Коктейль

Сямён Печанко

Кромань. Восем восеньскіх фота пушчанскага возера

Добры варыянт для падарожжа выхаднога дня.

Ад Мінска да возера Кромань каля ста кіламетраў. Добры варыянт адпачынку ў выхадныя дні. Знаходзіцца ў Стаўбцоўскім раёне, на поўдні Налібоцкай пушчы.

Тут ёсць дзе спыніцца — мясцовы турыстычны комплекс прапануе дзясятак мінікатэджаў. Рыбалка на Кромані платная. Зрэшты, сюды можна прыехаць на дзень, каб адпачыць ад гарадскога тлуму.

Возера размешчана ў прыродаахоўнай зоне Налібацкага ландшафтнага заказніка. Адпаведна, ставіць намёты, разводзіць вогнішчы, паркаваць аўтамабілі можна толькі ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, нагадвае Planetabelarus.by.

Лічыцца, што гідронім Кромань кельцкага паходжання, паведамляе Блог Налібацкага краю. У кельцкіх мовах, напрыклад у брэтонскай, слова crom — гэта круг, акружнасць, а cro — закрытае месца. І сапраўды, возера Кромань авальнай формы і схаванае ад вачэй густымі лясамі.

Гэтае імя сугучнае славянскаму словазлучэнню «зацішнае месца», ці «глухмень». Паводле іншай версіі, назва возера — балцкая, паходзіць ад kramtyti — «грызці» (чалавек грызе цвёрдую ежу, хвароба грызе цела, камары грызуць-кусаюць).

Трошкі лічбаў. Плошча паверхні Кромані складае 0,92 км². Даўжыня 1,2 км, найбольшая шырыня 1,1 км. Даўжыня берагавой лініі 5,49 км. Найбольшая глыбіня 26,5 м, сярэдняя 13,2 м.

І бонусам парада пра тое, як найлепш дабірацца да Кромані з Мінска. І яшчэ колькі падарожных фотаздымкаў. Можна параіць выезд па трасе М6 — да вёскі Перашаі, далей шлях на Івянец, і праз Дзераўную да Кромані.

Першаі

Івянец, касцёл Святога Міхаіла Арханёла, узор віленскага барока пачатку XVIII ст.

Па дарозе можна завітаць у Налібакі, пра якія «Салідарнасць» пісала пяць год таму.

Шчорсы

Ад Кромані дарога вядзе да храптовічаўскіх Шчорсаў. А там ужо і да Любчы з Навагрудкам рукой падаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)