Общество
Міхал Стэльмак, ”Радыё Свабода”

Маладзёвая актывістка праз суд аднавілася на працы

У Клецку раённы суд сёньня задаволіў скаргу моладзевай актывісткі Іны Кебікавай аб аднаўленьні на працы настаўніцай Грыцэвіцкай сярэдняй школы. Суд прызнаў, што пры звальненьні маладой спэцыялісткі адміністрацыя школы й райана парушылі заканадаўства.

Скаргу Іны Кебікавай разглядала старшыня Клецкага райсуду Тамара Любанец. Вось што яна паведаміла Радыё Свабода пра сёньняшняе рашэньне:

(Любанец: ) “Кебікава адноўленая на працы з прычыны парушэньня наймальнікам нормы калектыўнай працоўнай дамовы — адсутнасьці згоды прафсаюзу. У іх было працоўнае пагадненьне — то бок, калектыўная дамова прадугледжвала згоду прафсаюзнага камітэту. А гэта ўпусьцілі — забыліся паглядзець”.

А вось як апавяла пра судовае рашэньне Іна Кебікава:

(Кебікава: ) “Нягледзячы на тое, што яны прызналі, што прагул быў зь непаважнай прычыны, яны звольнілі мяне незаконна. Праз гэта яны мяне аднавілі на працы. І заўтра мне ўжо трэба ісьці на працу. Для мяне гэта крыху прыемна — паказаць, каб яны хоць крыху баяліся паводзіцца вось гэтак зь людзьмі. Але з другога боку — як падумаю, што зноў мне езьдзіць недзе жыць, зіма на двары, і якое ў іх будзе да мяне стаўленьне — гэта страшна ўявіць, як мне будзе там жыць. Будзе вельмі цяжка”.

Нагадаю, Іна сёлета скончыла пэдагагічны ўнівэрсытэт й была разьмеркавана на Клеччыну — настаўніцай беларускай і ангельскай моваў Грыцэвіцкай школы. 23-гадовая настаўніца адпрацавала два месяцы — на пачатку лістапада яе звольнілі. Іна лічыць гэта расправай за палітычныя погляды.

Маладая настаўніца насіла значок “Я за свабоду”, шалік “Наша Ўкраіна”. Вясною, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, яна сярод іншых маладых апазыцыянэраў знаходзілася ў намётавым лягеры на Кастрычніцкай плошчы. Яе сястра — рэпрэсаваная студэнтка, навучаецца ў Польшчы па праграме Кастуся Каліноўскага.

Загадчык Клецкага райана Анатоль Клімовіч камэнтаваць рашэньне суду адмовіўся:

(Клімовіч: ) “Я заняты”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)