Лекарка дзіцячай бальніцы: У сямі мэдработнікаў знайшлі каранавірус

У сямі мэдработнікаў 4-й гарадзкой дзіцячай клінічнай бальніцы ў Менску выявілі COVID-19. А двух пацыентаў перавялі ў інфэкцыйную бальніцу. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла супрацоўніца лякарні.

Галоўны лекар бальніцы Віталь Лужынскі ня стаў камэнтаваць гэтую інфармацыю.

— Каранавірус выяўлены ў 7 мэдработнікаў, зь іх адна супрацоўніца памерла ад ускладненьняў, выкліканых вірусам. Гэта супрацоўнікі алергалягічнага, пэдыятрычнага аддзяленьняў і гарадзкога афтальмалягічнага цэнтру. Але на ўзроўні адміністрацыі ўсе маўчаць. Таксама двое дзяцей з COVID-19 былі пераведзеныя ў інфэкцыйную лякарню, — сказала Свабодзе лекар на ўмовах ананімнасьці.

Паводле яе, у бальніцы ня ўсе супрацоўнікі маюць сродкі засьцярогі, мусяць іх проста «выбіваць». А аднаразовымі рэчамі карыстаюцца як шматразовымі.

— Такое адчуваньне, што ўсім усё роўна. Самае страшнае, што нехта з супрацоўнікаў прынёс вірус у адно з аддзяленьняў, і ён там распаўсюдзіўся. І асаблівых мераў, каб засьцерагчы пацыентаў, якія знаходзяцца на лекаваньні ў гэтым аддзяленьні, прынята не было. Гэта ўсё насьцярожвае, і ты адчуваеш сябе безабаронным, — кажа лекарка.

Цяпер у бальніцы плянавыя наведваньні адмененыя, але яшчэ на мінулым тыдні пацыенты прыходзілі на плянавыя агляды і кансультацыі.

Лекарка кажа, што інфармацыю хаваюць на загад зьверху, каб не рабіць панікі, а мэдычныя работнікі ня хочуць працаваць без нармальных сродкаў засьцярогі і рызыкаваць ня толькі сваім здароўем, але і сваіх блізкіх.

— Я не магу цяпер гарантаваць, што я ня носьбіт віруса, хоць я старалася нікуды не хадзіць, — сказала лекарка.

Галоўны доктар Віталь Лужынскі сказаў, што супрацоўнікі бальніцы маюць сродкі засьцярогі ў дастатковай колькасьці, атрымлівалі іх учора, сёньня, і ў панядзелак выдадуць новыя.

Як паведаміў на брыфінгу 17 красавіка міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, на ўчорашні дзень, 16 красавіка, у Беларусі было пацьверджана агулам 419 выпадкаў заражэньня каранавірусам мэдыкаў.

Почобут: Жалко людей, которые за все это будут платить своим здоровьем

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(14)