Скандалы

Крыніцы: Крымінальнага аўтарытэта, які з нажом аказваў супраціў, адпусцілі. Імаверна, без крымінальнай справы

Інфармацыйныя рэсурсы МУС 19 лютага паведамлялі аб затрыманні «злодзея ў законе» Аляксандра Кушнярова («Кушнера»), які «дастаў нож і паспрабаваў адбіцца ад супрацоўніка спецпадраздзялення», піша Наша Ніва.

Разам з ім затрымалі яшчэ двух чалавек з Расіі. Паведамлялася, што ў іх знайшлі рэчы, падобныя да псіхатропаў.

«Усе трое знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Па фактах узброенага супраціву і незаконнага абароту наркотыкаў праводзіцца праверка, па выніках якой будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням», — рэзюмавала міліцыя.

Кушняроў — кілер гомельскай банды «марозаўцаў». Яму 54 гады.

Сядзеў за крадзежы ў 1984-1992. Пасля вызвалення ўступіў у банду «марозаўцаў». Праз некалькі гадоў зноў арыштаваны, у 1995 годзе яго прысудзілі да смяротнага пакарання за забойствы. Потым суд замяніў прысуд на 15 год турмы, а ў выніку Кушняроў па амністыі выйшаў яшчэ раней, у 2008 годзе, і пачаў сцвярджацца ў крымінальным свеце Беларусі. Апроч таго, сядзеў у 2011, у 2012-2014.

Дык чым скончылася гісторыя з затрыманнем? Як стала вядома «Нашай Ніве» ад дзвюх не звязаных між сабой крыніц, Кушняроў цяпер знаходзіцца на свабодзе, крымінальныя справы супраць яго заведзены не былі.

Інфармацыю спраўдзіць у сілавікоў не ўдалося, таму што ні Следчы камітэт, ні МУС не адказалі на запыты.

«Кушнярову далі суткі і ўжо выпусцілі. Ну яшчэ палкамі пабілі троху. Яго ж бралі не па форме, ён падумаў, што бандыты — ну а як адрозніш? Яго ж нядаўна моцна пабілі «канкурэнты», вось ён і патлумачыў: дастаў нож, бо думаў, што зноў напалі», — сказала знаёмая з сітуацыяй крыніца.

Сапраўды, па звестках сайта «Прайм Крайм», нядаўна Кушнярова пабілі жалезнымі прутамі, калі ён выгульваў з жонкай сабаку. Прычынай разборак стаў статус «злодзея», які актыўна аспрэчваюць іншыя «аўтарытэты».

Нагадаем, што беларусы працягваюць атрымліваць драконаўскія тэрміны па абвінавачаннях, напрыклад, у зрыве балаклавы з сілавіка. Так, грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ атрымала за гэта 2,5 года калоніі.

Раней цяперашні намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў ужо казаў, што «прадстаўнікі класічнага крыміналітэту цяпер не проста трымаюць нейкі нейтралітэт. Яны нават вядуць больш законапаслухмяны лад жыцця на фоне экстрэмістаў з апазіцыі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(20)