Филин

Юлія Кот

Лекар — пра адкрыццё рэабілітацыйных цэнтраў для зняволеных: «Не раскрыта галоўнае пытанне: хто будзе працаваць з асуджанымі?»

Былы кіраўнік медслужбы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ Васіль Завадскі — пра нечакана добрую навіну з беларускай пенітэнцыярнай сістэмы.

Фото: Zuma Press/IMAGO

Рэабілітацыйныя цэнтры для асуджаных плануюць стварыць у Беларусі — адпаведную пастанову зацвердзіў урад. Адметнасць у тым, што такія цэнтры будуць адкрывацца пры саміх папраўчых установах як частка апошніх.

Такім чынам, зняволеныя, якія маюць хранічную алкагольную, таксікалагічную альбо нарказалежнасць, змогуць атрымліваць медычную і псіхалагічную дапамогу яшчэ да вызвалення.

Ёсць, праўда, некалькі «але». У праграму могуць быць уключаныя толькі тыя, хто захоча прайсці рэабілітацыю добраахвотна, і пры ўмове, што неадбыты тэрмін пакарання гэта дазваляе (не менш за 6 месяцаў).

Пры больш дэталёвым вывучэнні пастановы ўзнікаюць пытанні наконт кадраў — не зразумела, дзе возьмуць спецыялістаў, і калі маюцца на ўвазе самі супрацоўнікі турмаў і калоній, то ці змогуць яны забяспечыць дэклараваны індывідуальны падыход і быць не толькі турэмшчыкамі?

Таксама не раскрыты механізм фінансавання — акрамя сродкаў рэспубліканскага бюджэту, зробленая агаворка наконт «іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам».

І ўсё ж, адзначае ў каментары Филину урач і праваабаронца, былы кіраўнік медслужбы Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС РБ Васіль Завадскі, у цяперашніх варунках стварэнне падобных цэнтраў — гэта добрая навіна:

Васіль Завадскі

— Мяне як псіхіятра-нарколага па першай спецыяльнасці і як арганізатара пенітэнцыярнай медыцыны ў мінулым гэта пастанова натхняе. І, канешне, я расцэньваю яе станоўча — бо ў цяперашні час, калі пазітыўных навін няшмат, гэта якраз рух у правільным накірунку.

Дэпартамент выканання пакаранняў супрацоўнічаў з цэнтрам псіхічнага здароўя, з нарколагамі ўжо даўно. Гэтае супрацоўніцтва працягвалася і апошнім часам — і, як я разумею, вынікам стала гэтая пастанова.

Праблема залежнасцяў і злачыннасці ў гэтай сувязі вельмі актуальная. Яшчэ падчас маёй працы гэта было добра бачна.

Напрыклад, на Захадзе да 90% зняволеных трапляюць за краты акурат за злачынствы, звязаныя са сферай залежнасцяў: найчасцей злачынства альбо было здзейсненае для таго, каб набыць псіхаактыўныя рэчывы, альбо пад уздзеяннем гэтых рэчываў. Тая самая праблема нарастае ў нас.

І цэнтральнае пытанне, дадае лекар, — у тым, каб ладзіць рэабілітацыю людзей не пасля вызвалення, а яшчэ падчас зняволення, каб прадухіліць узнікненне замкнёнага кола: ужыў наркатычныя рэчывы — здзейсніў злачынства — быў асуджаны — выйшаў на волю — ужыў — сеў…

Пры агульнай станоўчай ацэнцы Васіль Завадскі адзначае, што некаторыя пункты распісаныя занадта падрабязна — напрыклад, пра тое, што падрыхтоўчы перыяд складае да 15 дзён, як і завяршальны, а з іншага боку, шмат пра што не сказана.

— Прынамсі, я згодны з вамі, што не раскрыта галоўнае пытанне: хто будзе працаваць з асуджанымі, якія спецыялісты? Наўскідку, патрэбны кваліфікаваны нарколаг і кваліфікаваны псіхолаг, і далёка не адзін. Вельмі сумняюся, што будуць прадугледжаны дадатковыя штаты супрацоўнікаў на гэта.

А калі ўказваецца, што групы для праходжання комплекснай рэабілітацыі будуць ад 6 да 25 чалавек, я згадваю, што калі працаваў у свой час у Навасадах (там знаходзіцца папраўчая калонія №14 — Ф),  у нас на ўліку па алкагалізму і наркаманіі стаяла больш як 1000 чалавек.

Натуральна, можна ўявіць, што далёка не ўсе з іх захочуць удзельнічаць у гэтых праграмах— а ў іх закладзены відавочна прагрэсіўны прынцып добраахвотнасці. Таму ў мяне ўзнікае пытанне матывацыі: ці будуць нейкія матывуючыя фактары, скажам, магчымасць трапіць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, калі чалавек паспяхова завяршыў рэабілітацыйную праграму?

У дакуменце пра гэта нічога не сказана, бо патрабуе, я так разумею, унясення зменаў у Крымінальна-выканаўчы кодэкс. Аднак пытанні, дзеля чаго асуджанаму ўключацца ў такія праграмы, непазбежна ўзнікнуць.

Яшчэ адна заўвага лекара і праваабаронцы датычыцца тыповай праграмы рэабілітацыі — сказана, што яе будзе зацвярджаць МУС па ўзгадненні з Міністэрствам аховы здароўя, а хацелася б бачыць адваротны парадак.

— Разумею, што ёсць свая спецыфіка — адна справа, рэабілітацыйны цэнтр на волі, і іншая, калі ён дзейнічае ў пенітэнцыярнай установе. І ўсё ж хацелася б спадзявацца, што тут будзе весці рэй міністэрства аховы здароўя, — заўважае Васіль Завадскі.— Прыкладам, міністэрства магло б накіроўваць сваіх нарколагаў і іншых адмыслоўцаў у такія ўстановы хаця б раз на тыдзень.

Звяртае на сябе ўвагу яшчэ адзін важны аспект. У пастанове размова ідзе пра папраўчыя калоніі, але нічога не сказана пра так званыя лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Фармальна гэта можна патлумачыць тым, што ў ЛПП падобныя рэабілітацыйныя праграмы павінны працаваць «аўтаматычна», бо ў гэтых установах утрымліваюцца якраз залежныя людзі.

Але пытанне зноў жа ў спецыялістах, у індывідуальным падыходзе (а іншае з залежнымі людзьмі і не працуе): калі на аднаго нарколага у такіх установах прыпадае па некалькі соцень падапечных, то ад такой рэабілітацыі не прыходзіцца чакаць нічога, акрамя прафанацыі. Баюся, каб так не сталася і з гэтым новаўвядзеннем.

Іншыя ацэнкі, дадае эксперт, пакуль даваць складана — з той інфармацыі, што ёсць на сёння, ідэя выглядае слушнай, але трэба пачакаць самой праграмы рэабілітацыі і таго, як на будзе зладжана на практыцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.4(10)