Политика

Ірына Марозава

Лябедзька: «ААН — добрая пляцоўка для таго, каб шукаць хаўруснікаў, якія будуць тапіць за незалежнасць Беларусі»

Беларускія дэмсілы падалі заяўку на атрыманне статусу назіральніка пры ААН. Што гэта дасць?

Сенатары ЗША падтрымалі ідэю надання беларускім дэмакратычным сілам статусу назіральніка пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Кіраўніцтва парламенцкай групы «За вольную Беларусь» папрасіла амбасадара ЗША ў ААН аб супрацы ў гэтай справе.

Са свайго боку, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі падзякаваў за падтрымку і назваў такі крок «лагічным развіццём намаганняў па інстытуцыяналізацыі стасункаў з партнёрамі».

Наколькі верагодна, што прадстаўнікі беларускага грамадства, а не дзяржавы, атрымаюць такі статус, і які рэальны плён гэта прынясе, апроч таго, што дапаможа трымаць беларускае пытанне на міжнароднай павестцы?

— Пад ляжачы камень вада не цячэ — калі нічога не рабіць, то нічога не адбудзецца, а калі і адбудзецца, то горшае. Таму зараз мы імкнемся быць праактыўнымі, — адзначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» дарадца Святланы Ціханоўскай, кіраўнік цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька

Гэта азначае, не толькі тушыць пажары-праблемы, якія ўзнікаюць даволі часта, але і імкнуцца працаваць сістэмна. Ідэя атрымаць статус назіральніка пры ААН — якраз прыклад сістэмнай працы.

Перспектыва яго атрымання ёсць, бо ўжо створаны прэцэдэнты. Мы бачым, што ў Радзе Еўропы створаная кантактная група па Беларусі — яшчэ 3-4 гады таму нельга было сабе ўявіць, што не дзяржава, а дэмакратычныя сілы атрымоўваюць такі прававы, юрыдычны статус. А сёння гэта кантактная група працуе з Радай Еўропы па асобных накірунках, і ўжо ёсць рэальныя вынікі.

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы на зімовай сесіі ў студзені 2024 года прыняла рэзалюцыю, у якой заклікала ўсе дзяржавы — сябры Рады Еўропы прызначыць сваіх прадстаўнікоў па сувязях з дэмакратычнымі сіламі і ўмацаваць дыялог.

Цяпер мы ўжо на стадыі практычнага абмеркавання, расшыфроўваем, што такое дэмакратычныя сілы: магчыма, гэта будуць прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады, прадстаўнікі так званай «дзявяткі» — супольнасці палітычных партый, якія будуць прыязджаць на кожную сесію ў Страсбург і прымаць удзел у працы ўсіх камітэтаў, фактычна, выконваючы функцыю дзяржавы — Рэспублікі Беларусь.

Гэтыя два прыклады, гаворыць Анатоль Лябедзька, паказваюць, што прадстаўніцтва дэмсіл у ААН — не такая ўжо недасяжная мроя.

— Што дае афіцыйны статус назіральніка пры ААН? Нават сама прысутнасць, калі ты можаш заходзіць на пляцоўкі ААН — гэта магчымасць для камунікацый, для прасоўвання сваіх наратываў.

Безумоўна, што ААН — вельмі «рыхлая» арганізацыя, там не толькі дэмакраты, ЗША, Канада і краіны Еўразвязу, але і Паўночная Карэя, і Куба, і афрыканскія краіны, далёка не дэмакратычныя. Але сёння трэба мець камунікацыі не толькі з дэмакратычным светам, але і з тымі краінамі, якія вагаюцца.

Мы бачым, як Расія змагаецца і за Азію, і за Афрыку — таму і пра гэта трэба думаць. У той жа Афрыцы, якая не ў адзін колер замаляваная, можна і трэба знаходзіць сваіх хаўруснікаў, і як перспектыва для дыялогу — гэта добра.

А для мяне гэта яшчэ і прыклад таго, навошта патрэбныя групы «За дэмакратычную Беларусь» у нацыянальных парламентах розных краін. Бо ідэю падтрымалі якраз сябры такой групы, кокуса «Вольная Беларусь» у сенаце ЗША. І ў іншых выпадках, калі трэба правесці нейкую ініцыятыву, мы звяртаемся менавіта да такіх груп, якія добраахвотна ўзялі на сябе задачу лабіяваць інтарэсы новай дэмакратычнай Беларусі.

— То бок, ад статусу назіральніка ў ААН хуткіх рашэнняў чакаць не варта, але на перспектыву гэта важная ініцыятыва?

— Трымаць Беларусь у міжнароднай павестцы дня — гэта і зараз архіважная задача. Тыя, хто займаецца палітыкай, ці грамадскай актыўнасцю, мусяць разумець: калі мы прысутнічаем у міжнароднай павестцы (і чым больш яна шырокая, тым лепш), гэта значыць, што ёсць шанец для Беларусі як краіны і для нас як грамадзян гэтай краіны.

Гэта каштуе і часу, і высілкаў, і пэўных рэсурсаў, але рабіць абавязкова трэба, інакш — не будзе людзей, якія будуць праактыўнымі, а далей не будзе і краіны, мы проста сыдзем у раздзел «Рознае» і згубімся недзе на прасторах Расейскай Федэрацыі.

Калі мы гаворым пра будучыню і практычныя вынікі, то адна з задач — стварыць шырокую кааліцыю па дэмакратычнай Беларусі.

ААН — добрая пляцоўка для таго, каб шукаць хаўруснікаў. Як Уладзімір Зяленскі кажа: «Нам трэба танкавая кааліцыя», ці «нам трэба самалётная кааліцыя» — так і ў нас ёсць вельмі практычная мэта.

Каб Беларусь засталася як краіна ў постваенны перыяд, трэба стварыць кааліцыю, дзе былі б аб’яднаныя моцныя гульцы, якія будуць «тапіць за незалежнасць Беларусі і нас падтрымліваць.

І тут трэба выкарыстоўваць розныя механізмы і інструменты: як заходзіць на пляцоўкі міжнародных арганізацый, так і, напрыклад, падпісваць пагадненні аб супрацоўніцтве — згадаем, у траўні  Святлана Ціханоўская сустракалася з прэзідэнткай Еўрапарламенту Рабертай Мітсолай.

У выніку было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве беларускіх дэмсіл з Еўрапарламентам. Зараз прайшлі выбары, склад Еўрапарламенту памяняецца — а прававое пагадненне, дакумент ужо ёсць і будзе дзейнічаць. І працаваць на галоўную мэту — дэмакратычная, незалежная, еўрапейская Беларусь, якая інтэгравана ў міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ЕЗ.

— Але ж у вялікіх структурах і вялікая бюракратыя. Колькі часу можа спатрэбіцца, каб атрымаць статус назіральніка пры ААН?

— ААН — шматпалубны карабель з рознымі падструктурамі. Калі ставіць на нейкую лакальную пляцоўку, працэс больш кароткатэрміновы, але чым больш шырокая пляцоўка, тым складаней здабыць падтрымку на ёй. Мяркую, добра, што мы робім спробы зайсці на такія маштабныя пляцоўкі, — тым больш што прэцэдэнты ўжо ёсць.

Таксама думаем і над тым, каб дэмакратычныя сілы Беларусі атрымалі нейкі статус у Еўрапарламенце. Гэта розныя арганізацыі, розныя магчымасці, але галоўнае — што гэта дзеянні ў адным накірунку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(11)