Истоки

Багдана Паўлоўская

Лаcтоўскі: «Беларусы — гэта нацыя-цуд»

Які нечаканы вынік прынёс для беларускай нацыі падзел Рэчы Паспалітай, і ці дасць нам Расія пабудаваць сваю нацыянальную дзяржаву?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні мы спрабуем знайсці ў межах нашага спецпраекту Вытокі разам з гісторыкам Аляксеем Ластоўскім.

Аляксей Ластоўскі

«Па сваім характары беларусы больш блізкія да літоўцаў»

— Вы неяк распавядалі ў адным з інтэрв’ю, што ва Уладзівастоку давялося чытаць лекцыю пра тое, чым беларусы адрозніваюцца ад расіян. І як поспех? Ці ўдалося пераканаць, што мы іншыя? І чым, дарэчы, мы адрозніваемся?

— Пераканаць, пэўна, не атрымалася. Вельмі цяжка гэта для расійскай свядомасці. У іх ужо ёсць свае зафіксаваныя ўяўленні пра свет навокал, і вынік гэтага светаўяўлення мы зараз назіраем. Мне арганізатар потым расказваў, што пасля лекцыі падышла бабулька з прэтэнзіяй: маўляў, прыехаў тут нейкі габрэй і дзеліць нашы народы.

Калі казаць, што адрознівае, то, на маю думку, у аснове нацыянальнай ідэнтычнасці расейцаў — імперскасць. Гэта нацыя, якая прывыкла адчуваць сябе прыналежнай да вялікай дзяржавы, у іх свядомасць людзей, якія будуюць вялікую дзяржаву. Там адразу закладваецца імпульс для заваёўвання тэрыторый і вельмі цэніцца лаяльнасць і вернападданніцтва. І, зразумела, гэта адбіваецца на грамадзянскай супольнасці, якія кладзецца ахвярай арыентацыі на такую дзяржаву.

Калі мы кажам пра беларусаў, то наша свядомасць сфарміравана якраз паміж дзяржавамі, паміж рознымі імпульсамі, якія ішлі з Усходу і Захаду. Гэта хутчэй свядомасць выжывання, спробы захавання сябе ў той час, калі іншыя спрабуюць табе навязаць нейкія свае ўласныя парадкі.

Прыходзілі войскі з Масковіі, з Германіі, вельмі моцны культурны ціск ажыццяўляла Польшча, і зразумела, што ў такіх умовах беларусы становяцца майстрамі мімікрыі, выжывання ў неспрыяльных абставінах.

Безумоўна, гэта фарміруе розныя формы паводзін. Беларусы спрабуюць не вылучацца ў прасторы, быць сціплымі, старацца максімальна адаптавацца да сітуацыі, у той час як для расіян вельмі важна прадэманстраваць сябе, неяк сцвердзіцца, дабіцца, каб іх паважалі або баяліся.

І гэта зусім па-іншаму ўспрымаецца навакольнымі. Не сакрэт, што ў свеце да беларусаў заўсёды было вельмі добразычлівае стаўленне — прынамсі да таго часу, як беларускія ўлады падтрымалі расійскую агрэсію.

— Вы таксама казалі, што беларусы па сваім характары больш падобныя да літоўцаў — спакойныя, ураўнаважаныя, не лезуць наперад. Зараз, стала жывучы ў Літве, таксама бачаце гэтая падабенства?

— Так, я ўжо маю паўтарагадовы досвед пражывання і магу пацвердзіць свае словы. Сапраўды па сваім характары беларусы больш блізкія менавіта да літоўцаў.

Гэта, з аднаго боку, вынік вельмі сціслага ўзаемадзеяння на працягу гісторыі, калі былі кантакты паміж балтамі і славянамі, паміж праваслаўнымі і католікамі. Увесь час адбывалася ўзаемная асіміляцыі: літоўцы давалі нам нешта, мы ім давалі сваё. І па выніку сапраўды мы можам казаць пра пэўны сімбіёз.

Калі паглядзець, то паміж літоўцамі і беларусамі не было вялікіх канфліктаў. Апроч хіба раздзьмутага апошнім часам пузыра нейкіх дзіўных спрэчак пра літвінізм. Можна ўзгадаць, што яшчэ ў часы Першай сусветнай вайны, калі на руінах Расійскай імперыі з’явілася акно магчымасцяў для фарміравання нацыянальнай дзяржавы , былі спробы стварыць супольную беларуска-літоўскую дзяржаву, аднавіць Вялікае княства Літоўскае. І гэта ў 1915-1917 гады — часы, калі ў рэгіёне ўжо квітнелі паўнавартасныя нацыяналізмы.

Практычна рэальная мяжа паміж Беларуссю і Літвой паўстала толькі пасля 1991 года. І гэтыя кантакты нас сапраўды ўзаемна ўзбагачалі.

Калі браць нацыягенез, то і беларусы, і літоўцы — гэта нашчадкі сялянскіх нацый. Яны фарміраваліся на такіх самых падмурках. Вясковая сялянская свядомасць, якая перажыла сваю трансфармацыю пры пераездзе ў вялікія гарады, — гэта таксама тое, што аб’ядноўвае сучасных беларусаў і літоўцаў.

— Калі б давялося ахарактарызаваць беларусаў некалькімі словамі, то якія станоўчыя і якія адмоўныя рысы вы б вылучылі?

— Тут цяжка сказаць, станоўчыя яны ці адмоўныя. З аднаго боку, гэта адаптыўнасць, уменне выжываць у экстрэмальных умовах, уменне перажываць вайну, захоўваць сваю свядомасць, тутэйшасць. А, з іншага боку, гэта вядзе да жадання схавацца, не лезці на ражон, не прымаць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці і чакаць, што ўсё гэта можна перажыць і дачакацца, што ўсе ворагі памруць.

І што тут дрэннае, а што тут добрае, я не вазьмуся ацаніць.

«Калі б не адбылося падзелу Рэчы Паспалітай, то невядома, ці змагла б тады сфармавацца беларуская нацыя»

— А якія падзеі, як вам падаецца, сталі найбольш важнымі для фарміравання беларускай нацыі?

— Калі браць такія эпахальныя рэчы, то тут варта ўзгадаць пра стварэнне дзяржаў, якія мелі трывалыя формы і шмат у чым паўплывалі на фарміраванне палітычных і культурных традыцый. У першую чаргу размова ідзе пра Вялікае княства Літоўскае. Далей — утварэнне Рэчы Паспалітай. Пасля — анексія земляў Рэчы Паспалітай і ўключэнне фактычна ўсёй тэрыторыі Беларусі ў склад Расійскай Імперыі. Гэта тое, што непасрэдна ўплывала на беларускую ідэнтычнасць.

Дарэчы, ёсць такая думка польскага гісторыка Анджэя Валіцкага, што, калі б не адбылося падзелу Рэчы Паспалітай, то, хутчэй за ўсё, на нашых абшарах было б на некалькі нацый менш. То-бок невядома, ці змаглі б тады сфармавацца ў рэчаіснасці самастойныя беларуская і літоўская нацыі.

— Даволі нечаканы паварот. Выходзіць, што анексія нашых земляў якраз прывяла да з’яўлення Беларусі?

— У прынцыпе мы ведаем, што напрыканцы існавання Рэчы Паспалітай Беларусь знаходзілася пад вельмі моцным культурна-цывілізацыйным польскім ціскам. Да яго можна па-рознаму ставіцца, але, хутчэй за ўсё, калі б Рэч Паспалітая працягвала сваё існаванне, то беларусы былі б там асіміляваныя.

Так, падзел Рэчы Паспалітай мы можам успрымаць як нейкую трагедыю, але фактычна гэта і пэўная развілка, якая дала магчымасць дафармаваць беларускую суб’ектнасць. Бо ў выніку быў аслаблены гэты польскі ціск.

Канешне, Расія спрабавала правесці палітыку інкарпарацыі, уключыць беларусаў у склад рускага народа, але не вельмі паспяхова. І такое скрыжаванне польскіх і расійскіх уплываў стварыла гэтую шэрую зону, дзе можна было нейкім чынам выбудоўваць уласную свядомасць.

І таму, як ні дзіўна, з’яўленне беларусаў як палітычнага суб’екту, які прадугледжвае наяўнасць сваёй ўласнай дзяржавы, — таксама вынік вось гэтых працэсаў падзелу Рэчы Паспалітай і няўдалай спробы расійскай культурніцкай палітыкі на нашых землях.

— А што яшчэ лягло ў аснову нашага менталітэту? Зрабіла беларусаў такімі, якія мы ёсць?

— Безумоўна, на беларускую свядомасць ўплывала тое, што, на вялікі жаль, нашы землі ляжаць на памежжы. Паўсюдныя канфлікты, калі вялікія сілы імкнуцца кантраляваць гэтыя землі, рэгулярныя войны не праходзілі дарам. Паглядзіце, наколькі знішчаны культурна-гістарычны ландшафт Беларусі, колькі спалена, вывезена… Фактычна гэта вымушае людзей жыць з пастаяннай памяццю пра вайну.

І хоць апошняя вялікая вайна адбывалася досыць даўно, тым не менш усё роўна захоўваюцца ўяўленні пра страшную трагічную навалу, якая паставіла людзей ў максімальны складаныя ўмовы выжывання. І гэта потым перадавалася з пакалення ў пакаленне.

Я б сказаў, што так ці інакш свядомасць беларусаў сфарміраваная гэтымі бясконцымі войнамі, апошняя з якіх Другая сусветная вайна.

— Многія даследчыкі, з якімі даводзілася размаўляць, заўважалі, што беларусы на сваім шляху пераадольвалі такія перашкоды, якія б іншую нацыю забілі б. У чым, як вам падаецца, такая жывучасць нашай нацыі?

— Тут, канешне, усім хочацца сябе пахваліць. Асабліва ў такой сітуацыі, дзе мала чым можна пахваліцца. Але сапраўды, фарміраванне беларускай нацыі адбывалася ў самых неспрыяльных абставінах.

Гэта і адсутнасць нейкай дзяржаўнай традыцыі, да якой можна было б апеляваць, адсутнасць агульнай царквы, якая б усіх аб’ядноўвала, адсутнасць сваёй арыстакратыі, якая б магла стаць нейкім прадстаўніком лакальных інтарэсаў, адсутнасць інтэлігенцыі і буржуазіі, якія б прасоўвалі ідэі нацыянальнага руху.

Тое, што паўстала Беларусь, — гэта фактычна справа рук невялікай купкі людзей. Калі падлічыць, колькі было беларускіх адраджэнцаў на пачатку ХХ стагоддзя, то можна ўсіх назваць па імёнах, і гэты спіс будзе не вельмі доўгім. Большасць жа беларусаў жыла ў вёсках, а вясковая свядомасць, як вядома, вельмі традыцыйная, лакальная. Каб ператварыць яе ў нацыянальную, патрэбны вялікія высілкі.

Таму можна сказаць, што беларусы — гэта нейкая нацыя-цуд, паколькі пры ўсіх тых абставінах усё ж сфарміравалася беларуская дзяржава.

— Недаўна вы чыталі лекцыю «Беларусь ці Белаляхія»? Гэта яшчэ што такое? Мала нам, аказваецца, Літвы, Белай Русі і іншых саманазваў?

— Лекцыя была прысвечана аднаму тэксту, які можна назваць інтэлектуальным казусам. Справа ў тым, што многія народы, і не толькі ў нашым рэгіёне, калі пераходзяць ад раннемадэрных дзяржаў да фарміравання нацыянальных дзяржаў, сутыкаюцца з праблемай назваў: як правільна называць краіну, як правільна называць народ? Бо гэта ў значнай ступені такое культурнае праграмаванне — як мы сябе назавем, так потым і будзем выбудоўваць далей дзяржаўныя інстытуты.

І ў выпадку Беларусі былі сапраўды досыць жвавыя дыскусіі на гэты конт. Паколькі той жа тэрмін «Беларусь» у сваёй назве мае пэўную прывязку да Русі, што магло ўспрымацца (і зараз нават успрымаецца), як нібыта нейкая частка Расіі.

І гэта стварала праблему для ідэолагаў нацыянальнага руху, якія думалі, якім жа чынам лепш выбудаваць сваю ўласную дзяржаўнасць. Адсюль і ідэі Вацлава Ластоўскага, што мы крывічы і краіна наша — Крывія. Ці актыўнасць Янкі Станкевіча, якія спрабаваў прасоўваць варыянт Вялікай Літвы.

А я сутыкнуўся з яшчэ адным варыянтам. У львоўскай прэсе яшчэ напрыканцы ХІХ ст. быў апублікаваны артыкул, аўтар якога даводзіў, што насамрэч правільнай назвай павінна быць Белаляхія. Аргументацыя была такая: радзімічы паходзяць ад ляхаў, беларусы больш блізкія да палякаў па сваёй мове і такая назва да таго ж адасабляе краіну ад расійскіх уладаў.

Гэты тэкст быў апублікаваны ў друкаваным органе польскай нацыянал-дэмакратыі. Я вылічыў аўтара гэтага артыкулу. Ім аказаўся навуковец Бенедыкт Дыбоўскі, ён працаваў у Львове, але паходзіў з Міншчыны. Тым не менш трэба сказаць, што гэты артыкул, як і ідэя Белаляхіі, быў успрыняты даволі варожа і дастаткова хутка забыты.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Чэшскай рэспублікі ў межах праграмы Transiton Promotion.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)