Общество

Маці юнака, які прайшоў праз пекла Акрэсціна: «Страшна не дачакацца дзіцяці дадому»

Вясна і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, нялюдскага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў, што адбыліся ў Беларусі ў 2020-м годзе.

Минск, 11 жніўня 2020-га, каля ІЧУ на Акрэсціна. Фота AP/Sergei Grits

Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на сайце «Вясны» як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў. Алена распавяла «Вясне» пра тое, што перажылі шматлікія беларускія маці, калі іх дзеці не вярнуліся дадому. У жніўні 2020-га ў яе знік 17-гадовы сын, яго шукалі 5 дзён, а калі знайшлі, яна закрычала ад жаху: у Андрэя быў шкляны погляд, як у зомбі, ён не пазнаваў сваякоў і не памятаў свайго імя.

— Гэта здарылася 9 жніўня. У абед мы паехалі з сынам на выбары, Андрэй (імя змененае) туды не збіраўся, не быў палітычна настроеным, я сама прапанавала прагаласаваць. Потым я адправілася з сям’ёй на прыроду, а ён — катацца на ровары.

Калі прыблізна а 10-й гадзіне вечара мы вярнуліся дадому, сына яшчэ не было. Я здзівілася, таму што Андрэй заўсёды тэлефанаваў, калі затрымліваўся, доўга ніколі не катаўся, ён наогул вельмі спакойны, хатні хлопчык, а тут ужо прайшло 5 гадзін.

Патэлефанавала на мабільны — недасяжны. Я ўжо тады вельмі спужалася. Вядома, ён мог дзесьці затрымлівацца, але ў мяне было нядобрае прадчуванне. Я яму ўвесь час тэлефанавала, тэлефанавала, тэлефанавала. Да апошняга спадзявалася, што сын вернецца дадому.

Уначы трошкі прылягла, задрамала. А 5-й раніцы падскокнула, і калі ўбачыла, што Андрэя няма, зразумела, што ён ужо не вернецца...

«Усе шукалі сваіх сваякоў у той дзень. Гэта быў нейкі жах»

У горадзе быў нейкі рух, сігналілі машыны, адбывалася нешта, звязанае з выбарамі. Я ўжо разумела, што адбылося штосьці нядобрае.

З самай раніцы мы пачалі шукаць Андрэя. Я паехала ў Фрунзенскае РУУС пісаць заяву. Усе дзверы былі зачынены, нейкія жалезныя краты, стаяў міліцыянт з аўтаматам наперавес, велізарны натоўп людзей. Я ўпершыню такое бачыла.

З боем туды прабілася і чакала некалькі гадзінаў, каб напісаць заяву. Прыйшлося і крычаць, і лаяцца, і скандаліць, таму што ўсім было не да мяне.

Усё ж такі трапіла на прыём да следчай, яна прыняла заяву. Ёй вельмі шмат тэлефанаванняў паступала, і ад знаёмых, таму што ўсё шукалі сваякоў у той дзень. Гэта быў нейкі жах, кашмар.

Усе мае родныя падлучыліся да пошукаў. Калі родныя прыехалі на Акрэсціна, бачылі, як людзі ў чорнай форме разганялі натоўп дубінкамі, праганялі, некаторых арыштоўвалі. У РУУС жа нам за секунду адказалі, што ў спісах яго няма, як быццам і не глядзелі.

Мы былі гатовыя ехаць у Жодзіна. Звярталіся, куды толькі можна, на ўсіх узроўнях, падлучалі знаёмых, шукалі любую зачэпку. Нам сказалі, што нібыта паступіў нейкі сакрэтны загад — трымаць сваякоў у няведанні. Інтэрнэт быў адключаны. Хаос поўны! Мы ўрыўкамі спрабавалі здабыць хоць нейкую інфармацыю. У Жодзіне нашаму знаёмаму адказалі:

— Мы не ведаем, дзе яны, можа іх наогул ужо расстралялі.

«Адзінае, што мы маглі, — проста маліцца»

Гэта быў жудасны дзень, я думала, што ён ніколі не скончыцца, хвіліны цягнуліся як гадзіны. Увесь час паступалі страшныя навіны, кагосьці схапілі, збілі, дзесьці аўтазак уехаў у натоўп.

Другую ноч я таксама не спала. Адзінае, што мы маглі, — проста маліцца. Востры боль перайшоў у тупы. На другі дзень я правалілася ў нейкае забыццё. Напэўна, гэта выратавала мяне ад вар’яцтва. Мне здавалася, што гэта нейкі страшны сон, і я спадзявалася, што прачнуся. Усё здавалася нерэальным.

Я зразумела, што адчуваюць людзі, у якіх выкрадаюць дзяцей, а маё дзіця выкрала ўлада, і не давала ніякай інфармацыі. Гэта бесчалавечна.

Калі я прыехала ў міліцыю, са мной размаўлялі, як з нейкай бамжыхай. Па тэлефоне хамілі ці ледзь не пасылалі. Ніхто нікуды не пускаў, адкідалі, як сабаку.

Я столькі гадоў пражыла ў гэтай краіне, тут нарадзілася мая маці, бабуля — і раптам проста за адзін дзень я ўбачыла, што тут усё іншае. Людзей за людзей не лічаць.

Была надзея толькі на валанцёраў, якія складалі спісы. І атрымлівалася так, што шмат якія людзі дадавалі майго сына ў спісы пошуку. І гэтыя спісы пераблыталіся. Атрымлівалася, што мне тэлефануюць: «мы знайшлі твайго Андрэя», я толькі ўзрадуюся, а аказваецца, гэта спісы «каго шукаюць», не то.

На чацвёрты дзень прачыталі ў інтэрнэце, што Андрэй асуджаны на 13 сутак. Цяпер хаця б ведалі, што ён жывы. Але ў якім стане, дзе знаходзіцца — нічога невядома. Колькі каго ні прасілі, ніхто не мог даведацца.

10 жніўня я падала заяву ў РУУС, а мне і праз восем дзён ніхто не патэлефанаваў, не збіраліся яго шукаць. Я падала ў пракуратуру заяву на міліцыю.

«Я тады не магла гэта нават выслухаць, паверыць. Адразу перавяла тэму»

На пятыя суткі мы знайшлі Андрэя ў спісах валанцёраў. Ён быў у Слуцку. Я сабралася, узяла рэчы для яго і для сябе, і паехала туды. Думала, буду там знаходзіцца да таго часу, пакуль яго не забяру, праз плот палезу, але без сына назад не вярнуся.

Калі даехала, насустрач ужо ішлі людзі, брудныя, знясіленыя, без шнуркоў. Я да кожнага падбягала, паказвала здымак:

— Ці ведаеце гэтага хлопчыка?

Шмат хто яго пазнаваў, казалі:

— Ой, так, гэта Андрэй, ён вельмі галодны, вы яго адразу пакарміце.

Адзін хлопец сказаў, што хутка будуць выпускаць групу, у якой Андрэй. Я пабегла і ўбачыла сваё дзіця. Худы, шэры. Дзякуй Богу, цэлы, я вельмі баялася, яны ж там калечылі людзей. Падбегла — і ў мяне здарылася істэрыка.

Аказваецца, ён быў чацвёра сутак на Акрэсціна. Пачаў распавядаць, што там бачыў: як збівалі жудасна, напаўжывых зацягвалі назад у камеры; адкрытыя пераломы, тырчаць косткі, адарваную канечнасць. З людзьмі абыходзіліся горш, чым са скацінай. Я тады не магла гэта нават выслухаць, прыняць, паверыць, гэта быў шок. Адразу перавяла тэму.

Кажу:

— Сыночак, мы цябе так доўга шукалі, пяць сутак.

— Як пяць, мяне ж толькі два дні не было!

— Не, пяць. І брат цябе шукаў стрыечны, і дзядзька.

Ён адказвае:

— А хто гэта?

— Як хто? — думаю, жартуе, напэўна.

«Я як убачыла яго вочы — як у зомбі, шкляныя, не міргаюць — закрычала ад жаху»

Калі мы ўжо прыехалі, Андрэй зайшоў у свой пакой і ў яго здарыўся нервовы зрыў. Выскачыў з кватэры — басанож у пад’езд. Я наогул не зразумела, што адбываецца, думала, можа пабег паштовую скрыню глядзець.

Спускаюся — ён сядзіць на прыступках паверхам ніжэй, галаву закрыў і рыдае, слёзы цякуць. Я ніколі яго ў такім стане не бачыла, кажу:

— Сыночак, што такое?

Ён рыдае. Пабегла па сурвэткі, вяртаюся, а ён сядзіць ужо на першым паверсе, проста на падлозе, галаву абхапіў, плача. Я не ведаю, што рабіць, першы раз у жыцці бачу яго такім.

Пачынаю з ім размаўляць, ён незразумела што адказвае, мыкае. Праз гадзіну змагла завесці яго дадому, як дзіця малое. У ліфт паставіла, як ляльку. Зайшоў у кватэру і стаіць.

Я кажу:

— Праходзь у пакой.

Ён зайшоў і стаіць. Я як убачыла яго вочы — як у зомбі, шкляныя, не міргаюць — закрычала ад жаху. І давай адразу ў «хуткую» тэлефанаваць.

Лекары прыехалі хутка, пачалі прыводзіць яго ў прытомнасць. А ён увайшоў у ступар, забыўся, як яго завуць, забыўся мяне, у яго была частковая страта памяці.

Аказалася, што сын чацвёра сутак сядзеў на Акрэсціна, іх там ні разу не кармілі, доўгі час не давалі вады, не давалі спаць. І ён страціў пачуццё часу.

«Хуткая» яго забрала. Я пагладзіла сына па галаве і не адразу зразумела, што ў яго там, як быццам чэрап выпінае. Гэта была вялікая гематома. Яго білі дубінкай па галаве, ён згубіў прытомнасць і валяўся, ніхто ніякай дапамогі не аказваў.

Дактары спыталі сына, як яго завуць, ён доўга думаў, потым кажа:

— Напэўна, Саша.

Нас адразу павезлі ў лякарню хуткай дапамогі, але па дарозе развярнулі і мы паехалі ў «дзявятку». Сказалі, месцаў няма, з Акрэсціна ўвесь час прывозяць людзей. Гэта быў нейкі жах!

Андрэя абследавалі: страсенне мозгу, ЧМТ, удар патыліцы, на назе фіялетавая гематома, на целе — сляды ад дубінкі. Ад пераахаладжэння ныркі — піеланефрыт, іх жа паклалі на зямлю, і ўсю ноч яны так ляжалі.

У сына было расстройства адаптацыі — рэакцыя на моцны стрэс. Выклікалі псіхатэрапеўта. Але пакласці не змаглі: няма куды, велізарныя плынь людзей. Мы вярнуліся дадому.

«Былі людзі, якія крычалі, што ім патрэбны інсулін. Гэта быў крык у пустэчу»

Я чамусьці думала: вось пройдзе ноч, і на наступную раніцу сын зробіцца такім, якім ён быў. А ён увайшоў у дзіўны стан, нейкае дзяцінства. На мяне глядзеў, як на нейкую цётачку, як быццам бачыў мяне ўпершыню.

Не захацеў легчы на ложак, спаў на падлозе, у адзенні. Сказаў: «Я так прызвычаіўся». І ён вельмі галодны быў, няспынна еў і глядзеў мульцікі.

Назаўтра нічога не памянялася, таксама: «Есці, есці хачу». Мы насілі ежу, а ён ляжаў на падлозе, глядзеў мульцікі, перыядычна засынаў, ізноў прачынаўся: «Есці, мульцікі».

Мы паехалі ў псіхіятрычную лякарню. Там ён праляжаў 10 дзён. Пайшло паляпшэнне, ён узгадаў, як яго завуць, нейкія іншыя рэчы, але дагэтуль не ўсіх сваякоў успомніў. Дні на Акрэсціна таксама не ўсё памятаў, для яго ўсё спрасавалася ў два дні.

Мы з’ездзілі да юрыста, напісалі заяву, але я нікуды яе не падала, зразумела, што гэтая ўлада нічога не будзе расследаваць.

Высветлілася, што сын катаўся на Нямізе, каля 8-й вечара, людзі ішлі з працы да метро, не было мітынгаў. Раптам спыніўся мікрааўтобус, выскачылі сілавікі. Андрэй нават не ўцякаў, проста ехаў і не разумеў, што яго могуць проста так схапіць.

Мінакоў зацягвалі ў мікрааўтобус, білі дубінкамі. У сына не было ніякай сімволікі, ён нічога не выкрыкваў, проста ехаў. Яго таксама зацягнулі ў бус, нічога не тлумачачы.

Потым перакінулі ў аўтазак, натрамбавалі вельмі шмат людзей і доўга вазілі сюды-туды. Выгрузілі на Акрэсціна і на выхадзе збівалі дубінкамі: стаяў «ручай» і ўсіх білі. Сын распавёў, што яго стукнулі па галаве і ён згубіў прытомнасць.

Апрытомнеў — усе ляжаць на бетоне — і так да раніцы. Андрэй кажа, што хоць і лета, але было вельмі халодна. Ён прастыў. У яго было страсенне, ванітавала.

Потым іх па камерах параспіхалі. І ўсе гэтыя дні не давалі магчымасці спаць: ты або сядзіш, або стаіш. І ўвесь час рух: адных выцягвалі, іншых, збітых, зацягвалі. Ён кажа, што людзі там былі проста на мяжы жыцця і смерці. Ніхто не аказваў дапамогу, не выклікаў «хуткай», лекараў.

Там былі людзі, якія крычалі, што ім патрэбны інсулін. Гэта быў крык у пустэчу. Усе гэтыя чацвёра сутак стаялі дзікія пранізлівыя крыкі. Вось такое яно — пекла.

«Я моцна крычала, што Бог бачыць, што вы робіце, і гэта не пройдзе бясследна»

Сын не ведаў, колькі цяпер часу, які дзень. Потым яго завялі ў нейкі кабінет (11 жніўня), сказалі падпісаць дакументы. Ён нават не разумеў, што гэта суд (Кастрычніцкага раёна). Не памятае, хто быў суддзя: жанчына ці мужчына. Андрэй ужо тады знаходзіўся ў такім стане моцнага стрэсу, што нават не разумеў, што адбываецца.

Самае цікавае: у пратаколе напісана, што Андрэй затрыманы аб 11-й вечара на Плошчы Перамогі, нібыта ён стаяў на бардзюры, без ровара, і крычаў: «Сыходзь!» Сведкамі былі два міліцыянты, прапісаныя ў міліцэйскім інтэрнаце. Усё шыта такімі белымі ніткамі!

Андрэю далі 13 сутак, а на пяты дзень, ужо ў Слуцку, іх усіх праз суткі адпусцілі.

Калі сын быў у лякарні, я паехала на Акрэсціна забіраць яго рэчы (вопісу не было). Там былі горы ўсяго, валанцёры прарабілі вялікую працу, расклалі асобна: заплечнікі, акуляры, рамяні.

Я спусцілася па ровар у сутарэнне, і тут да мяне падышоў нейкі чалавек у чорнай форме. Пачаў мяне абражаць, мацюкамі, сказаў, што ровар я не забяру. Я папрасіла прадставіцца. Адказаў, што ён начальнік турмы (можа быць, проста так назваўся), і сказаў ахоўніку:

— Давай, хапай яе! Ты затрыманая!

І пачаў хапаць мяне за рукі, выкручваць. Я моцна крычала, што Бог бачыць, што вы робіце, і гэта не пройдзе бясследна, калі яшчэ і столькі людзей праклінае. І ўжо ўяўляла, як мяне цяпер схопяць, павалакуць у гэтыя камеры — былі такія выпадкі, калі затрымлівалі тых, хто прыходзіў па рэчы. Ён адпусціў мяне, але мацюкамі сказаў ахоўніку перапісаць мае пашпартныя дадзеныя:

— Дзе ты працуеш? Ты ўжо там не працуеш! Табе канец!

Ён ішоў за мной, і я баялася, што ён мяне зараз па патыліцы стукне і вырубіць. Потым забралы рэчы сына, і, калі выходзіла, ён з такой нянавісцю на мяне глядзеў. Я была ў шоку: што я зрабіла, чаму так, што адбываецца, як такое магчыма?

«Тое, што адбываецца, — страшна, нават дома не адчуваю сябе ў бяспецы»

Сын доўга быў у дэпрэсіі. Цалкам замкнуўся, стаў некантактным. Мы вазілі яго да дактароў, псіхолагаў. Адзін вядомы псіхатэрапеўт, які працуе з пацярпелымі, сказаў: «Ён настолькі дрэнны, што не гатовы нават працаваць з псіхолагам».

Калі мы яго з лякарні забіралі, яго не хацелі выпісваць, але Андрэй папрасіў у загадчыка, настаяў.

Пасля таго як мы прайшлі судмедэкспертызу, зафіксавалі траўмы, нам пачалі тэлефанаваць са СК, ціснулі на мяне, каб сын прыйшоў на допыт. Я тлумачыла, што ён у цяжкім стане. Следчы сказаў: «Я сам буду вырашаць, у якім ён стане». Абяцалі прывалачы яго, пагражалі мне, ціснулі ўвесь час, прымушаючы прывезці сына на допыт. Потым пакінулі ў спакоі.

Я хацела, каб дзіця проста аднавілася. Нам сказалі, што гэта будзе доўгі працэс.

Потым сын пайшоў на мітынг. Псіхолаг растлумачыў так: чалавек адчуў боль, і ён спрабуе вярнуцца ў гэты стан ізноў, каб перастаць баяцца.

Быў моцны разгон на Арлоўскай, тады стралялі гумовымі кулямі, кідалі светлашумавыя гранаты, загналі дэманстрантаў у пастку. І Андрэй патрапіў у гэту мешаніну. Яго збілі падчас затрымання, ударылі дубінкай па твары, уціснулі яму ў пераноссе акуляры (мы іх потым не знайшлі). Ударылі нагой па нырцы, была гематома. Ногі былі пабітыя. Цудам яго адпусцілі з РУУС.

Псіхатэрапеўты прапанавалі яму паўторную шпіталізацыю, але Андрэй адмовіўся. Замкнуўся, сядзіць у пакоі, часта спіць на падлозе. У яго моцная санлівасць. І калі раней быў худым, пасля Акрэсціна выйшаў шкілетам, зараз увесь час есць. Есць і спіць. Амаль ні з кім не ішоў на кантакт. Ёсць прабелы ў памяці.

Я запытвала ў псіхолага, як уздзейнічаць на сына — яна сказала, пакуль не чапаць яго. Гэта доўгі працэс: фізічныя траўмы, сінякі ўжо б прайшлі, зацягнуліся, а вось псіхіка... Псіхолаг кажа, што гэта мозг сябе так абараняе.

Нам шмат людзей дапамагала, дзякуй усім за дапамогу. Прапанавалі лячэнне ў іншай краіне, санаторый, але стан сына не дазволіў паехаць.

Я дагэтуль не магу ні расслабіцца, ні выдыхнуць. Тое, што адбываецца, — страшна, нават дома не адчуваю сябе ў бяспецы. Жывеш сённяшнім днём — і не ведаеш, што адбудзецца заўтра.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.8(10)