Лябедзька: «Калі ў выніковым дакуменце будзе згадка пра тое, што Лукашэнка сёння — не Беларусь, еўрапейская перспектыва ў беларусаў будзе захоўвацца»

Палітык — пра задзел на будучыню.

— 23-24 чэрвеня будзе разглядацца заяўка Грузіі, Украіны і Малдовы на тое, каб атрымаць статус краіны-кандыдата на ўступленне ў Еўразвяз. Нам вельмі важна, каб у канчатковым варыянце дакументу па гэтым пытанні была згадка пра еўрапейскую перспектыву для Беларусі, — адзначыў у эфіры «Е*рарадыё» прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і супрацы з парламенцкай супольнасцю Анатоль Лябедзька.

Палітык упэўнены, што менавіта зараз ёсць падставы для падобных заяў:

— Сёння ёсць падставы, каб распачынаць агульнабеларускую дыскусію, дзе наша месца, які геапалітычны выбар мы мусім зрабіць.

Сёння аргументы тых, хто з боку Лукашэнка-Пуціна, вельмі таксічныя. Таму што гэтыя рэжымы прапануюць вяртанне ў савецкае мінулае, прапануюць вайну. Яны не прапануюць перспектыву і развіццё.

Таму мы хацелі б дыскутаваць унутры краіны з тымі, хто, магчыма, не ўцягнуты ў палітычную грамадскую дзейнасць. Мне падаецца, што для гэтага якраз прыйшоў час. Менавіта вайна ва Ўкраіне абвастрыла сітуацыю і робіць свет больш палярным, чорна-белым. І гэта трэба выкарыстоўваць.

Калі ў выніковым дакуменце, які прымаецца на ўзроўні лідараў краін-чальцоў Еўрапейскага звязу будзе згадка пра Беларусь, пра тое, што Лукашэнка сёння — не Беларусь, што не ён мусіць прымаць рашэнні, куды ісці краіне, а гэта мусяць рабіць людзі, еўрапейская перспектыва ў беларусаў будзе захоўвацца. І гэта будзе зафіксавана на ўзроўні дакументу, гэта надзвычай важна, — падкрэсліў палітык.

Таксама ён лічыць, што ўжо зараз трэба рыхтавацца да паўнавартаснага жыцця пасля падзення рэжыму, калі новай Беларусі будуць патрэбныя новыя кадры тых, хто зможа адказваць за аднаўленне законнасці.

— Мы думаем пра заўтрашнюю Беларусь, пра новую Беларусь. Патрэбна не толькі мяняць сістэму, не толькі праект Канстытуцыі новай Беларусі і пакет законапраектаў. Але патрэбна яшчэ і думаць пра кадравы рэестр новай Беларусі. У нас парламентарызм зараз у выглядзе руінаў.

Некалькі дзесяцігоддзяў мы ходзім па гэтых руінах. Нам патрэбныя кадры. І дэпутаты еўрапейскіх краін гатовыя браць да сябе на стажыроўку маладых беларусаў, якія змогуць вучыцца таму, што такое парламентарызм, як мусіць працаваць сапраўдны парламент.

Хай яны пройдуць праз практычны досвед. Заўтра яны будуць памочнікамі дэпутатаў, дэпутатамі мясцовых саветаў ці Нацыянальнага парламенту. І гэты практычны досвед будзе для іх вельмі карысны.

Я гэта бачу на прыкладзе некалькіх дэпутатаў Вярхоўнай рады Ўкраіны, якія прайшлі такія стажыроўкі, — падзяліўся Лябедзька планамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(12)