Экономика

Літва — пігмей? Параўноўваем ВУП Літвы і Беларусі

Міністр замежных спраў Беларусі назваў Літву «пігмеем». Аднак эканамічная статыстыка сведчыць, што 3-мільённая Літва ўжо абагнала 9-мільённую Беларусь па памеры эканомікі, піша Наша Ніва.

Вільня, панарама горада. Wikimedia Commons

У 1990-я Беларусь, Літва і Польшча выйшлі з адной сістэмы. Старэйшыя памятаюць, што ў савецкі час Беларусь і Літва змагаліся ў «сацыялістычным спаборніцтве» па эканамічных паказчыках. Надоі малака на карову былі большыя ў літоўцаў, а яйканоснасць курэй — у беларусаў.

Чвэрць стагоддзя таму краіны выбралі розныя палітычныя і эканамічныя курсы. «Вы хочаце, каб было як у Літве?» — гэтае рытарычнае пытанне часта сустракалася ў беларускай дзяржаўнай прапагандзе 25 гадоў назад.

Што маем цяпер?

Вось паказчыкі валавога ўнутранага прадукту па стане на 2021 год (у далярах, звесткі МВФ): памер эканомікі Літвы большы, чым у Беларусі.

Прычым тэндэнцыя не на нашу карысць — і гэта яшчэ да ўсякіх санкцый. У 2019 годзе Беларусь Літву яшчэ абганяла.

Гэта прытым што ў Літве 2,8 мільёна жыхароў, а ў Беларусі — 9,4 мільёна. Валавы нацыянальны прадукт на душу насельніцтва ў Беларусі ўжо амаль у 3,5 разу меншы, чым у Літве — каля 6500 і каля 22 000 USD адпаведна. Вялізны разрыў і па памеры заробкаў ды пенсій «простых людзей».

Калі пералічыць ВУП ці заробкі па парытэце купчай здольнасці, разрыў робіцца меншы, але ўсё роўна розніца ў 2 разы (40 700 і 20 500 USD). 

Літву, вядома, можна лічыць пігмеем. Толькі тады трэба прызнаць, што Беларусь па аб'ёме сваёй эканомікі, а значыць і па сваіх магчымасцях, яшчэ меншая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(67)