Скандалы

Маці скардзілася, што міліцыя пабіла сына. На яе завялі крымінальную справу

42-гадовая Юлія Чарных з Барысава дабівалася праўды ад міліцыі за пабіцьцё яе 16-гадовага сына Арсенія. Кажа, што яго білі ў міліцыі ў яе на вачах. Крымінальную справу завялі. Але не на міліцыю, а на маці падлетка. Цяпер уся сям’я стала ўцекачамі, піша Радыё Свабода.

Юлія і Арсені Чарных. Усе фота svaboda.org

Пра сваю гісторыю расказалі Юлія Чарных і яе сын.

«Па тэлефоне я толькі пачула ад сына слова «аўтазак»»

Арсеній расказвае, што 11 жніўня 2020 году пайшоў гуляць зь сябрамі. Шчыра кажа, хацелі паглядзець, што робіцца на плошчы ў Барысаве, ці сабраліся людзі. Але на плошчу іх не пусьціла міліцыя, і падлеткі разышліся.

— Яшчэ на падыходзе да плошчы адзін міліцыянт пачаў чапляцца да мяне, патрабаваў для чагосьці паказаць рукі і сказаў: «Каб я цябе, сука, тут ня бачыў!». Я пайшоў праводзіць дзяўчыну.

На зваротным шляху мяне спынілі трое міліцыянтаў і супрацоўнікі ўнутраных войскаў — і пачалося. Білі па шыі, па галаве, пад дых, потым павезьлі ў бок плошчы. Там стаяў іх службовы транспарт.

Там паклалі на асфальт. Паглядзелі мой тэлефон, ім нешта не спадабалася і пачалі біць — дручкамі, нагамі, па сьпіне, па азадку... Я спытаўся: «За што?» Міліцыянт схапіў мяне за валасы, падняў маю галаву і закрычаў у твар: «А што ты добрага зрабіў для краіны?!»» — кажа падлетак.

З аўтазака ён здолеў патэлефанаваць маці.

— Сувязь была вельмі благая, нічога не чуваць. Я толькі разабрала слова «аўтазак», абула красоўкі на босыя ногі і пабегла шукаць сына, — кажа Юлія.

«Участковы біў яго на маіх вачах»

Юля пабегла спачатку на плошчу, потым — у РАУС. Аддзел быў ачэплены, нікога не пускалі, але яна ўрэшце дамаглася, каб прайсьці туды. І ўбачыла свайго сына — пабітага.

— Нас павялі ў кабінэт камісіі ў справах непаўналетніх. Я сказала, каб выклікалі «хуткую», бо мой сын пабіты. Інспэктар сказала, што «хуткая» ў РАУС не паедзе, і дадала: «Давайце я правяду з вамі прафіляктычную гутарку і адпушчу вас».

Я раззлавалася: «Вы мне зараз будзеце расказваць, як жыцьцёва неабходна было біць майго сына, і адпусьціце, а я пагаджуся і скажу «дзякуй», што пабілі сына?»

Я сказала, што буду пісаць заяву пра біцьцё, а інспэктар пачала мне пагражаць, што «пабойцеся наступстваў». Потым нас пераводзілі з кабінэту ў кабінэт, і зьявіўся наш участковы. Ён пры мне пачаў біць сына! Схапіў за плечы, пачаў выкручваць галаву, я пачала крычаць на яго.

Потым міліцыянты пачалі на нас наяжджаць: «Чаму ён там быў, чаго ён туды ішоў?» Ён ішоў дахаты, ён быў цьвярозы — якія прычыны затрыманьня і пабояў? — абураецца Юля.

Калі яна прывезла сына дахаты, яго званітавала. Бацькі выклікалі „хуткую“, тая зафіксавала закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Пазьней Юля занялася абсьледаваньнем сына, і на МРТ у яго выявілі калёідную кісту.

— Яна была, відаць, з маленства. Але лекар патлумачыў, што ад стрэсу ці біцьця яна можа пачаць расьці, і хто ведае, якія наогул будуць наступствы. Яму было яшчэ некалькі месяцаў блага, трэсьліся рукі, балела галава, — расказвае жыхарка Барысава.

Вынікі судовай мэдычнай экспэртызы Арсенія

Далі штраф 270 рублёў

— Потым мы правялі, дакладней, дабіліся дзьвюх экспэртыз, — працягвае Юлія. — Пасьля нас выклікалі на камісію ў справах непаўналетніх, дзе разьбіралі міліцэйскі пратакол. Што нібыта Арсеній крычаў на плошчы «Жыве Беларусь» і за гэта яго затрымалі. Але ён быў затрыманы не на плошчы! Камісія прайшла справядліва, і яго апраўдалі.

Але пракуратура падала пратэст на рашэньне камісіі. І наступная камісія, у кастрычніку, усё-ткі пакарала Арсенія штрафам у памеры 270 рублёў. Бацькі спрабавалі абскарджваць гэтае рашэньне, але марна.

— Тое рашэньне адмянілі, бо мы скардзіліся, і дзе вы бачылі, каб апраўдалі па палітыцы? Яны б тады мусілі знайсьці тых, хто яго біў! — дадае жыхарка Барысава.

Урэшце ім далі адказ, што вінаватых у біцьці вызначылі, але караць іх ня будуць, бо падлетак прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці.

«Патэлефанаваў знаёмы з органаў і сказаў адно слова: «Уцякайце!»​»

26 красавіка Юлю выклікалі ў СК нібыта як сьведку ў крымінальнай справе. Нібыта быў факт абразы старшыні камісіі ў справах непаўналетніх і Юлія — сьведка.

— Але ў той жа час з СК патэлефанавалі майму адвакату, запрашалі на мой допыт і сказалі, што справу завялі на мяне! За абразу старшыні камісіі. Празь некаторы час мне патэлефанаваў знаёмы з органаў і сказаў адно слова: «Уцякайце».

І мы ўцяклі. Празь дзень былі ў Кіеве з сынам. Дачка з татам засталіся там, бо ў Хрысьціны ня быў гатовы пашпарт. Але 9 траўня і яны пераехалі сюды. Калі мы прайшлі кантроль і селі ў самалёт, я проста выключылася, бо супакоілася, дый начамі ня спала, — кажа Юля.

У аэрапорце іх сустракалі беларусы, якія раней пераехалі ў Кіеў.

— Я хвалявалася, а што будзе, хто нас сустрэне. А тут выйшлі — і бачым хлопцаў зь бел-чырвона-белым сьцягам! Я ніколі так ня радавалася ў жыцьці, як тады, калі ўбачыла бел-чырвона-белы сьцяг! — успамінае барысаўчанка.

Ва Ўкраіне ім прыйшлі на дапамогу фонды, а таксама неабыякавыя суайчыньнікі і ўкраінцы. Юліі ўдалося вывезьці зь Беларусі ўсе арыгіналы дакумэнтаў, якія тычацца катаваньняў Арсенія. Цяпер сямʼя плянуе дабіцца справядлівасьці. Думаюць падаць скаргу на катаваньні паводле ўнівэрсальнай юрысдыкцыі ў Нямеччыне.

— Так ці гэтак мы мусім дабіцца, каб вінаватыя былі пакараныя, — кажа Юля.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(54)