Але, па сутнасці, год да ўвядзення маштабных санкцый, пакуль ішла вайна ва Украіне, беларускі ўрад праз «БелМагістральАўтаТранс» і беларус Яўген Касцюк забяспечвалі Расію тэхнікай для веннай прамысловасці.
Крывавыя пасярэднікі. Хто з беларусаў дапамагаў абсталёўваць расійскую вайсковую машыну ў абыход санкцый
Расследаванне Бюро пра тое, як заходняе абсталяванне для ваеннай прамысловасці трапляе ў Расію і хто за гэтым стаіць.
Расія працягвае масіраваныя абстрэлы Украіны. Міжнародныя санкцыі павінны былі аслабіць ваенны патэнцыял Крамля. Але сучасная тэхніка паступае ў Расію абыходнымі шляхамі.
Як гэты адбываецца, расказваюць у сумесным расследаванні «Бюро», расійскага выдання «Вёрстка» і Цэнтра па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP).
Рускі забеспячэнец
15 лістапада 2022 года. Расія вядзе чарговы масіраваны абстрэл энергетычных аб’ектаў Украіны. У атаку ідуць караблі, самалёты і дроны – запушчана каля ста ракет. Паветраныя сілы Украіны даволі паспяхова адбіваюць удары – збітыя 75 крылатых ракет і 12 дронаў. Сярод падбітай украінцамі тэхнікі – рэдкі баявы беспілотнік «Арыён», які ў Расіі лічаць аналагам турэцкага «Байрактара».
Такі дрон можа несці адначасова шэсць 20-кілаграмовых авіяцыйных бомбаў, якія знішчаюць танкі, БМП і жывую сілу супраціўніка. Авіябомбы выпускае маскоўскі Цэнтральны навукова-даследчы інстытут хіміі і механікі (ЦНДІХМ). За год да вайны гэты інстытут распачаў тэхнічнае пераўзбраенне. І тут на дапамогу прыйшлі расійскія і беларускія пасярэднікі, якія вазілі сучаснае абсталяванне і працягвалі гэта рабіць нават тады, калі пуцінскі ваенпрам абклалі санкцыямі. Але пра ўсё па парадку.
У сакавіку 2021 года ЦНДІХМ абвясціў тэндар на пастаўку заходняга абсталявання, каб мадэрнізаваць вытворчасць. Высокі давер інстытута ў гэтай няпростай справе і падрад на два мільёны долараў атрымала кампанія «ОСТЕК-СМТ».
Яна ўваходзіць у групу кампаній «ОСТЕК». Яе стварылі выхадцы з расійскага Цэнтральнага навукава-даследчага тэхналагічнага інстытута Аляксандр Разаронаў і Вадзім Гаршын пасля развалу Савецкага Саюза. З гадамі іх дзецішча ператварылася са звычайнага дылера імпартнага абсталявання ў холдынг па абуладкаванні расійскіх прамысловых прадпрыемстваў сучаснай тэхнікай пад ключ.
У бізнэс-біяграфіі «ОСТЕК» – пастаўкі японскага абсталявання для каломенскага прадпрыемства «Канструктарскае бюро машынабудавання», якое распрацавала ракетныя комплексы «Кропка-У» і «Іскандэр-М». Цяпер такую зброю Расія ўжывае супраць Украіны.
Акрамя таго, у паслужным спісе расійскай групы кампаній – пастаўкі карэйскага, нямецкага і італьянскага абсталявання для Разанскага радыёзавода. Дзяржпрадпрыемства з’яўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў сродкаў радыёсувязі для Мінабароны Расіі. Там таксама робяць камандна-штабныя машыны для МУС і Расгвардыі. У канцы 2019 года «ОСТЕК» абнавіла цэлы цэх на гэтым прадпрыемстве – стварыла «разумныя працоўныя месцы» для 66 супрацоўнікаў. А на фоне вайны ва Украіне радыёзавод перайшоў на працу ў тры змены.
«ОСТЕК» адзначылася і ў мадэрнізацыі карпусоў расійскай карпарацыі «Камета». Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну гэтае прадпрыемства трапіла пад санкцыі Еўрасаюза як распрацоўшчык разведвальных сістэм, рэактыўнай зброі і ракетных комплексаў для расійскага войска.
Такім чынам, бізнэс расіян Аляксандра Разаронава і Вадзіма Гаршына вырас у дзясятак кампаній, якія актыўна працуюць на расійскую ваенную прамысловасць.
Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы фірмам з беларускімі каранямі, праз якія «ОСТЕК» увозіла сучасную тэхніку для вытворчасці электронных кампанентаў у Расію.
Беларускія карані расійскіх паставак
Ключавы пастаўшчык грузу для «ОСТЕК» – на першы погляд польская фірма Inter-Trans. Яна размяшчаецца ў Седльцэ, недалёка ад беларускай мяжы, і цалкам падкантрольная нямецкай кампаніі BMA Spedition. З сярэдзіны 90-х гэтая лагістычная кампанія спецыялізуецца на дастаўцы грузаў з ЕС у краіны СНД.
Асноўным уладальнікам BMA Spedition да нядаўняга часу быў беларускі бізнэсовец Яўген Касцюк з доляй у 76%. Яшчэ 13,85% належала прадпрыемству «БелМагістральАўтаТранс», якое падкантрольнае беларускаму ўраду. Cам Яўген Касцюк быў дырэктарам «БелМагістральАўтаТранс».
Бізнэс квітнеў. У 2021 і 2022 гадах кампаніі з групы «ОСТЕК» увезлі ў Расію абсталяванне для вытворчасці паўправаднікоў і мікрасхем коштам больша за 20 мільёнаў долараў, вынікае з мытных дадзеных. З гэтай колькасці больш 8 мільёнаў долараў – пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Такое абсталяванне можа быць выкарыстанае ў ваеннай прамысловасці. Краінай яго паходжання ў мытных дэкларацыях пазначаны краіны ЕС, Японія, Паўднёвая Карэя, Сінгапур, ЗША.
Сінгапур і Паўднёвая Карэя абмежавалі пастаўкі тавараў вайсковага і падвойнага прызначэння ў Расію яшчэ ў сакавіку 2022 года. Але ў 2023 годзе санкцыі сталі маштабнейшымі. У студзені Японія абмежавала экспарт тавараў падвойнага прызначэння ў Расію. У лютым ЕС і ЗША забаранілі вывозіць у Расію абсталяванне для выпуску паўправаднікоў і мікрасхем, а ў траўні ўрад ЗША накладвае санкцыі яшчэ і на групу кампаній «ОСТЕК» і яе бенефіцыяраў Аляксандра Разаронава і Вадзіма Гаршына.
У прэс-рэлізе амерыканскі Мінфін заявіў, што «ОСТЕК» пастаўляюць замежную мікраэлектроніку і вытворчае абсталяванне для расійскага абаронна-прамысловага комплексу.
У чорны спіс патрапілі таксама Inter-Trans, BMA Spedition і іх бенефіцыяр Яўген Касцюк як еўрапейскія саўдзельнікі групы кампаній «ОСТЕК». Яны ажыццявілі сотні паставак электронных кампанентаў і іншых тавараў, прызначаных для групы кампаній «ОСТЕК», у тым ліку з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну, аргументаваў санкцыі амерыканскі ўрад.
«Усе пастаўкі былі афіцыйнымі, з дазволу нямецкага, польскага, італьянскага бакоў. Проста адзін з канечных атрымальнікаў абсталявання трапіў у санкцыйны спіс, і мы разам з ім як транспартная кампанія ў гэтым ланцужку паставак. Гэтае лайно здарылася не па нашай віне. Мы не зрабілі нічога супрацьзаконнага», – сказаў «Бюро» прадстаўнік BMA Spedition, які адмовіўся назваць сваё імя.
Пры гэтым, як мы высветлілі дзякуючы OCCRP, пасля ўвядзення амерыканскіх санкцый нямецкая кампанія прадбачліва змяніла ўладальнікаў. Яўген Касцюк перадаў сваю долю ў BMA Spedition жонцы і дачцэ, а «БелМагістральАўтаТранс» выйшла з ліку ўладальнікаў. А нядаўна кампанія змяніла і назву на TRANS-BRIDGE Logistics.
Замена асабовага складу
Але і пасля ўвядзення маштабных санкцый пастаўкі для «ОСТЕК» працягнуліся. ЕС забараніў вывозіць абсталяванне для выпуску паўправаднікоў і мікрасхем у Беларусь толькі ў жніўні мінулага года. Пакуль гэтыя абмежаванні не дзейнічалі, «ОСТЕК» вазіла сучасную тэхніку ў Расію праз іншыя кампаніі. Давайце прыгледзімся да іх бліжэй.
Паводле падлікаў праекта Castellum.Ai, супраць Беларусі ўведзена абмежаванняў у 12 разоў менш, чым супраць Расіі – крыху больш за 1,4 тысячы санкцый.
Пры гэтым Расія і Беларусь утвараюць адзіную эканамічную прастору, таму тавар, увезены ў Беларусь, бесперашкодна апынаецца ў Расіі. Гэтым пралазам карыстаюцца расійскія і беларускія імпарцёры. Гэта добра паказала нашае папярэдняе расследаванне пра тое, як еўрапейскія люксавыя аўтамабілі трапляюць у Расію праз Беларусь у абыход санкцый.
Прамысловая зона на ўскраіне Мінска. Усяго за два кіламетры ад мінскай кальцавой аўтадарогі і за пятнаццаць ад трасы на Маскву размясціўся офіс непрыкметнай фірмы «Тэфіда». Больш за дзесяць гадоў яна гандлюе запчасткамі для дарожна-будаўнічай тэхнікі, але вайна ва Украіне адкрыла новыя магчымасці.
Згодна з мытнымі дадзенымі, з сакавіка па жнівень 2023 года беларуская кампанія «Тэфіда» па даручэнні казахстанскай кампаніі «КБР-Тэхналогіі» паставіла для групы «ОСТЕК» і звязаных з ёй кампаній абсталяванне для вытворчасці электронных кампанентаў коштам у 5 мільёнаў долараў. Была там і тэхніка нямецкай ERSA, чэшскай PBT, сінгапурскай NUTEK.
Да прыкладу, у мытнай дэкларацыі мы знайшлі рабочую станцыю NUTEK NTM 530WSL 1000 і аўтаматычную машыну Nutek NTM 410L 500. Менавіта такія мадэлі «ОСТЕК-СМТ» павінна паставіць маскоўскаму інстытуту хіміі і механікі па кантракце ў межах мадэрнізацыі вытворчасці.
У 2022 годзе «Тэфіда» па даручэнні казахстанскай кампаніі «КБР-Тэхналогіі» ужо дастаўляла абсталяванне для «ОСТЕК», але аб'ёмы былі нашмат меншыя — усяго шэсць партый на 700 тысяч долараў.
Хто ж стаіць за гэтымі пастаўшчыкамі абсталявання? Валодае «Тэфідай» беларуска Марына Космач, а кіруе кампаніяй яе брат – Аляксандр Шыбко. А казахская кампанія «КБР-Тэхналогіі» з’явілася ў Петрапаўлаўску неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне – у траўні 2022 года.
Кампанія не мае ні сайта, ні электроннай пошты, ні тэлефонаў. Але дзякуючы нашым калегам з казахскага выдання «Власть» атрымалася даведацца, што «КБР-Тэхналогіі» звязаная з ключавой уладальніцай BMA Spedition Вольгай Хетых.
Вольга Хетых – дачка экс-дырэктара беларускага дзяржаўнага прадпрыемства «БелМагістральАўтаТранс» і былога галоўнага бенефіцыяра Inter-Trans Яўгена Касцюка. Таго самага, які забяспечваў еўрапейскай тэхнікай расійскую кампанію «ОСТЕК», пакуль яго не спасціглі санкцыі. Кола замкнулася.
Глядзіце, як выглядае гэтая сувязь. Вольга Хетых – асноўная ўладальніца смаленскай кампаніі «Міртранс». У Казахстане гэтая фірма заснавала даччынае прадпрыемства «КБР-Транс». Кампаніяй кіруе нехта Жанат Ібраеў. Ён жа з’яўляецца сузаснавальнікам «КБР-Тэхналогій».
І яшчэ адзін цікавы факт. Офіс «КБР-Транс» размешчаны па адрасе, на які зарэгістраванае даменнае імя кампаніі «КБР-СМТ». Але такой фірмы мы не знайшлі ў казахстанскім рэестры. Затое інфармацыя пра яе ёсць на сайце еўрапейскага офіса NUTEK. «КБР-СМТ» пазначаная там як казахскі дылер сінгапурскай кампаніі.
Менавіта абсталяванне NUTEK па даручэнні «КБР-Тэхналогій» ішло ў Расію ў абыход санкцый.
Удзел кампаніі «КБР-Тэхналогіі» ў гэтым ланцужку не выпадковы. Рэч у тым, што Казахстан не падпадае пад заходнія санкцыі. Каб адвесці падазрэнні еўрапейскіх мытных органаў, пастаўшчыкі афармляюць тавар на кампанію, як у гэтым выпадку, з Петрапаўлаўска, але ён туды не даязджае, а ідзе праз Мінск і разгружаецца ў выніку ў Маскве.
Такая схема называецца лжывым транзітам. Літоўская мытня не раз лавіла санкцыйныя грузы, якія дастаўляліся такім чынам у Расію.
З каго патрабаваць?
Вытворцы PBT і ERSA адмаўляюць пастаўкі іх абсталявання ў Расію ў абыход санкцый. Нямецкае прадпрыемства запэўніла, што пасля пачатку вайны ва Украіне анулявала ўсе замовы з Расіі і неадкладна спыніла пастаўкі.
«Мы спынілі гэты бізнэс, разумеючы, што пакідаем некаторых добрых кліентаў і губляем добры абарот», – напісаў нам выканаўчы віцэ-прэзідэнт ERSA GmbH Райнер Краус.
Аднак, паводле яго слоў, цяпер пяць кітайскіх вытворцаў капіююць абсталяванне ERSA, і гэтыя станкі трапляюць у Расію рознымі транзітнымі шляхамі.
«У пачатку кастрычніка [2023 года], калі я наведаў выставу Nepcon у Шэньчжэні, кітайскія вытворцы былі ў захапленні ад бліскучага бізнэсу з Расіяй. Рынак акупавалі кітайскія вытворцы», – расказаў Краус.
У кампаніі NUTEK не адказалі на запыт. У BMA Spedition адмовіліся звязаць з Вольгай Хетых. Адвакат забараніў даваць каментары СМІ, пакуль ідзе разбор наконт санкцый. Кіраўнік «ОСТЕК-СМТ» Яўген Ліпкін не адказаў на званкі і запыт. Кіраўнік «КБР-Транс» і саўладальнік «КБР-Тэхналогіі» Жанат Ібраеў адмовіўся ад каментароў.
Уладальніца «Тэфіды» Марына Космач пагадзілася з намі сустрэцца. Пасле пратэстаў 2020 года ў Беларусі яна пакінула радзіму з-за пагрозы крымінальнага пераследу і атрымала статус бежанца ў Літве. Яна расказала «Бюро», што не ў курсе, чым займаецца кампанія.
«Вы для мяне адкрылі Амерыку», – сказала Космач наконт паставак абсталявання ў Расію. Паводле яе слоў, яна застаецца намінальнай уладальніцай кампаніі, але бізнэсам кіруе яе брат.
Мы датэлефанаваліся да Аляксандра Шыбко. Ён спачатку адмаўляў, што «Тэфіда» займалася пастаўкамі санкцыйнага абсталявання ў Расію, але пасля паведаміў, што кампанія мела справу з абсталяваннем.
«Я накладных ні на якую санкцыёнку не падпісваў, афармлялі ў мытні яны таксама самі. Мы проста з’явіліся складам часовага захоўвання. Мы нічога не пастаўлялі», – сказаў Шыбко.
Але ў нашым распараджэнні ёсць дакументы, згодна з якімі «КБР-Тэхналогіі» ўпаўнаважвалі «Тэфіду» не толькі на захоўванне груза ў Беларусі, але і на яго дастаўку ў Расію. За свае паслугі «Тэфіда» атрымала ад «КБР-Тэхналогій» больш за 82 тысячы еўра.
Пакуль заходняе абсталяванне ішло ў Расію, украінскія вайскоўцы збівалі расійскія дроны «Арыён» і «Фарпост». На некаторых фота відаць, што да іх былі падвешаныя авіябомбы, распрацаваныя ў маскоўскім інстытуце хіміі і механікі. Гэта не адзінае ваенна-прамысловае прадпрыемства, якое група кампаній «ОСТЕК» абуладкоўвала сучасным абсталяваннем, у тым ліку з дапамогай беларускіх пасярэднікаў.
«Дроны «Фарпост» і «Арыён» – гэта цэлі, якія здольныя збіць нашыя СПА, таму цяпер Расія іх рэдка ўжывае. Але відавочна, што тыя краіны, якія супрацоўнічаюць з агрэсарам, будуць пастаўляць ім зброю, боепрыпасы, амуніцыю. Расіі не хапае сваіх запасаў, а рэжым Лукашэнкі сядзіць на кручку ў Пуціна», – зазначыў спікер Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны Юрый Ігнат.
У пачатку вайны рэжым Лукашэнкі даў у карыстанне тэрыторыю Беларусі для поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. З-за гэтага стала магчымай акупацыя Бучы, дзе расійскія вайскоўцы масава забівалі мірных жыхароў.
Аляксандр Лукашэнка не раз запэўніваў, што беларускія салдаты не ўвойдуць на тэрыторыю Украіны. Але, як бачым, у нас у краіне дзейнічаюць салдаты іншага кшталту. Падчас вайны яны дапамагаюць абуладкоўваць расійскую вайсковую машыну сучасным абсталяваннем.
Згодна з мытнымі дадзенымі, летась Расія ўвезла праз Беларусь тавараў падвойнага прызначэння з высокай рызыкай выкарыстання ў ваеннай прамысловасці коштам больш як 27 мільёнаў долараў.
Читайте еще
Избранное