячаслава Сіўчыка. Яму інкрымінуецца артыкул 364 Крымінальнага кодэксу (“супраціўленне міліцыі”, які прадугледжвае да пяці год пазбаўлення волі).

— Сёння мне споўнілася 65 год, — сказала “Салідарнасці” Галіна Сіўчык, маці Канстанціна. — Лепей “віншавання” не прыдумаеш. Гавораць, што Кастусь хаваўся ад прадстаўнікоў міліцыі, але ж ніводнага пазову мы не атрымлівалі. Гэты артыкул “шыты белымі ніткамі”, і складваецца адчуванне, што ўсё рабілася так, каб арыштаваць яго менавіта ў дзень майго нараджэння.

Канстанціна Лукашова арыштавалі сёння апоўдні. Дзеля гэтага супрацоўнікі праваахоўных органаў прыехалі ў Інстытут геахіміі і геафізікі Акадэміі навук, навуковым супрацоўнікам якога ён з’яўляецца. У Ленінскім РУУС, дзе зараз знаходзіцца малодшы брат Сіўчыка, Галіне Васільеўне паведамілі, што потым Канстанцін будзе дастаўлены ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага.

Нагадаем, 29 сакавіка адзін з арганізатараў намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Вячаслаў Сіўчык быў выпісаны з 3-й клінічнай бальніцы Мінску, дзе знаходзіўся пасля збіцця “невядомымі асобамі”. На працягу некалькіх дзён ля палаты Сіўчыка “дзяжурылі” людзі ў цывільным, але ж пасля выпіскі палітыка з бальніцы ім не ўдалося яго затрымаць.

Паводле міліцэйскай версіі, Сіўчык скрыўся на аўтамабілі, кіроўцам якога быў Лукашоў. Сам палітык сцвярджае, што яго брата ў машыне не было.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)