Общество

Крыніцы: судзяць падпалкоўніка, які мог быць звязаны са злівамі размоваў высокапастаўленых чыноўнікаў

Як стала вядома Нашай Ніве, у Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме пачалі разглядаць справу ў дачыненні да падпалкоўніка галоўнага разведвальнага ўпраўлення міністэрства абароны Дзмітрыя Самсонава.

Яго вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Самсонава затрымалі яшчэ ў 2020-м.

Гэта ч. 1 арт. 356 «Дзяржаўная здрада», ч. 1 арт. 375 «Мэтанакіраванае разгалошванне службовай таямніцы» і ч. 2 арт. 235 «Адмыванне» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам». Максімальны тэрмін пакарання па артыкуле «Дзяржаўная здрада» — 15 год пазбаўлення волі.

Самсонаў, як вядома «Нашай Ніве», да восені 2020-га быў супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення ваеннай разведкі Мінабароны ў званні падпалкоўніка. Ён служыў у сакрэтнай частцы 15738. Гэтае ўпраўленне, апроч іншага, мае доступ да матэрыялаў, атрыманых КДБ, у тым ліку праслуховак.

Крыніцы «Нашай Нівы» лічаць, што Самсонаў мог быць датычны да гучных зліваў перамоваў Эйсмант, Шакуты і Баскава восенню 2020-га.

Родныя Самсонава не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць гэтую тэорыю.

– Затрымалі яго ўжо як год. Ці звязана гэта з палітычнымі падзеямі? Магчыма, магчыма, я магу ўявіць, але дакладна нічога не магу вам сказаць, мне нічога не кажуць, усё сакрэтна, — менавіта так адказала «Нашай Ніве» яго жонка на пытанне аб мужы.

Нагадаем, пасля справы са злівамі размоваў Эйсмант, Баскава і Шакуты, затрымалі падпалкоўніка КДБ Аляксандра Храловіча.

Па версіі беларускіх уладаў, Храловіч атрымаў злівы нібыта спецыяльна інсцэніраванных перамоваў паміж Эйсмант і астатнімі. Пра гэта быў таксама зняты фільм на АНТ «Манкурты».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(25)