Будущее

Марк Дзюба

Лябедзька: «Зараз Лукашэнка – быццам кавалачак мяса ў сківіцах Пуціна»

Дырэктар Цэнтра «Еўрапейскі Дыялог» Анатоль Лябедзька ў інтэрв’ю «Салідарнасці» – пра тое, што варта рабіць, каб рэалізаваўся пазітыўны, а не негатыўны сцэнар будучыні для Беларусі.

– Шмат хто сёння ўвязвае будучыню Беларусі з тым, як скончыцца вайна ва Украіне. Вы не выключэнне?

– Не. Расійска-украінская вайна прэтэндуе на тое, каб пасля яе сканчэння быў утвораны новы светапарадак (прынамсі ў Еўропе), новая канструкцыя бяспекі. Таму вынікі вайны будуць актуальнымі для ўсіх еўрапейскіх краін, у тым ліку і для Беларусі.

– Якім можа быць месца нашай краіны ў новым светапарадку?   

– Сцэнароў можа быць некалькі. Многае будзе залежыць ад таго, ці пацерпіць Расія паразу ваенную і палітычную ці толькі ваенную. Толькі ваенная параза Расіі беларусаў можа не задаволіць.

Бо толькі пры ваеннай паразе РФ магчымыя дамовы, якія будуць заключаныя без уліку інтарэсаў Беларусі і беларускага народу. А вось пры паразе Расіі і ваеннай, і палітычнай мы зможам гаварыць пра еўрапейскую перспектыву і пра еўраінтэграцыю.

Пры палавінчатым варыянце можа адбыцца наступнае: фіксуюцца межы паміж Украінай і Расіяй пад гарантыі іншых краін, але Беларусь застаецца ў сферы ўплыву РФ. Тады беларусы застаюцца за жалезнай заслонай.

– Разгледзім развіццё падзеяў па негатыўным сцэнары. Ці можа ў Лукашэнкі атрымацца зменшыць залежнасць ад Крамля і наладзіць адносіны з заходнімі краінамі?

– Зрабіць гэта будзе вельмі цяжка, павінна адбыцца нешта радыкальнае. Лукашэнка не толькі суагрэсар, ён абсалютна сапсаваў сваю рэпутацыю як палітыка і як перамоўшчыка. За 30 гадоў былі розныя выпрабаванні, але ён не вытрымаў гэтых экзаменаў.

На сёння рэпутацыя Лукашэнкі ў вачах заходніх краін – ніжэй плінтуса. І гісторыя адносін з ім для Захаду вельмі таксічная. Таму на дадзены момант я не бачу перадумоваў, каб іх адносіны змяніліся.

Толькі такі варыянт: калі Пуцін прайграе ваенна і палітычна, Лукашэнку могуць прапанаваць сысці пад гарантыі бяспекі. Пры гэтым сцэнары ён будзе гатовы вёдрамі насіць каву прэзідэнтам Францыі, Нямеччыны і ЗША. 

На сёння з Мінскам магчымыя толькі тактычныя камунікацыі па вельмі канкрэтных пытаннях – напрыклад, па пытанні вызвалення палітвязняў.

На дадзены момант Лукашэнка – быццам кавалачак мяса ў сківіцах Пуціна. У такой сітуацыі ён дакладна не будзе разварочваць Беларусь на Захад.  

Іллюстрацыйны здымак

– Як вы думаеце, на што ва ўсёй гэтай сітуацыі (узгадаем і адсутнасць вялікай падтрымкі ў беларускім грамадстве) разлічвае Лукашэнка?

– Мне здаецца, яго план вельмі просты: трымаць сітуацыю ў Беларусі пад татальным кантролем сёння і заўтра.

Думаю, Лукашэнка разлічвае дажыць і ўтрымліваць уладу гадоў да 90.

І жадае, каб пасля смерці яго вывезлі на лафеце пушкі з музея Вялікай Айчыннай вайны, правезлі па праспекце імя Аляксандра Лукашэнкі да маўзалея імя Аляксандра Лукашэнкі, дзе першы вянок да яго саркафага паклаў бы другі прэзідэнт Беларусі Мікалай Лукашэнка.

Вось яго сцэнар.

– Вы кажаце пра перспектыву еўраінтэграцыі Беларусі, але ці ёсць у Еўразвяза стратэгія ў дачыненні да нашай краіны? Чым далей 2020 год, тым менш адрозненняў робіцца паміж рэжымам і грамадзянамі. Ёсць сумневы, што лёс Беларусі ўвогуле хвалюе заходнія краіны.

– Гэта як з келіхам: можна сказаць, што ён напалову пусты, а можна – што напалову поўны. Канешне, лёс Беларусі хвалюе тых, хто непасрэдна з ёю мяжуе. Натуральна, што ўзровень цікавасці да беларускага пытання ў Варшаве і Лісабоне будзе розным.

Інтарэс да лёсу Беларусі ці яго адсутнасць – жывы працэс, гэта не забетаніраваная сітуацыя. Трэба старацца ўплываць на яго. Калі казаць пра нашу дзейнасць, то мы маем альянс групаў за дэмакратычную Беларусь у 24 краінах. Мы маем інструмент, каб захоўваць пэўную цікавасць да нашай краіны праз 24 парламенты.

Яшчэ адзін добры прыклад – падпісанне Святланай Ціханоўскай і Рабертай Метсола пагаднення аб супрацы дэмакратычных сілаў і Еўрапейскана парламента. Гэта таксама прасоўванне беларускіх наратываў.

Так, калі казаць пра стратэгію Еўрапейскага звязу ў дачыненні да Беларусі – гэта адсутнасць стратэгіі. Разам з тым з таго боку існуе попыт на фармулёўку, якой хацелі б бачыць Беларусь беларусы.

Адказу такога яны, на жаль, пакуль на атрымалі. Таму і ўспрымаюць Беларусь як тэрыторыю, якую кантралюе Пуцін. А гэта дрэннае ўяўленне сітуацыі, праз гэта праблемы беларусаў унутры і за мяжою. Мы мусім мяняць гэта.

Могуць быць розныя формы дзейнасці, у тым ліку тое, што я называю «пазітыўнай правакацыяй». Трэба ставіць у павестку дня падачу заяўкі на ўступленне ў ЕЗ за подпісам Святланы Ціханоўскай. Трэба распрацоўваць пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ.

Так, многія беларусы могуць сказаць: «Ну вы і летуценнікі». Але калі з нашага боку не будзе такіх дзеянняў, «пазітыўных правакацый», то мы будзем не заўважнымі для Брусэля.

Ці не ў кожнай краіне 5-6% грамадзян выконваюць функцыю лакаматыва і цягнуць астатняе грамадства. Іншыя ці сядзяць на пероне, ці займаюць месцы ў вагонах. 

– А што могуць рабіць для таго, каб рэалізаваўся пазітыўны сцэнар, беларусы ўнутры краіны?

– Беларусы павінны быць еўрабеларусамі. Гэта значыць рабіць простыя рэчы, заставацца людзьмі і еўрапейцамі. Быць салідарнымі, дзе гэта магчыма, не адмаўляцца ад сваіх поглядаў і каштоўнасцяў.

Калі чытаеце незалежныя СМІ, прызнаныя «экстрэмісцкімі», данясіце інфармацыю да людзей навокал. Калі сустракаецеся з чыноўнікамі, прывядзіце ім прыклады, чаму мясцовае самакіраванне лепшае, за вертыкаль. Не паркуйце аўтамабіль на траве.

Не трэба ставіць перад сабою грандыёзных задач, заўтра не будзе палёту ў космас, але рабіць штодзень нешта маленькае – можна і патрэбна. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(14)