І вось, калі мы кажам пра пакаянне якога-небудзь сілавіка, то яно адбудзецца тады, калі ён такім жа чынам, як здзяйсняў грэх публічна, публічна папросіць прабачэння.
Ксёндз Барок: «Калі мы кажам пра пакаянне якога-небудзь сілавіка, то яно адбудзецца тады, калі ён публічна папросіць прабачэння»
На мінулым тыдні НН апублікавала навіну пра былога сілавіка, палкоўніка Максіма Грышчанку, які сышоў са службы, стаў пратэстантам і пачаў пячы хлеб.
– У жыцці магчыма ўсё, але ці можам мы быць здзіўленыя такімі паводзінамі людзей, то, безумоўна, не. Праўда, калі ўнесці яснасць, то трэба сказаць, што магчымыя і цуды, магчымыя і шчырыя пакаянні, – каментуе ў эфіры Е*рарадыё навіну пра Максіма Грышчанку ксёндз Вячаслаў Барок.
– Але, – заўважае святар, – нельга блытаць шчырае павяртанне да Госпада, пакаянне чалавека, ягоную метаною або перамену жыцця з нейкай знешняй пераменай афарбоўкі.
І калі нават пэўны міліцыянт пасля пенсіі звальняецца і атрымоўвае надалей добрую пенсію толькі за тое, што рабіў беззаконне падчас сваёй працы, а потым раптоўна пачынае пячы хлеб і наведваць царкву, няважна якой канфесіі, то нельга сказаць, што ў ягоным жыцці адбыліся перамены.
Па словах святара, такі чалавек нічога не змяніў у сваім падыходзе да жыццёвых каштоўнасцей. Проста ён лепш уладкаваўся і знайшоў больш бяспечны спосаб існавання.
Ксёндз Барок тлумачыць:
– То бок, ён і далей атрымоўвае пенсію сілавіка, далей з’яўляецца гэтым сілавіком, у яго ўсё яшчэ ёсць пагоны, але паралельна ён знайшоў сабе месца ў царкве. І мы не можам казаць, што гэта ёсць пакаянне.
Пакаянне выглядае інакш. Яно вядзе за сабой рэальную перамену ў жыцці. Калі кагосьці пакрыўдзіў або забраў, то аддай яму ў разы больш.
…Мы не чуем таксама пра тое, што палову сваёй пенсіі ён аддае тым людзям, якім сілавікі сёння выпісваюць незаконныя штрафы.
Таму, – яшчэ раз падкрэслівае святар, – мы не можам казаць, што гэта ёсць пакаяннем.
Ксёндз Вячаслаў параўновае кейс Грышчанкі з тымі пераменамі, якія прыходзілі на Беларусь у другой палове 1980-х.
– У касцёлах і цэрквах шмат людзей, якія былі ў 1980-я гады камсамольцамі або камуністам. Але потым у адзін цудоўны момант яны з камсамольскіх або камуністычных сходаў апынуліся на сходах у касцёлах або цэрквах. І ёсць пытанне, а дзе гэты момант жыццёвай перамены? Бо пакаяння не было, – ізноў падкрэслівае святар.
І ў гэтым ёсць праблема, што ў нас нават не было спробы пакаяцца ў тых грахах ХХ стагоддзя, у якіх мы жылі. Мы проста хуценька змяніліся, але гэта не былі ўнутраныя перамены. Мы проста прыстасаваліся.
Канешне, былі і іншыя, якія давалі сведчанні сваёй веры, але шмат у нашых касцёлах і цэрквах акурат вось такіх, якія не памяняліся, а проста змянілі партыйныя сходы на першыя лавы ў касцёлах.
Дык, людзі, вызначыцеся, хто вы, – заклікае ксёндз. – Я прызнаю, што пакаянне можа быць, але мы павінны пазнаць яго па пладах. А плады – гэта не тое, што вы яшчэ лепш прыстасаваліся ў жыцці. Яны ў тым, што вы штосьці ахвяравалі, аддалі свайго. Але ж такога няма.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное