Политика

«Лукашэнка ператварыўся ў донара нестабільнасьці». Шрайбман пра пошук ворагаў народу

Чым тлумачыцца новая хваля «тэрарыстычных» справаў у Беларусі? Ці «купяць» гэтыя «выкрыцьці» ў Расеі? Як жывецца ў Кіеве эмігранту-аналітыку? Ехаць беларусам ці заставацца? На гэтыя пытаньні Свабоды адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Шрайбман:

Лукашэнку ў тэрапэўтычных мэтах — для сваіх прыхільнікаў, для сілавікоў, для самога сябе — увесь час трэба ствараць атмасфэру пагрозы нападу, прычым нападу тэрарыстычнага.

Гэта апраўданьне ўсяго, што рабілася на працягу апошняга году, маўляў, разумееце, чаму трэба было гэтую «жэсьць» ладзіць.

Фактычны бок тут аналізаваць бессэнсоўна, ён тут такі ж, як у джыпе, які спрабаваў прарвацца празь мяжу 4 гады таму і так і не прарваўся.

Усе падобныя «змовы» абмяжоўваюцца размовамі ў маскоўскіх рэстарацыях.

Напэўна, сілавікі ўбачылі перапіскі ў чатах, у якіх, магчыма, абмяркоўваліся нейкія падобныя сцэнары.

Некаторыя зь іх відавочна нерэалістычныя, скажам, напад на расейскі вузел сувязі ў Вілейцы, які ахоўваецца расейскімі вайскоўцамі.

Калі ўладам спатрэбіцца апраўдаць увядзеньне ваеннага становішча, можна будзе спаслацца на тое, што ўвесь час ускрываюцца тэрарыстычныя ячэйкі — Аўтуховіча, Фядуты-Зянковіча, цяпер вось новыя.

Абсурднасьць «Ніка і Майка», дзясяткаў джыпаў з кулямётамі, цяперашнія «выкрыцьці» — гэта нібыта тэст на ляяльнасьць для сваіх прыхільнікаў.

А я зараз выдумаю, што мяне іншаплянэтнікі хацелі зрынуць, і вы ў гэта таксама паверыце — нібыта кажа Лукашэнка.

У Расеі над гэтымі «выкрыцьцямі» пасьмяюцца. Іншая справа, як гэта будуць публічна камэнтаваць.

Паколькі наўпрост Расеі гэта ня тычыцца, то магчыма, і ня будуць там ніяк камэнтаваць, каб не зганьбаваць сябе.

Імаверна, што адрасат гэтых заяваў — Расея.

Яму трэба дэманстраваць Расеі, што ён — самы антызаходні з магчымых кіраўнікоў Беларусі.

Здаецца, што падобныя заявы зьяўляюцца, калі ў адносінах з Расеяй насамрэч ня ўсё так гладка.

Я ня ведаю, як Лукашэнка ўспрыняў тое, што Пуцін не прыехаў на форум рэгіёнаў, хаця былі анонсы, што прыедзе.

Ёсьць падставы лічыць, што Лукашэнка зараз імкнецца любым рэпутацыйным коштам дэманстраваць ляяльнасьць да Расеі.

Улада як бы гаворыць: пакуль Захад уводзіць санкцыі, мы будзем біць грамадзянскую супольнасьць.

Ці быў загад на арышт Кузінай і Касьцюговай адказам на санкцыі, але ён у рэчышчы лёгікі — мы ня спынім рэпрэсіі, каб не выглядаць слабымі.

На Захадзе прайшоў час, калі Лукашэнка ўспрымаўся, як партнэр для дыялёгу, на ім, як на суразмоўцы, паставілі крыж.

Падыход Захаду ўжо ня зьменіцца, як бы ён не рэпрэсаваў сваё грамадзтва.

Размовы пра тое, што Лукашэнка проста такі своеасаблівы, што трэба ўлічваць яго інтарэсы, што ён нечага гарант — яны на Захадзе больш не працуюць.

Яго сыгналы — яны ўсе міма, няма жаданьня пэцкацца аб кантакты зь ім.

Эўрапейцы і амэрыканцы адкрыта гавораць, што Лукашэнка робіцца надта дарагім для Пуціна.

Гэта іх разьлік. Я ня ведаю, ці спрацуе ён, але гэта адзіны іх разьлік.

Што тычыцца сэктаральных санкцыяў, то там матыў яшчэ больш утылітарны — ён у тым, каб падвысіць цану за дзеяньні кшталту прымусовай пасадкі самалёту.

Каб які-небудзь прэзыдэнт Філіпінаў ведаў, што яму будзе за захоп самалёту ў палітычных мэтах.

У апошніх санкцыях я бачу мала клопату пра правы чалавека, бо яны не былі мэтай.

Ёсьць шмат краінаў на Зямлі, дзе Захад правы чалавека менш турбуюць, чым у Беларусі.

Можна паглядзець на Азэрбайджан, на Савудаўскую Арабію — на краіны, важныя для Захаду эканамічна ці палітычна.

Ёсьць пул краінаў, адносна якіх Захад можа дазволіць сабе каштоўнасны падыход.

Пасьля інцыдэнту з Ryanair беларускі крызіс перастаў быць унутранай праблемай, а стаў рэгіянальнай праблемай.

Літаральна за адзін дзень Лукашэнка ў вачах ЭЗ ператварыўся з донара стабільнасьці ў донара нестабільнасьці.

І таму важна было ўключыць супраць яго мэханізм стрымліваньня.

Дэстабілізацыя Лукашэнкі, вывядзеньне яго з раўнавагі, і падвышэньне яго цаны для Расеі — гэта тыя сцэнары, у межах якіх санкцыі могуць спрацаваць.

Даволі дзіўна папракаць ЭЗ за тое, што ён ужыў тое адзінае, што было ў яго ў арсэнале.

Абмен сыгналамі ідзе. Крыніцы пацьвярджалі інфармацыю Франака Вячоркі, што напярэдадні ўвядзеньня санкцыяў беларускія дыпляматы казалі заходнім партнэрам, што плянуецца перавод пад хатні арышт ня толькі Пратасевіча і Сапегі, але і некаторых іншых палітвязьняў.

Мне здаецца, што зараз нават амністыя, якую ўлады рыхтавалі праз прашэньні аб памілаваньні, можа быць адкладзеная.

Адразу пасьля ўвядзеньня санкцыяў саступаць — гэта не па-пацанску.

Пакуль беларускія ўлады ня зробяць нечага экстраардынарнага кшталту захопу самалёту, скажам, калі б колькасьць нелегалаў пайшла на тысячы, калі б пачаліся правакацыі супраць дыпляматаў у Менску, Эўразьвяз рутынна будзе пашыраць пэрсанальныя санкцыі.

Напрасіцца на санкцыі новага ўзроўню Менск можа толькі дзікунствам новай якасьці.

Літва можа ў аднабаковым парадку спыніць транзыт калійных угнаеньняў, бо ён ідзе менавіта празь яе.

Я ва Ўкраіне знаходжуся ў стадыі адаптацыі.

Я не назваў бы свой ад’езд драматычным.

Ён быў драматычным у тых, хто бег ад сілавікоў, якія гналіся за імі па пятах, хто зьбег з «хіміі».

Я дагэтуль не разумею, мяне ўпусьцілі ці выпусьцілі.

Пры жаданьні можна было мяне затрымаць да выхаду ў эфір інтэрвію з Пратасевічам.

У Кіеве вельмі шмат беларусаў, і дыяспара імкліва расьце, першы ўсплёск быў улетку і ўвосень летась, а другая хваля — увесну сёлета, пасьля хвалі рэпрэсіяў адносна СМІ.

Я не адчуваю, што трапіў у чужую краіну.

Камфортнае моўнае асяродзьдзе, хаця і зусім іншы народ.

Вы, Юры (Дракахруст), калісьці напісалі, што беларусы і ўкраінцы — гэта ўсходнеславянскія немцы і італьянцы. Гэта так і ёсьць.

Беларусы і ўкраінцы знаходзяцца на розных канцах спэктру, дзе на адным баку анархія, а на іншым — парадак.

Беларусу карысная ўкраінская тэрапія, каб адвучыцца ад празьмернага пераходу дарогі толькі на зялёнае сьвятло, нават калі дарога пустая.

Я невыпадкова выбраў Украіну як самую блізкую мэнтальна з даступных.

Калі я жыў у Англіі, я адчуваў, што там грамадзтва закрытае для несваіх.

Англійскія супольнасьці даволі закрытыя, там ёсьць такая выспавая мэнтальнасьць. Як мне здаецца, ва Ўкраіне нічога падобнага няма.

Я і ў Беларусі не цэнзураваў сябе, я ня думаю, што мой тон памяняецца ў сувязі з пераездам.

Але ў апошнія месяцы ў Беларусі сапраўды атмасфэра пачала згушчацца, стала зразумела, што асноўная мэта — гэта зачыстка мэдыя, аналітычнай супольнасьці.

І пры ўсёй памяркоўнасьці маёй лексыкі я задумваўся аб наступствах сваіх словаў, чаго мне ня трэба рабіць у Кіеве.

Што рабіць — я сабе парадаў не дазваляў і ў Беларусі. А з сытуацыі бясьпекі нешта раіць тым, хто ў небясьпецы — гэта маральна сумніўны занятак.

Я заўсёды казаў, што трэба рабіць тое, за што табе ня будзе сорамна.

Я ня ведаю, якая тактыка ў Беларусі сёньня працуе на набліжэньне пераменаў — ахвярнасьць ці перачэкваньне.

Магчыма, сёньня трэба захаваць сябе жывымі і здаровымі. Пра гэта Зьміцер Дашкевіч сказаў у адным зь інтэрвію.

Бываюць часы, калі трэба захаваць сябе.

Магчыма ўва мне гаворыць мая габрэйская палавіна, але чалавечае жыцьцё — гэта самае важнае.

Сям'я важнейшая за радзіму – я сыходжу з гэтага прынцыпу і не лічу сябе непатрыётам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(66)