Мацярдушка, брызгліна, дзяркач: надрукаваны «Каляндар па-беларуску» з малюнкамі і словамі на кожны дзень

Пазітыўныя, яскравыя малюнкі стварылі мастачка Дар’я Мандзік і дызайнер Анатоль Лазар.

Ці ведаеце вы, што значаць словы «мацярдушка», «брызгліна», «дзяркач», «свіргуль»? Фантазія разыгралася? А гэта ўсяго толькі назвы раслінаў і птушак па-беларуску!

У новым насценным «Календары па-беларуску» з малюнкамі і словамі на кожны дзень, які зусім нядаўна пабачыў свет у выдавецтве «Кнігазбор», яшчэ і не такія словы можна знайсці.

Пазітыўныя, яскравыя малюнкі стварылі мастачка Дар’я Мандзік і дызайнер Анатоль Лазар, добра вядомыя ўсім па працы над папулярным і любімым многімі календаром «Не маўчы па-беларуску», які шмат год запар выпускала грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!».

Адкрываюць каляндар, як ніколі актуальныя, словы на тэму здароўя і медыцыны. Яны, безумоўна, дапамогуць стасавацца па-беларуску з доктарам тым, хто дагэтуль не наважваўся.

На старонках вясновых месяцаў выдатная падборка словаў з назвамі раслінаў і жывёлаў па-беларуску. Кастрычніцкая старонка календара дапаможа выказаць па-беларуску свае эмоцыі, а лістападаўская падкажа, як называюцца на роднай мове розныя элемены адзення.

Таксама з календара можна даведацца, як па-беларуску «размаўляюць» хатнія жывёлы, як правільна па-нашаму паклікаць каня, коціка ці куранят.

А яшчэ ў календары вы знойдзеце шмат цікавых устойлівых выразаў на роднай мове. Вось, напрыклад: загінуць, як тая рудая мыш; кульгавы, як твая цешча; сагнуцца ў дугу; цыбаты, як жэрдка.

Падрабязнасці пра тое, дзе набыць каляндар, можна прачытаць тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(14)